Рознабаковае развіццё дзяцей — шлях да поспеху ў будучыні

- 10:54Дашкольная адукацыя

З кожным годам жыццё прад’яўляе ўсё больш высокія патрабаванні не толькі да нас, дарослых, але і да дзяцей: няўхільна расце аб’ём ведаў, якія ім трэба засвоіць, і гэты працэс павінен быць не механічным, а асэнсаваным. Цяпер патрэбны людзі, якія ўмеюць прымаць нестандартныя рашэнні, творча думаць, таму мы ў нашай дашкольнай установе — яслях-садзе № 11 Рагачова — выкарыстоўваем творчы падыход да засваення дзецьмі ведаў, розныя формы работы з выхаванцамі, якія падтрымліваюць іх цікавасць да навучання і развіцця.

Мы стараемся дапамагчы кожнаму малому раскрыцца, а яго бацькам — убачыць увесь спектр магчымасцей і нават сферу будучых інтарэсаў іх дзяцей. Гэта магчыма дзякуючы арганізацыі адукацыйных паслуг звыш базавага кампанента на платнай аснове, а менавіта заняткаў для душы і фарміравання правільнай самаацэнкі ў дзіцяці. Так, у гэтым навучальным годзе ў нашым садзе былі адкрыты адукацыйныя паслугі па харэаграфіі, дзіцячым ручным ткацтве, англійскай мове. Ахоплена такімі паслугамі 74% выхаванцаў сярэдніх і старшых груп.Заняткі праводзяцца з улікам стану здароўя выхаванцаў. Іх працягласць не павінна перавышаць 30 хвілін. Напаўняльнасць груп — не больш за 12 выхаванцаў. У групах з працягласцю знаходжання малых 10,5—12 гадзін заняткі праводзяцца пасля дзённага сну не больш за два разы на тыдзень для выхаванцаў 4—5-гадовага ўзросту і не больш за тры разы на тыдзень для выхаванцаў 5—7-гадовага ўзросту. Заняткі, у якіх пераважае статычны кампанент, павінны праводзіцца не больш за 2 разы на тыдзень. Пры наведванні выхаванцам некалькіх заняткаў з перавагай статычнага кампанента яны павінны чаргавацца з заняткамі дынамічнага характару.
Заняткі з дзецьмі ў дзіцячым садку пабудаваны ў гульнявой форме і не стомныя для дашкольнікаў. Займаючыся дзіцячым ручным ткацтвам, малыя асвойваюць розныя тэхнікі пляцення і аплікацыі, вучацца працаваць з рознымі матэрыяламі, камбінаваць іх, развіваюць свае творчыя і інтэлектуальныя здольнасці. Ткацтва спрыяе развіццю ўвагі, памяці, мыслення і трэніроўцы дробнай маторыкі, каардынацыі рухаў, рыхтуе рукі да пісьма.
Заняткі танцамі спрыяюць актыўнаму развіццю музычнага слыху дзіцяці, фарміраванню першых танцавальных навыкаў, развіццю каардынацыі рухаў, а таксама раскрыццю мноства іншых талентаў. Дзякуючы танцам, дзіця можа прымяраць на сябе вобразы розных персанажаў, выяўляць сябе ў танцы, удзельнічаць у канцэртах, выступаць на святах. Дзеці таксама развіваюць камунікатыўныя здольнасці, маўленне, міміку. Музыка і танцы дораць ім станоўчыя эмоцыі.
Дарослы, які пастаянна шукае таленавітых дзяцей, часам нагадвае садоўніка, які раз-пораз вымярае вышыню сцёблаў і памер бутонаў. Аднак дзецям патрэбна сапраўдная дапамога і падтрымка дарослых, а не вымярэнне іх здольнасцей “па стужачцы”. Работу з дзецьмі ў нашым калектыве вядуць самыя дасведчаныя, высокакваліфікаваныя педагогі: музычныя кіраўнікі Т.Б.Самарай і Н.Ю.Заплешнікава, а таксама выхавальнікі Я.А.Ермакова, Я.А.Семянцова, Я.А.Мажэйка, А.С.Кругаль. Нашы педагогі праводзяць кансультаванне для калег і самі наведваюць майстар-класы і прэзентацыі лепшага педагагічнага вопыту.
