Гурткі дапамагаюць выхоўваць

Флэш-семінар “Аматарскія аб’яднанні па інтарэсах як адна з форм правядзення вольнага часу навучэнцаў” адбыўся на базе Варнянскага ясляў-сада — сярэдняй школы.

З распаўсюджваннем сеткі інтэрнэт дзеці атрымалі доступ да розных крыніц інфармацыі, магчымасці праводзіць вольны час у віртуальнай прасторы. Разам з тым гэта прывяло да недахопу жывых зносін. Выявілася новая патрэба — пошук новых сустрэч, мерапрыемстваў. Адным з такіх рэсурсаў валодаюць аб’яднанні па інтарэсах.

У нашай школе працуюць 16 гурткоў рознай накіраванасці: фізкультурна-спартыўныя, эколага-біялагічныя, мастацка-эстэтычныя, сацыяльна-педагагічныя, турыстычна-краязнаўчыя, гісторыка-патрыятычныя. Заняткі ў кожным з іх з’яўляюцца ўмовай для асобаснага росту навучэнцаў, аказваюць вялікую дапамогу ў развіцці творчых і індывідуальных здольнасцей дзяцей, а таксама ў прафілактыцы правапарушэнняў. Гурткі і секцыі — гэта змена віду дзейнасці (разумовай — на фізічную або творчую), гэта годны спосаб арганізацыі вольнага часу дзіцяці.

У рабоце семінара па гэтай тэматыцы прынялі ўдзел намеснікі дырэктараў па выхаваўчай рабоце, метадысты ЦТДіМ, кіраўнік аб’яднання “Юны ратавальнік-пажарны”. Госці наведалі заняткі кожнай накіраванасці, змаглі прыняць удзел у сумеснай дзейнасці з навучэнцамі. У тэарэтычнай частцы разглядалі пытанні аб узаемадзеянні ўстаноў адукацыі з грамадскімі арганізацыямі ў рабоце аб’яднанняў па інтарэсах. Вялікая ўвага была ўдзелена вывучэнню пытання аб выкарыстанні актыўных форм дзейнасці на занятках.

Алена СІДОРАНКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Варнянскага ясляў-сада — сярэдняй школы
Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *