Як вядома, напярэдадні навучальнага года адбылася знакавая падзея ў жыцці нашай сістэмы адукацыі. Прайшоў Рэспубліканскі педагагічны савет з удзелам кіраўніка дзяржавы А.Р.Лукашэнкі, дзе ён даў высокую ацэнку сістэме прафесійнай адукацыі. На савеце былі вызначаны асноўныя кірункі яе функцыянавання на найбліжэйшы час з улікам перспектыў развіцця нашай краіны. Яшчэ падчас правядзення Усебеларускага сходу было адзначана, што неабходна ствараць IT-краіну, укараняць інфармацыйныя тэхналогіі ва ўсіх сферах дзейнасці, у тым ліку і ў кіраванні. Усё, што лічыцца ў свеце новымі перадавымі распрацоўкамі, павінна знаходзіць водгук і прымяненне ў Беларусі. Безумоўна, гэтыя арыенціры задаюць тон дзейнасці работнікаў прафесійнай адукацыі і вызначаюць вектар, па якім трэба выбудоўваць сістэму падрыхтоўкі кадраў. Сваімі меркаваннямі аб гэтым дзеліцца рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт В.М.ГАЛУБОЎСКІ.
— Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка акцэнтуе ўвагу на навучанне і выхаванне моладзі як на стратэгічны рэсурс развіцця краіны. І гэта ў поўнай меры апраўдана. Прафесійная адукацыя забяспечвае развіццё маладога чалавека не толькі як асобы і грамадзяніна, але і як прафесіянала, праца якога непасрэдна ўплывае на эканамічную бяспеку і інвестыцыйную прывабнасць нашай краіны. Тэма развіцця прафесійнай адукацыі становіцца адной са стратэгічна значных на ўсіх нацыянальных і глабальных эканамічных форумах, вынікі якіх сведчаць аб павелічэнні патрэбнасці прадпрыемстваў у работніках больш высокай кваліфікацыі. У сувязі з гэтым з’яўляецца шэраг выклікаў, якія ўплываюць на павышэнне якасці прафесійнай адукацыі і яе здольнасці аператыўна рэагаваць на змены ў інавацыйнай эканоміцы. Адзін з іх заключаецца ў наяўнасці неабходных даных аб тым, якія веды і навыкі будуць патрэбны пры новых тэхналагічных укладах у сацыяльна-эканамічным комплексе нашай краіны.
Відавочна, што не ўсе галіны эканомікі стануць інавацыйнымі за адзін раз. Але ў кожным сектары ёсць прадпрыемствы і арганізацыі, якія ўжо цяпер выкарыстоўваюць сучаснае высокатэхналагічнае абсталяванне, у тым ліку і замежнае, і з’яўляюцца арыенцірам для іншых аднапрофільных прадпрыемстваў і арганізацый у тым, куды трэба імкнуцца. Сёння ў кожнай галіне нашай эканомікі ёсць вядучыя перспектыўныя прадпрыемствы і арганізацыі. Так, напрыклад, у аўтамабілебудаванні гэта завод “БелДжы”, які быў урачыста адкрыты ў сярэдзіне лістапада. На першым этапе з канвеера гэтага прадпрыемства будуць сыходзіць 60 тысяч аўтамабіляў Geely ў год з перспектывай павелічэння магутнасцей да 120 тысяч. Агульны аб’ём інвестыцый для гэтага праекта складае 400 млн еўра. У машынабудаванні знакавым прадпрыемствам з найноўшымі тэхналогіямі можна назваць завод “Салеа”. А беларускі Парк высокіх тэхналогій — вядомая на ўвесь свет арганізацыя, якая з’яўляецца распрацоўшчыкам праграмных прадуктаў па заказе прадстаўнікоў з многіх замежных краін.
Як бачна, сёння нам трэба выпускаць кадры рознага ўзроўню. З другога боку, трэба захоўваць падрыхтоўку па масавых прафесіях, якія па-ранейшаму неабходны многім галінам нашай эканомікі. З другога боку, выкрышталізоўваецца так званы высокатэхналагічны сегмент, для якога патрэбна падрыхтоўка кадраў зусім іншага, больш высокага ўзроўню, які знаходзіцца на стыку з падрыхтоўкай спецыяліста з вышэйшай адукацыяй.
— Для прагназавання навыкаў будучага спецыяліста неабходна забяспечыць узаемадзеянне сістэмы адукацыі і прадстаўнікоў рэальнага сектара эканомікі.