Узровень прафесійнай падрыхтоўкі педагога вызначаецца па наступных крытэрыях: схільнасць педагога да творчай дзейнасці; уменне забяспечыць аптымальныя ўмовы развіцця ўсім дзецям групы; наяўнасць у зносінах педагога з дзіцем тактыкі супрацоўніцтва; гатоўнасць педагога да работы з дзецьмі; наяўнасць у педагога спецыяльных здольнасцей і навыкаў, якія дазваляюць яму зацікаўліваць дзяцей пэўным відам дзейнасці.Выбар адукацыйнай паслугі для дашкольніка — гэта вялікая адказнасць бацькоў, паколькі інтарэсы дзіцяці, яго моцныя і слабыя бакі ў многім вызначаюць выбар яго далейшага шляху. Бацькі перш за ўсё павінны дапамагчы сваім дзецям усвядоміць інтарэсы, схільнасці і запаветныя жаданні. Толькі пасля давернай размовы з дзіцем можна выбіраць для яго адукацыйныя паслугі. Мы прапаноўваем схадзіць на першыя заняткі разам з сынам ці дачкой, а затым разабрацца, ці хоча дзіця гэтым займацца, што яму дадуць гэтыя заняткі. Стараемся данесці да бацькоў прынцыпы навучання дашкольнікаў: вучэнне без прымусу (заняткі маюць станоўчую эмацыянальную афарбоўку); вучэнне з захапленнем; вучэнне ў гульні; стварэнне духу камунікатыўнасці; рух ад простага да складанага.
Мы прыцягваем бацькоў да ўдзелу ў жыцці дзіцячага садка, супрацоўнічаем з імі, павышаем іх узровень псіхолага-педагагічнай культуры. Праводзім для іх бацькоўскія сходы, кансультацыі, запрашаем на індывідуальныя гутаркі, выставы, прапаноўваем выступіць на святах.
Немалаважнае значэнне мае наглядна-інфармацыйная асвета бацькоў: ствараем памяткі, рэкамендацыі для бацькоў, афармляем выставы дзіцячых работ у кутках для бацькоў.
На працягу года педагог-псіхолаг праводзіць анкетаванне бацькоў з мэтай убачыць праблемы, знайсці шляхі вырашэння, вызначыць задаволенасць якасцю адукацыйных паслуг. Стаўленне бацькоў да педагогаў адчувальна і падчас выступленняў выхаванцаў на святах, ранішніках. Мы праводзім таксама справаздачныя канцэрты, каб парадаваць і дзяцей, і бацькоў: дзеці любяць выступаць, а бацькі з цікавасцю назіраюць за іх дасягненнямі на святах і забаўках.
Усе дзеці нараджаюцца, каб быць паспяховымі. Адзінае, у чым яны маюць патрэбу, — гэта ў развіцці сваіх талентаў. Вера рухае горы, вера ў дзяцей можа падняць іх на такія вышыні, пра якія ім цяжка нават здагадацца. Кожны дзень можна збіраць вялікі ўраджай дзіцячых поспехаў.
Дапамога дарослых заключаецца ў тым, каб навучыць дзіця тварыць. Самая вялікая ўзнагарода для педагога, калі ён бачыць вынікі сваёй працы. Нашы таленавітыя дзеці прымаюць актыўны ўдзел у агульнагарадскіх мерапрыемствах, перамагаюць у конкурсах “Выконваем законы дарог”, “Ратавальнікі вачыма дзяцей”, іх работы выстаўляюцца на гарадскіх выставах. Наша выхаванка Паліна Казакевіч у 2014 годзе выступала за Гомельскае абласное ўпраўленне МНС з песняй “Дзеля жыцця на зямлі” і заняла ганаровае 2 месца ў дзіцячай намінацыі “Песня пра героіку прафесіі ратавальнікаў-пажарных”. У гэтым годзе цяпер ужо наша выпускніца Паліна Казакевіч стала ўладальніцай спецыяльнага прыза IX Міжнароднага фестывалю юных талентаў “Зямля пад белымі крыламі”, які прайшоў у Мазыры. Як прыемна сустракаць сваіх таленавітых выхаванцаў, якія ўжо вучацца ў школе, на агульнагарадскіх мерапрыемствах, канцэртах, бачыць, што набытыя ў дзіцячым садку веды спатрэбіліся ім у жыцці.

Ларыса ЛІСІЦЫНА,
намеснік загадчыка ясляў-сада № 11 Рагачова.