І горача, і холадна…

- 11:13Культура, Рознае

Даўно на маёй памяці не было такой канцэнтрацыі культурна-спартыўных падзей на некалькі майскіх дзён. Але такое адбылося.

Наш Ivan у Стакгольме з трэскам выляцеў з “Еўрабачання”, пакінуўшы “на памяць” беларусам… не будзем успамінаць што. Скажам мякка: непрыемнае адчуванне. Асабліва пасля перамог на гэтым конкурсе (у дзіцячай катэгорыі) нашых бліскучых юных зорак Ксеніі Сітнік і Аляксея Жыгалковіча, годных выступленняў Тэа і Дзмітрыя Калдуна… Было ж, было.

Нашы хакеісты ў Санкт-Пецярбургу прайгралі венграм 2:5, хаця выйгравалі ў іх раней проста і міласэрна. А 14 мая яны гулялі не тое што дрэнна. А — ніяк. Кідалі гэтую бедную шайбу адно аднаму амаль без кідкоў па варотах венграў, уляталі-ўпаўзалі на спіне ў свае пустыя вароты ўслед за прапушчанай пятай шайбай… Зноў жа, пасля феерычнай валявой перамогі над славакамі ў пазаўчарашняй гульні. Было ж, было.

Якое наша жыццё непрадказальнае на міжнародных конкурсах і чэмпіянатах! Не ўсё могуць Віктары Дробышы і Дэйвы Льюісы. А, можа, варта, нарэшце, “замяніць” іх на нашых?

Але ў адрозненне ад Ivan’а, мне нашых хакеістаў усё ж шкада. Яны не крыўляліся, яны не паказвалі нам голых азадкаў. Яны змагаліся як маглі. У суровай мужчынскай гульні — хакеі. Але ў іх проста не атрымалася, нешта там не сышлося. Вялікая мядзведзіца кінула з небасхілу шайбу венграм… “Дурны сон, сябры, гэта проста нейкі дурны сон!” — не раз сказаў падчас каменціравання гульні нашых з венграмі каментатар. Я з ім згодзен.

А на гэтым халодным фоне бліскуча прайшлі фіналы нашых двух родных конкурсаў — Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды” і Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі”.

Было нам і горача, і холадна гэтымі днямі.

І проста цешылася, гаілася пасля ўдараў са Стакгольма і Санкт-Пецярбурга сэрца, калі глядзеў на нашы конкурсы.

“У мяне такое адчуванне, што я жыву ўжо два дні тут, у Палацы спорту, — сказаў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў перад тым, як уручаць узнагароды пераможцам “АРТ-вакацый”. — “АРТ-вакацыі” — гэта такая добрая тлустая кропка ў нашым такім прыгожым творчым марафоне: “Млын моды”, Універсітэцкая субота, фінал “АРТ-вакацый”… Але гэта не фінішная кропка. Гэта як у матэматыцы, дзе відавочнае бывае неверагодным, гэта кропка — як коска. І мы сёння яскрава бачым, што студэнцтва — гэта суцэльны крэатыў, што студэнцкія гады трэба пражыць так, каб пасля з прыемнасцю ўспамінаць пра іх і хацець вярнуцца ў іх, у сваю шчымліва светлую і прыгожую студэнцкую маладосць. І “АРТ-вакацыі” — гэта якраз магчымасць для студэнцкай моладзі паказаць свае таленты, прадэманстраваць усё, што ты ўмееш, і засведчыць, што ты не толькі набываеш спецыяльнасць, але ты і проста цікавая асоба, якая жыве насычаным жыццём. Я вельмі спадзяюся, што ўсе прысутныя ў зале — пераможцы і не пераможцы — атрымліваюць сапраўднае задавальненне ад гэтага вялікага свята, якое адбываецца сёння. Усім вам шчасця і маленькай… Не, не маленькай, а вялікай-вялікай удачы па жыцці, якая разам з працавітасцю дапаможа вам здзейсніць усе вашы мары!”

Гала-канцэрт пераможцаў Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі” насамрэч не пакінуў нікога раўнадушным. На сцэне сталічнага Палаца спорту наяве ўвасобіўся дэвіз гэтага сёлетняга форуму: “Новы фармат творчасці — у новых магчымасцях часу”.

А напярэдадні, як ужо здагадаўся чытач, Палац спорту разам з Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі былі двухдзённымі пляцоўкамі для іншай, не менш глабальнай беларускай маладзёжнай дзеі — фінальных мерапрыемстваў ХХV Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды”.

