Імя героя ў летапісе школы

- 10:01Навіны рэгіёнаў

Сярэдняй школе № 39 Гродна прысвоена імя Героя Савецкага Саюза І.Д.Лебедзева.

Герой Савецкага Саюза, ганаровы пагранічнік Рэспублікі Беларусь, ганаровы грамадзянін Гродна Іван Данілавіч Лебедзеў — асоба легендарная. Ураджэнца Валгаградскай вобласці прызвалі на фронт 23 чэрвеня 1941 года. У 1943 годзе гвардыі капітан Лебедзеў быў удастоенны звання Героя Савецкага Саюза. Пасля вайны Іван Данілавіч жыў у Гродне, пасля звальнення ў запас працаваў у аддзеле кадраў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Шмат часу аддаваў патрыятычнаму выхаванню моладзі і да апошніх дзён свайго жыцця быў чаканым госцем у маладзёжных аўдыторыях, адкрытым для зносін чалавекам.

Зараз імя І.Д.Лебедзева носіць праспект у новым мікрараёне Гродна.

— Нашы навучэнцы добра ведаюць імя Героя Савецкага Саюза Івана Данілавіча Лебедзева, і не толькі па назве праспекта, якія вядзе ў мікрараён Альшанка, дзе знаходзіцца наша школа, — расказвае дырэктар сярэдняй школы № 39 Аксана Пятрова. — У школе мы стварылі стэнд, прысвечаны Івану Данілавічу. Імя героя ў мінулым годзе прысвоена піянерскай дружыне школы.

У навучальнай установе працягваюць збор матэрыялаў аб І.Д.Лебедзеву і іншых героях вайны, папаўняючы экспазіцыі школьнага музея, прысвечанага Івану Данілавічу. Дапамогу тут аказваюць старшыня ветэранскай арганізацыі Кастрычніцкага раёна Гродна Ула­дзімір Цюцюннік, ваенны камісар Гродзенскай вобласці Вячаслаў Раманенка. Вялікую работу ажыццяўляе пошукавы клуб “Абаронца Айчыны”. Па прапанове ваенкама школьнікі займаюцца таксама пошукам родных салдат, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Дагляда­юць вучні 39-й школы і магілу Івана Данілавіча Лебедзева на гарадскіх могілках.

У гэтым годзе выпускнікі школы атрымаюць атэстаты, дзе будзе стаяць імя І.Д.Лебедзева, бо яны скончылі сярэднюю школу № 39 Гродна яго імя. Імя Івана Данілавіча Лебедзева заўсёды будзе ў іх памяці і летапісе школы. А ў верасні, як паведаміла Аксана Анатольеўна, каля школы з’явіцца бюст І.Д.Лебедзева.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.