Індэкс Хірша і імпакт-фактар: як у Беларусі прыжываюцца гэтыя паказчыкі?

- 12:12Навука і інавацыі

Такія паняцці, як “індэкс Хірша”, “імпакт-фактар”, таксама як і “міжнародныя рэйтынгі”, увайшлі ў паўсядзённую практыку нашых універсітэтаў адносна нядаўна. Час паказвае, што гэта не проста модны павеў, а рэаліі, з якімі нельга не лічыцца. У БДУ, напрыклад, па выніках 2012 года ўпершыню праранжыравалі вучоных паводле h-індэкса і тых, хто аказаўся на вяршыні рэйтынгу, вельмі сур’ёзна заахвоцілі матэрыяльна. Ва ўніверсітэце лічаць, што практыка складання такога рэйтынгу і далей справакуе ўсплёск публікацыйнай актыўнасці вучоных. Акрамя таго, можна чакаць і іншых “пабочных” эфектаў, такіх як стымуляванне міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы навукі і вывучэння замежнай навуковай мовы, прыцягненне ў навуку моладзі. Аб гэтым мы гутарым з прарэктарам па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, акадэмікам НАН Беларусі, доктарам хімічных навук, прафесарам А.А.ІВАШКЕВІЧАМ.

“Чым вышэй падымаешся, тым цяжэй рухацца далей”

— Ужо некалькі гадоў мы адсочваем месца як універсітэта ў цэлым, так і нашых асобных вучоных у сусветнай навукова-адукацыйнай прасторы, выкарыстоўваючы базы даных Scopus і Web of Science, — расказаў Алег Анатольевіч. — У гэтых базах прымяняюцца такія крытэрыі, як бачнасць універсітэта ў інтэрнэце, якасць і напаўненне яго знешняга сайта, колькасць спасылак на дакументы, размешчаныя на сайце, і г.д. Увесь комплекс крытэрыяў накіраваны на выяўленне таго, наколькі ў свеце цікавяцца ўніверсітэтам.
Калі мы вырашылі, што рэйтынг БДУ трэба павышаць, стварылі спецыяльную камісію, якая пачала займацца гэтым пытаннем сістэмна. Зараз на рэйтынг працуе абноўленая версія сайта, сайты падраздзяленняў, персанальныя старонкі прафесарска-выкладчыцкага складу і навуковых супрацоўнікаў, дзе выкладваюцца пералікі іх публікацый прычым з гіперспасылкамі на поўныя тэксты ў міжнародных часопісах.
За апошнія гады БДУ вельмі моцна падняўся ў рэйтынгу Webometrics. Калі мы пачыналі, то займалі 1913 месца. Яно было нядрэнным, калі ўлічыць, што ў свеце каля 30 тысяч універсітэтаў. Зараз мы на 639 месцы ў свеце і на 5 — у СНД. Але чым вышэй падымаешся, тым больш цяжка рухацца далей. З другога боку, хоць гэты рух і патрабуе фінансавых укладанняў, але прыносіць аддачу. Міжнароднае супрацоўніцтва, заключэнне кантрактаў на пастаўку навуковай прадукцыі, атрыманне грантаў на навуковыя праекты немагчымыя без годнага месца ўніверсітэта ў міжнародных рэйтынгах. Першае, што робяць патэнцыяльныя замежныя партнёры, — заходзяць на сайт БДУ, а таксама ацэньваюць дзейнасць універсітэта ці яго асобных падраздзяленняў па базах даных.

— Што да вучоных… Крытэрыі, агульнапрынятыя ў сусветнай навуцы, у Белдзяржуніверсітэце выкарысталі для таго, каб скласці ўнутраны рэйтынг. Якія высновы вы пры гэтым зрабілі?