— Так, сапраўды, для гэтага неабходна выкарыстоўваць кластарны падыход: навука — адукацыя — вытворчасць. Паколькі высокатэхналагічныя вытворчасці — гэта вытворчасці, якія ўкараняюць новыя тэхналогіі, заснаваныя на выніках навуковых даследаванняў, значыць, прадстаўнікам сістэмы адукацыі неабходна сумесна з работнікамі вытворчасці вызначаць патрабаванні да будучага спецыяліста і ўносіць змены ў змест падрыхтоўкі кадраў, а можа быць, і адкрываць новыя спецыяльнасці. Сёння РІПА эксперыментальна адпрацоўвае сумесна з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, Міністэрствам прамысловасці, Міністэрствам будаўніцтва і архітэктуры на двух сектарах мадэль узаемадзеяння адукацыі і вытворчасці. Пры міністэрствах створаны сектаральныя саветы. Напрыклад, сектаральны савет пры Міністэрстве прамысловасці ўзначальвае намеснік міністра прамысловасці, у склад савета ўваходзяць прадстаўнікі міністэрстваў, супрацоўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, устаноў адукацыі, у тым ліку РІПА, кафедры БНТУ. Ядро такога кластара — каледж, які забяспечвае падрыхтоўку кадраў для прадпрыемстваў машынабудавання (наладчыкі, аператары, мехатроніка і інш.). Чаму ядром з’яўляецца каледж? Таму што на яго базе ў рэсурсным цэнтры сканцэнтравана сучаснае вучэбнае і вытворчае абсталяванне: трэнажоры і рэальныя сучасныя станкі з лічбавым праграмным кіраваннем, якімі карыстаюцца навучэнцы ўстаноў ПТА і ССА, студэнты УВА. Гэта і ёсць вядучы каледж у падрыхтоўцы кадраў для канкрэтнага віду эканамічнай дзейнасці — станкабудавання і машынабудавання. Такі каледж выконвае свае функцыі намнога шырэй, чым проста навучанне кадраў, абганяе таксама і рэсурсны цэнтр. Каледж працуе з прадпрыемствамі Мінпрама і прыватнымі, з РІПА і машынабудаўнічымі факультэтамі УВА па абнаўленні зместу падрыхтоўкі кадраў і ўвядзенні новых спецыяльнасцей. Напрацаваны матэрыял неабходна распаўсюджваць на профільныя каледжы праз сістэму павышэння кваліфікацыі майстроў вытворчага навучання і выкладчыкаў навучальных устаноў, якая арганізавана РІПА на базе факультэта павышэння кваліфікацыі і на базе рэсурснага цэнтра каледжа. Менавіта такі каледж можа быць маяком па ўдасканаленні зместу падрыхтоўкі кадраў у профільных каледжах у Оршы або Віцебску для развіцця рэгіёна і забеспячэння кадрамі станкабудаўнічага і інструментальнага заводаў, у Гомелі для прадпрыемстваў “Гомсельмаш” і “СтанкаГомель” і, можа быць, у Барысаве для рэгіёна Жодзіна (БелАЗ), Барысаве (“БелДжы”, БАТЭ і інш.). І такія вядучыя каледжы неабходна вызначыць па ўсіх асноўных відах эканамічнай дзейнасці.
— Яшчэ адзін выклік сацыяльна-эканамічнага комплексу краіны — гэта пошук механізмаў павышэння прадукцыйнасці працы і заработнай платы. Валерый Мікалаевіч, якая роля прафесійнай адукацыі ў гэтым працэсе?
— Дзяржава сёння прымае меры па забеспячэнні занятасці насельніцтва і павышэнні заработнай платы. Міністэрства эканомікі неаднаразова заяўляла аб тым, што павышэнне заработнай платы магчыма толькі пры павышэнні прадукцыйнасці працы. У аснове гэтага — узровень кваліфікацыі таго ці іншага работніка. Значыць, неабходна пастаянна павышаць кваліфікацыю вытворчага персаналу, які павінен укараняць інавацыйныя тэхналогіі.