І тут варта больш уважліва ўгледзецца ў гэтую рымскую лічбу — ХХV. Конкурс сёлета юбілейны, дваццаць пяты. І 5 з гэтых 25 разоў ён праводзіцца пад патранажам нашага Міністэрства адукацыі і Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, а канкрэтна — загадчыка аддзела моды і дызайну НЦМТДіМ члена Беларускага саюза дызайнераў Святланы Гнядзёнак і яе намесніка кіраўніка подыум-школы НЦМТДіМ Fashion Style Ігара Іванова.

Юбілей — час для падвядзення высноў. Паспрабуем іх тут падвесці.

Па-першае, і гэта падкрэсліў на адкрыцці гала-прадстаўлення — паказу лепшых калекцый сёлетняга “Млына моды” гасцявых калекцый з Мінска, Мілана, Масквы, Вільнюса, Кракава, Рыгі, Рыма міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, з моманту ўзяцця “Млына моды” пад сваё крыло Міністэрствам адукацыі гэты форум набыў выразны адукацыйны характар. Дакладней, культурна-адукацыйны. Гэта не пустыя словы. Удзельнікі “Млына моды” на працягу года, з аднаго конкурсу да другога, удзельнічаюць у вучэбных семінарах, наведваюць лекцыі, майстар-класы, спецыяльныя трэнінгы для дызайнераў, фатографаў, цырульнікаў і мадэлей. Самыя паспяховыя з удзельнікаў выязджаюць на стажыроўкі. Вось далёка няпоўны пералік гэтых адрасоў: Парыж, Мілан, Масква, Кракаў, Рыга…

Па-другое, было б несправядліва ў сувязі з гэтым не згадаць і пра тое, што “Млын моды” за мінулыя гады хораша ўпісаўся ў агульную культурную палітру нашай краіны: фіналісты і прызёры конкурсу прымалі ўдзел у святочным канцэрце “Разам у новы дзень” з нагоды ўступлення зноў выбранага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі на пасаду, у цырымоніях адкрыцця і закрыцця ХХІІ Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”, у паказах калекцый у рамках Рэспубліканскай выставы канцэрна “Беллегпрам”, у Bolshoy Fashion Market (BFM) y Беларусі, у Ночы музеяў і інш.

Па-трэцяе, “Млын моды” за апошнія 5 гадоў стаў прынцыпова маладзёжным. Пераканацца ў гэтым было вельмі проста 12 і 13 мая, калі на майстар-класы вядучых персон з сусветнай фэшн-індустрыі ў Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі прыходзілі звычайныя беларускія “пэтэвэшніцы” і “пэтэвэшнікі”. Гэта зараз яны такія. Заўтра яны будуць у Мілане. Дзякуючы “Млыну моды”. А сярод знакамітых персон сусветнай фэшн-індустрыі, якія сёлета давалі майстар-класы нашым “пэтэвэшнікам”, былі Мікалай Марозаў, мадэльер, крэатыўны дырэктар маркі адзення Nickolia Morozov (“Як працаваць з брэндам: ад ідэі да стварэння”), Джэрзі Гавел, дырэктар і прафесар Кракаўскай школы мастацтваў і дызайну (“Як фатаграфаваць моду?”), вядомы фэшн-дызайнер з Масквы Аляксей Уласаў (“Правілы стварэння калекцыі і рэжысура паказу”) і інш.

Па-чацвёртае, “Млын моды” за апошнія 5 гадоў паспеў абрасці сваімі новымі слаўнымі трыдыцыямі. Самая галоўная з іх — гэта, безумоўна, спецыяльны дабрачынны праект “Стыльны пачатак” з удзелам выхаванцаў дзіцячых дамоў і ўстаноў спецыяльнай адукацыі. А сёлета сярод навацый, якія таксама, несумненна, стануць традыцыям, — конкурс на лепшага fashion-ілюстратара краіны і… унікальная парфума, вырабленая ў гонар менавіта “Млына моды” 2016 года вядомым беларускім парфумерам Уладам Рэкуновым.

Па-пятае, “Млын моды” набіраў у апошнія гады ўсё больш і больш удзельнікаў. Сёлета — самы маштабны паказчык.

648 дызайнераў удзельнічала ў гэтым конкурсе на першым этапе, 88 калекцый адабрана для фінальнага паказу.

Па-шостае, “Млын моды” сёння становіцца ўнікальнай з’явай, таму што яго ўдзельнікі — гэтая зусім маладыя людзі, якія, тым не менш, пачынаюць дыктаваць моду ў сваёй краіне. Многія з іх яшчэ не былі ні ў Мілане, ні ў Парыжы. І не азіраюцца на іх. Гавораць пра касмічныя напевы на сваёй — беларускай — мове.