— Так, некалькі гадоў назад мы вырашылі праранжыраваць нашых вучоных і былі прыемна здзіўлены тым, колькі сур’ёзных публікацый яны размяшчаюць штогод у самых рэйтынгавых замежных часопісах. Таму, пачынаючы з мінулага года, пачалі заахвочваць вучоных за публікацыйную актыўнасць, распрацавалі адпаведнае палажэнне.
Мы прымянілі свой уласны паказчык: лічылі сярэдні імпакт-фактар публікацый і дадавалі бягучы індэкс Хірша. Дарэчы, з цікавасцю да гэтага інтэграванага крытэрыю аднесліся ў маскоўскім аддзяленні выдавецтва Elsevier — уладальніка базы даных Scopus, таму што ён вельмі стымулюе публікацыі ў рэйтынгавых выданнях. Калі індэкс Хірша мяняецца паступова, паколькі пры яго падліку бяруцца артыкулы з 1996 года, то імпакт-фактар можна рэзка змяніць, калі надрукаваць артыкул, скажам, у высокарэйтынгавым “Advanced Materials”.
У найбліжэйшыя гады мы чакаем усплёску публікацыйнай актыўнасці, бо 36 чалавек па выніках 2012 года атрымалі вельмі высокія прэміі — да 7 мільёнаў. Акрамя таго, некаторыя інстытуты прэміравалі сваіх супрацоўнікаў асобна. Напрыклад, у НДІ фізіка-хімічных праблем БДУ прэмій удастоены 14 чалавек. Будзем складаць такі рэйтынг і далей, спецыяльна для гэтага стварылі фонд з пазабюджэтых сродкаў універсітэта.
Асабліва высокія індэксы Хірша ў вучоных НДІ ФХП БДУ: яны складаюць каля 10 і вышэй фактычна ва ўсіх загадчыкаў лабараторый. А самы высокі h-індэкс — 26 — мае загадчык лабараторыі нанахіміі Міхаіл Валянцінавіч Арцем’еў. Калі параўнаць, напрыклад, з аналагічнымі паказчыкамі Нобелеўскіх лаўрэатаў па хіміі апошніх гадоў, то ў японца Акіры Сузукі ён складае 25, а ў ізраільцяніна Дана Шэхтмана — 11. На другім месцы — Мікалай Максімавіч Шумейка, дырэктар Нацыянальнага навукова-вучэбнага цэнтра фізікі часціц і высокіх энергій, яго індэкс Хірша — 24. Высокія паказчыкі ў некаторых вучоных Інстытута ядзерных праблем БДУ. Напрыклад, у цяперашняга дырэктара Сяргея Афанасьевіча Максіменкі ён складае 18.
Мы разумеем, што некарэктна параўноўваць h-індэксы вучоных розных навуковых напрамкаў. Самыя высокія індэксы — у тых, хто займаецца міждысцыплінарнымі даследаваннямі, менавіта таму, што міждысцыплінарныя часопісы маюць найвышэйшыя імпакт-фактары. Зразумела, што матэматыкі будуць саступаць, бо гэта, як правіла, вузкаспецыялізаваныя даследчыкі, якія друкуюцца ў часопісах з імпакт-фактарам не вышэй за 2. А, напрыклад, часопіс “Nature” мае імпакт-фактар каля 30.
За 2012 год нашы вучоныя надрукавалі каля 200 артыкулаў у высокарэйтынгавых часопісах. Самы высокі імпакт-фактар сярод іх у выдання “Advanced Materials” — 13,8.

Да гуманітарыяў — іншы падыход?

— Вы адзначылі, што чакаеце рэзкага росту публікацыйнай актыўнасці вучоных у далейшым. Якія яшчэ эфекты могуць узнікнуць у выніку такога ранжыравання?
— Думаю, яно стымулюе шмат чаго. Напрыклад, вывучэнне англійскай навуковай мовы. Сур’ёзныя часопісы артыкулы са слабай мовай проста не разглядаюць. Не пашкодзіць і здаровая ўнутраная канкурэнцыя паміж падраздзяленнямі. Калі, скажам, у адной лабараторыі супрацоўнікі атрымліваюць прэміі, сюды ахвотна ідуць маладыя даследчыкі, то і ў суседняй лабараторыі задумаюцца, як павысіць прадукцыйнасць сваёй працы. Падкрэслю, што індэкс Хірша — гэта знешняя, незалежная ацэнка.

— Што можна сказаць пра прадукцыйнасць працы прадстаўнікоў гуманітарных навук?
— З гуманітарыямі сітуацыя больш складаная, чым з прыродазнаўцамі. З іх, на жаль, у прэстыжных замежных часопісах публікуюцца вельмі нямногія. Зараз мы арыентуем іх на тое, каб развіваць міждысцыплінарныя даследаванні з замежнымі партнёрамі, бо гуманітарных часопісаў з высокім імпакт-фактарам даволі шмат.