Для гэтага неабходна праводзіць прафесійную дыягностыку работнікаў, каб разумець, які ўзровень прафесійнай кваліфікацыі ёсць і чаму неабходна работніка навучыць або перанавучыць. У сусветнай практыцы, ды і нашы партнёры па ЕАЭС (Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Казахстан) ствараюць незалежныя цэнтры сертыфікацыі кваліфікацый, у якіх работнік абавязаны прайсці праверку і прадэманстраваць навыкі выканання канкрэтных відаў работ, а незалежныя эксперты вызначаюць дакладнасць і якасць выкананай работы на адпаведнасць патрабаванням сучасных прафесійных стандартаў. Адметна тое, што эксперты нясуць персанальную адказнасць за выдадзены сертыфікат.
У нашай краіне базай для работы такіх цэнтраў сертыфікацыі могуць быць усё тыя ж каледжы, якія маюць у структуры абсталяваныя рэсурсныя цэнтры і якія далучаны да працэсу стварэння цэнтраў кампетэнцый па развіцці кваліфікацый і спецыяльнасцей. Названыя цэнтры кампетэнцый неабходна ствараць менавіта для выканання задач па ўдасканаленні зместу адукацыі на аснове прафесійных стандартаў і арганізацыі падрыхтоўкі на іх базе ўдзельнікаў Нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў міжнародных чэмпіянатах WorldSkills. Сёння распрацаваны праекты дакументаў аб парадку стварэння і функцыянавання цэнтраў кампетэнцый, якія знаходзяцца ў стадыі ўзгаднення з зацікаўленымі органамі дзяржаўнага кіравання. Такія каледжы павінны стаць свайго роду драйверамі абнаўлення зместу ў падрыхтоўцы кадраў для інавацыйнай эканомікі пры непасрэднай каардынацыі РІПА як навукова-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі ў краіне.
— Напэўна, магутным інструментам у гэтым з’яўляецца ўдзел нашай краіны ў руху WorldSkills?
— Вопыт краін, якія актыўна развіваюць гэты рух і ўдзельнічаюць у міжнародных чэмпіянатах WorldSkills, сведчыць пра поспехі ў эканамічным развіцці і сістэмы адукацыі гэтых краін. Удзел у гэтым руху забяспечвае своечасовае абнаўленне зместу прафесійнай адукацыі па запатрабаваных прафесіях, укараненне ў сістэму падрыхтоўкі кадраў інавацыйных тэхналогій і высокатэхналагічнага абсталявання на прыкладзе стандартаў WorldSkills, павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі. І, як мы ўжо гаварылі, гэты рух дазваляе істотна павялічыць прадукцыйнасць працы тых работнікаў, якія прайшлі перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі па яго міжнародных стандартах.
Па сутнасці, WorldSkills — гэта пляцоўка, дзе праходзіць супастаўляльнасць кваліфікацый сусветнага ўзроўню, і мы маем магчымасць убачыць, на якім мы цяпер узроўні, над чым трэба працаваць, якія краіны знаходзяцца ў лідарах па вытворчасці найбольш канкурэнтаздольнай прадукцыі. Аналізуючы змест заданняў чэмпіянатаў WorldSkills, выступленні нашых удзельнікаў, мы вызначаем, наколькі нам трэба абнавіць прафесійную падрыхтоўку па масавых прафесіях і якой будзе інавацыйная надбудова ў падрыхтоўцы тых спецыялістаў, якія запатрабаваны ў высокатэхналагічных вытворчасцях. Улічваючы нацыянальны маштаб руху WorldSkills, неабходна далучаць заказчыкаў кадраў не толькі на час падрыхтоўкі чэмпіянату WorldSkills, а і да пастаяннай работы ў падрыхтоўцы кадраў. Для актывізацыі гэтай дзейнасці трэба выкарыстоўваць новыя, больш эфектыўныя механізмы, у тым ліку механізм суфінансавання, што дасць нашаму супрацоўніцтву з заказчыкамі кадраў новы імпульс. Кіраўніцкая работа па арганізацыі і правядзенні нацыянальных чэмпіянатаў WorldSkills будзе таксама скарэкціравана з улікам даручэнняў урада і прэм’ер-міністра А.У.Кабякова. Адбылося пасяджэнне абноўленага складу Рэспубліканскага камітэта па развіцці руху WorldSkills у Рэспубліцы Беларусь, сустаршынямі якога з’яўляюцца міністр адукацыі І.В.Карпенка і міністр прамысловасці В.М.Вовк. На пасяджэнні разглядалі вынікі ўдзелу каманды ў Міжнародным чэмпіянаце Абу-Дабі — 2017, а таксама праекты дакументаў, якія рэгламентуюць развіццё руху WorldSkills у нашай краіне.
