Ніхто не будзе спрачацца, што любімая пара года ў дзяцей і дарослых — зіма. Асабліва калі яна радуе лёгкім марозам і пушыстым снегам. І як не скарыстацца такімі спрыяльнымі ўмовамі для добрага адпачынку? Калі ў вас няма ідэй, як правесці Дзень снегу, звяртайцеся да нас, у Альхоўскую сярэднюю школу.
Для добрага адпачынку тут усё падрыхтавана: лыжня працягласцю 3 км па маляўнічай мясцовасці прышкольнага лесапарку, каток са зручнымі борцікамі і лаўкамі, спецыяльна падсыпаныя і ўкатаныя снежныя горкі для хуткаснага спуску, з якіх можна з’ехаць не толькі на санках, але і на спадручных сродках. Менавіта такі конкурс быў праведзены сярод вучняў пачатковых класаў. Дарэчы, пераможцам стаў стары ранец, на якім яшчэ катаўся тата нашага вучня з гары ў дзяцінстве.
А якой смачнай гарбатай і гарачымі піражкамі можна пачаставацца пасля ўдалай атакі на снежную крэпасць класа-праціўніка! Гэтыя прысмакі спецыяльна гатуюць кожную суботу ўдзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Святы і традыцыі” разам з настаўнікамі і бацькамі. А снежныя скульптуры герояў мультфільмаў? Гэтыя зімовыя шэдэўры, створаныя старшакласнікамі, трэба абавязкова ўбачыць! Калі вы стаміліся ад снежных баталій і спаборніцтваў, вам на лыжную прагулку па зімовым лесе з сапраўднай фотасесіяй для сваёй старонкі ў сацыяльный сетцы або для выпускнога альбома.
Алена КУСОЙЦЬ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Альхоўскай сярэдняй школы Астравецкага раёна.