— Некаторыя вядомыя ў краіне вучоныя, у якіх ёсць аўтарытэт, заслугі, узнагароды, пасады, маюць пры гэтым вельмі нізкі ці ўвогуле нулявы індэкс Хірша. Як расцэньваць такі факт?
— Як я ўжо згадваў, у аднаго з апошніх Нобелеўскіх лаўрэатаў па хіміі Дана Шэхтмана індэкс Хірша — 11. Зараз ён ужо вельмі сталы чалавек, і свае асноўныя даследаванні зрабіў у 70—80-я гады мінулага стагоддзя. Раней індэкс Хірша лічыўся за ўвесь перыяд навуковай дзейнасці, а потым яго сталі лічыць па публікацыях ад 1996 года. У многіх нашых паважаных вучоных сталага ўзросту, якія раней шмат друкаваліся, а зараз сталі менш актыўнымі з-за ўзросту, індэкс Хірша рэзка ўпаў. Таму гэта чыста фармальны момант. Што да гуманітарыяў, эканамістаў, то для іх, магчыма, крытэрыі павінны быць некалькі іншымі.

— Алег Анатольевіч, ці няма тут супярэчнасці: перад вучонымі ставіцца задача, з аднаго боку, развіваць прыкладныя даследаванні, якія забяспечвалі б эканамічны рост краіны, а з іншага — друкавацца ў замежных часопісах, інтэгравацца ў сусветную супольнасць. Ці будзе навука “для лакальных мэт” цікавай на міжнародным узроўні?
— Сур’ёзныя прыкладныя даследаванні немагчымы без фундаментальнай базы. Менавіта з ідэй фундаментальнай навукі вырастаюць прыкладныя распрацоўкі.
Напрыклад, у НДІ фізіка-хімічных праблем мы займаемся стварэннем высокатэмпературных клеяў — такіх, якімі можна склейваць самыя разнастайныя матэрыялы: метал, экалагічна чыстыя вырабы і многае іншае. Рэцэптуры для розных заказчыкаў стварыць зараз адносна проста, але каб гэта стала магчымым, трэба было папярэдне правесці велізарную фундаментальную работу.
Альбо такі прыклад: Міхаіл Валянцінавіч Арцем’еў распрацоўвае тэст-сістэмы для ранняй дыягностыкі пухлінных захворванняў на аснове люмінесцэнтных нана-крышталёў. Гэта прыкладная работа, заснаваная на назіранні, што калі такі крышталь “звязаць” са здаровай і хворай клеткамі, то ён свеціцца рознымі колерамі. Каб падысці да гэтай ідэі, трэба было вывучыць уласцівасці нанакрышталёў, што і было самым складаным. Праведзена каласальная работа, у ходзе якой адкрыты прынцыпова новыя з’явы. Такім жа чынам любая прыкладная распрацоўка высокага ўзроўню базіруецца на назапашаных ведах, якія абавязкова прагучалі ў міжнародных часопісах.