Па-сёмае, “Млын моды” сам па сабе стаў брэндавым конкурсам у свеце. Прэзідэнт дабрачыннага фонду і аднайменнага фэшн-конкурсу “Рускі сілуэт” Таццяна Міхалкова на прэс-канферэнцыі надоечы сказала: “Калі мы ўпершыню трапілі 20 гадоў назад на “Млын моды”, гэта былі слёзы… Немагчыма было наогул адабраць калекцыі. Былі, напрыклад, калекцыі сукенак аднаго і таго ж фасону, проста розных колераў — чырвонага, сіняга і зялёнага. Сёння на “Млын моды” мы глядзім з павагай і замілаваннем. У нас многа захаплення ад вас, ад вашага “Млына”… А яшчэ здорава, што ў вас захавалася вытворчасць! Многія нашы дызайнеры выязджаюць на вашы фабрыкі”.

Па-восьмае, “Млын моды” адкрыў свету нашых мадэлей. Зноў жа, са слоў Таццяны Міхалковай: “Вашы дзяўчаты нейкія незвычайныя. Такія сціплыя, прыгожыя, пяшчотныя… Усё пры іх — і інтэлігентнасць, і парода, і знешнасць… Такі незвычайны генафонд! Недарэмна вас любяць у нас, у Маскве, у Францыі, Італіі, дзе ўжо, здаецца, не засталося такіх сціплых прыгажунь…”

Нарэшце, па-дзевятае. “Млын моды” апошнія гады кожны раз расплюшчвае вочы беларускаму модніку на той ці іншы ракурс сусветнай фэшн-індустрыі, адкрывае новыя імёны. Сёлета — гэта, безумоўна, Мікалай Марозаў, ён жа Nickolia Morozov. Чалавек няпростага лёсу, ён зрабіў сябе і сказаў усяму свету: “Nickolia Morozov — гэта брэнд!”

Спецыяльным дыпломам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за высокі ўзровень падрыхтоўкі і правядзення абласнога этапу Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “АРТ-вакацыі” ўзнагароджана ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама (начальнік упраўлення Юрый Мікалавіч Прасмыцкі).

Спецыяльным дыпломам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за ўкараненне інавацыйных падыходаў да правядзення заключных мерапрыемстваў абласнога этапу Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “АРТ-вакацыі” ўзнагароджана ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама (начальнік упраўлення Аляксандр Генрыхавіч Сонгін).

Спецыяльным дыпломам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за вялікі ўклад у грамадзянска-патрыятычнае і мастацка-эстэтычнае выхаванне, захаванне традыцый аматарскай творчасці і ўкараненне інавацыйных форм работы з моладдзю ўзнагароджаны Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (рэктар Сяргей Ула-дзіміравіч Абламейка).

Спецыяльным дыпломам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за сучаснае ўвасабленне тэмы рэспубліканскага фестывалю, эфектыўную дзейнасць па развіцці масавых форм мастацкай творчасці і падтрымку маладзёжных ініцыятыў узнагароджаны Беларуска-Расійскі ўніверсітэт (рэктар Ігар Сяргеевіч Сазонаў).

Спецыяльным дыпломам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за ўкараненне інтэрактыўных форм культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў для студэнцкай моладзі ўзнагароджаны Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны (рэктар Аляксандр Уладзіміравіч Рагачоў).

Спецыяльным дыпломам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за шматгадовую выніковую дзейнасць, вялікі ўклад у грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі ўзнагароджаны калектыў “Белая вежа” (кіраўнік Ірына Васільеўна Ангалюк (Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт).

Спецыяльным дыпломам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за раскрыццё сацыяльна значнай тэмы сродкамі аўтарскай творчасці ўзнагароджаны студэнт факультэта эканомікі і кіравання кіраўнік творчага аб’яднання студэнтаў Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Дзмітрый Арцыменя.

Паказам яго калекцыі One little story (“Адна маленечкая гісторыя”) і завяршыўся фінальны паказ Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі”. Гэта было класнае, цудоўнае відовішча. На працягу 20 хвілін ад подыуму Палаца спорту было не адарваць вачэй! Дарэчы, на прэс-канферэнцыі перад фінальнымі дзеямі “Млына моды” ён сказаў красамоўныя словы: “Дзякуючы “Млыну моды”, я атрымаў свабоду… Я адчуў гэтую свабоду. Выкладчыкі адкрылі мне свет, калі чалавек не баіцца ствараць свой свет. Калі ён не баіцца, як на яго паглядзіць сусед — ці справа, ці злева. Калі ён выяўляе тое, што ў яго ўнутры”.

Толькі адно пажаданне, Nickolia, табе асабіста ад мяне, твайго цёзкі. Ты ж наш, беларускі. З Брэста. І фабрыка твая ў Брэсце.

Навошта табе гэтае фальшывае французска-рускае Nickolia? Які ты Нікаля?

Будзь Міколам. І нават у Францыі ў лэйбла Mikola Marozau будзе большы charme, чым у Nickolia Morozov.

Павер.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.