— Улічваючы разнастайнасць задач і патрабаванняў да сістэмы прафесійнай адукацыі, якія асноўныя функцыі закладзены ў дзейнасць РІПА? Валерый Мікалаевіч, раскажыце, ці з’явяцца новыя кірункі?
— Інстытут будзе актыўна працаваць у абнаўленні зместу прафесійнай адукацыі і ўмацоўваць сувязі з галіновымі органамі дзяржаўнага кіравання, метадычнымі службамі ўсіх узроўняў адукацыі. Важна пры гэтым фарміраваць не толькі прафесійныя, але і асобасныя якасці. Таму трэба і далей развіваць сістэму навукова-метадычнага забеспячэння выхаваўчай работы, якая будзе ўдасканальвацца з улікам патрабаванняў на сучасным этапе развіцця грамадства.
Што тычыцца іншых функцый інстытута, то яны ўзмацняюцца і знаходзяць больш шырокае прымяненне ў развіцці сістэмы адукацыі ў цэлым. Так, напрыклад, мы будзем працягваць каардынаваць рух WorldSkills, курыраваць дзейнасць рэсурсных цэнтраў, укараняць дыстанцыйныя і мабільныя тэхналогіі, забяспечваць адукацыйны працэс адпаведнымі электроннымі сродкамі навучання, удасканальваць механізм вучэбнага кнігавыдання. Асобная ўвага будзе ўдзелена стварэнню ўмоў для развіцця інклюзіі ў сістэме прафесійнай адукацыі, у тым ліку і для дарослага насельніцтва (працоўнага і беспрацоўнага), навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, інвалідаў і асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Будзе ўзмоцнены блок, які тычыцца работы з педагагічнымі кадрамі. Любы праект патрабуе аператыўнага засваення перадавых тэхналогій самімі педагогамі і адпаведнага павышэння іх кваліфікацыі. Эксперыментальна-інавацыйная дзейнасць у функцыях інстытута застаецца, і пляцоўкі для яе ажыццяўлення мы каардынуем не толькі ў філіялах РІПА, але і ва ўсіх установах прафесійнай адукацыі краіны, якія атрымалі права рэалізоўваць эксперыментальную і інавацыйную дзейнасць пасля папярэдняй экспертызы праектаў у РІПА. Як ужо гаварылася, наш інстытут выступіў ініцыятарам эксперыментальнага стварэння сектаральных саветаў у сферах прамысловасці і будаўніцтва і ўдзелу іх прадстаўнікоў у пытаннях распрацоўкі і зацвярджэння новых элементаў Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый. Па даручэнні Міністэрства адукацыі гэтая работа і далей будзе працягнута сумесна з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны і галіновымі органамі дзяржаўнага кіравання.
Адным з кірункаў функцыянавання нашага інстытута з’яўляецца развіццё дзейнасці яшчэ аднаго філіяла “ЭкаТэхнаПарк — Волма”, на тэрыторыі якога ствараецца дэманстрацыйная пляцоўка высокай энергаэфектыўнасці з прымяненнем вучэбнага і вытворчага абсталявання, якое дазваляе вывучаць сучасныя тэхналогіі розным катэгорыям насельніцтва. Ужо праведзены тэндары на пастаўку сучаснага абсталявання ў галіне энергетыкі, энергазберажэння і экалогіі з прыцягненнем сродкаў тэхнічнай дапамогі Еўрапейскага саюза. Каб сфарміраваць кампетэнцыі ў галіне зялёнай эканомікі, будуць праводзіцца лабараторныя заняткі па ўзнаўленні крыніц энергіі, экалогіі, рэсурсазберажэнні. Па-ранейшаму РІПА будзе развіваць навуковую падрыхтоўку кадраў. Інстытут працягне рэалізоўваць міжнародную дзейнасць сумесна з вядомымі сусветнымі арганізацыямі, асабліва ў тых напрамках, дзе РІПА мае пэўны статус у распрацоўцы метадалогіі развіцця прафесійнай адукацыі. Імкнуцца да высокага статусу мы будзем і па іншых вектарах сваёй дзейнасці, накіраванай на стварэнне ўмоў для прафесійнага і асобаснага развіцця нашай моладзі.
Інтэрв’ю ўзяла Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.