Крытычнасць і добразычлівасць — найлепшае асяроддзе для росту вучонага

— Прэмія Scopus Award Belarus’2013 паказала, што высокіх вынікаў на міжнародным узроўні можна дасягнуць ужо ў маладым узросце: адна з намінацый была для вучоных да 35 гадоў…
— Маладыя вучоныя хутка заваёўваюць рэпутацыю і дасягаюць значных паказчыкаў, калі выхоўваюцца ў сур’ёзных навуковых калектывах. Яны вучацца пісаць артыкулы са студэнцкага ўзросту, рана разумеюць, што ім трэба ведаць англійскую мову.
Мой уласны вопыт паказвае, што найлепшыя ўмовы для фарміравання вучонага — гэта навуковая школа, дзе пануюць крытычнасць і ў той жа час добразычлівасць. У такім асяроддзі сфарміраваўся я як вучоны пад навуковым кіраўніцтвам акадэмікаў Анатоля Іванавіча Лесніковіча і Вадзіма Васільевіча Свірыдава. Такія ж умовы ствараю і для сваіх вучняў. Сярод іх, напрыклад, адзін з лаўрэатаў прэміі Scopus Award Вадзім Матуліс.
Ёсць нямала выпадкаў, калі істотных вынікаў дасягаюць маладыя вучоныя. Напрыклад, Сяргей Вайцяховіч, навуковы супрацоўнік лабараторыі хіміі кандэнсаваных асяроддзяў, навуковым кіраўніком якой я з’яўляюся, мае індэкс Хірша 9, таму што праводзіў даследаванні і надрукаваў шэраг артыкулаў сумесна з вучонымі Лейпцыгскага ўніверсітэта.
Самае важнае, што праз сваіх навуковых кіраўнікоў маладыя даследчыкі ўцягнуты ў міжнароднае супрацоўніцтва. Яны атрымліваюць магчымасць праводзіць эксперыменты ў замежных навуковых цэнтрах, якія нельга правесці ў Беларусі. А разам з тым — паглядзець свет, удасканаліць замежную мову. Прытым яны разумеюць, што неабавязкова ад’язджаць за мяжу назаўсёды — дастаткова выкарыстоўваць базу заходніх універсітэтаў для даследаванняў. Такой схемай карыстаюцца многія беларускія вучоныя-хімікі і біёлагі.

— Як вы лічыце, ранжыраванне вучоных БДУ паводле іх публікацыйнай актыўнасці і выплата прэмій паўплывае на кадравую сітуацыю, затрымае ў навуцы моладзь?
— Гэта толькі адзін з кампанентаў сістэмы прыцягнення і замацавання маладых даследчыкаў у навуковых падраздзяленнях універсітэта. Напрыклад, мы практыкуем даплаты за абароны дысертацый, прычым як самім дысертантам, так і іх кіраўнікам. Увогуле ў БДУ шмат спосабаў падтрымкі моладзі. Пачынаем са студэнцкай навукі: выдзяляем гранты пад канкрэтныя праекты, якія выконваюцца ў студэнцкіх навукова-даследчых лабараторыях. Кожны год праводзіцца конкурс на лепшую СНДЛ. Студэнты, якія задзейнічаны ў навуцы, атрымліваюць матэрыяльную аддачу. Напрыклад, у НДІ ФХП БДУ ёсць практыка залічэння студэнтаў у штат лабараторый, дзе яны ўдзельнічаюць у даследаваннях і атрымліваюць зарплату.
Зараз з’яўляецца ўсё больш магчымасцей зарабіць у навуцы. Узровень аплаты працы вучонага залежыць ад таго, колькі ён прыцягнуў сродкаў. Я маю на ўвазе міжнародныя гранты, гаспадарчыя дагаворы і кантракты, а не толькі бюджэтнае фінансаванне. Працуй і зарабляй!
Канечне, матэрыяльны складнік вельмі важны. Але для тых маладых навукоўцаў, якія захоплены сваёй справай, грашовы бок — другарадны, на першым жа месцы — навуковы статус, магчымасць быць запатрабаваным не толькі ў Беларусі, але і ў сусветнай навуковай прасторы. А статус, імя, запатрабаванасць і дабрабыт узаемазвязаны.
У еўрапейскіх краінах, дзе мабільнасць нашмат вышэйшая, прафесар на працягу жыцця можа змяніць да дзесяці ўніверсітэтаў. Калі яго індэкс Хірша высокі, ён не проста мае магчымасць сам выбіраць універсітэт, яго нават будуць запрашаць самыя прэстыжныя з іх.
Напрыклад, Андрэй Рогач, выпускнік хімічнага факультэта БДУ, зрабіў выдатную кар’еру ў Германіі: некалькі гадоў назад ён уваходзіў у тройку лепшых даследчыкаў у галіне нанахіміі ў Еўропе. Нядаўна яго запрасілі чытаць лекцыі ў Ганконг. А запрасілі таму, што ў яго ёсць імя, імідж, статус у міжнароднай навуковай супольнасці. Падобныя прапановы паступаюць і вучоным, якія працуюць у БДУ. Для маладых даследчыкаў гэта дадатковы стымул развівацца.

— Вялікі дзякуй за гутарку.

Іна НІКІЦЕНКА.

nikitsenka@ng-press.by

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.