Інклюзіўная адукацыя: ад ідэі да ўвасаблення

- 9:39Да Рэспубліканскага педагагічнага савета, Рознае

Для развіцця інклюзіўнай адукацыі ў нашай краіне ёсць пэўныя перадумовы. Пераважная большасць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ўжо сёння атрымлівае адукацыю ва ўстановах асноўнай адукацыі ва ўмовах інтэграванага навучання і выхавання. Практычна кожная адукацыйная ўстанова сутыкаецца з неабходнасцю арганізацыі вучэбнага працэсу для такіх дзяцей. Для іх ствараецца безбар’ернае асяроддзе, праводзіцца падрыхтоўка педагогаў, мерапрыемствы па фарміраванні талерантных адносін да іх. У некаторых установах спецыяльнай адукацыі сёння функцыянуюць рэсурсныя цэнтры. Унесены і адпаведныя змены ў праект новай рэдакцыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Зацверджана Канцэпцыя развіцця інклюзіўнай адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў Рэспубліцы Беларусь і План мерапрыемстваў на 2016—2020 гады па яе рэалізацыі. Мы пераходзім да ўвасаблення ідэй інклюзіі на практыцы.

З 2014/2015 навучальнага года пачалася рэалізацыя рэспубліканскага эксперыментальнага праекта “Апрабацыя мадэлі інклюзіўнай адукацыі ва ўстановах адукацыі”. Практычна ўсе школы, якія сталі рэспубліканскімі эксперыментальнымі пляцоўкамі, ужо мелі вопыт па арганізацыі інтэграванага навучання і выхавання дзяцей з асаблівасцямі. У эксперыменце прымаюць удзел сярэднія школы № 46 Віцебска, № 8 Наваполацка, № 18 Барысава, № 1 Салігорска, № 5 Гомеля, № 30 Мінска, № 3 Дзятлава, сярэдняя школа в.Астрамечава Брэсцкага раёна.

“З пункту гледжання ўдзельнікаў гэтай дзейнасці ўстанова адукацыі, у якой рэалізоўваецца інклюзіўная адукацыя, павінна прымаць на навучанне кожнае дзіця, — гаворыць Антаніна Міхайлаўна. — Усім работнікам установы трэба быць гатовымі да арганізацыі адукацыйнага працэсу са стварэннем спецыяльных умоў, неабходных для кожнага дзіцяці з АПФР, адпаведнага асяроддзя, каб усе дзеці па магчымасці маглі ўвесь час (вучэбны і пазавучэбны) праводзіць разам, вучыцца па адзіных праграмах і падручніках. Але пры гэтым павінен забяспечвацца даступны і неабходны для кожнага дзіцяці ўзровень вучэбнага матэрыялу.

Чакаецца, што ўкараненне інклюзіўнай адукацыі ва ўстановах дазволіць стварыць адзіную адукацыйную прастору, сфарміруе талерантнае стаўленне да асаблівых дзяцей, павысіць паспяховасць усіх навучэнцаў і будзе спрыяць павышэнню рэйтынга гэтых устаноў адукацыі ў раёне”.

На працягу 2014/2015 навучальнага года ажыццяўляўся падрыхтоўчы этап да эксперыментальнага праекта: праводзіліся мерапрыемствы па стварэнні адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя ў пэўных установах адукацыі, павышалі сваю кваліфікацыю педагогі, вялася работа па фарміраванні талерантных адносін да ўсіх дзяцей з бацькамі навучэнцаў.

У 2015/2016 навучальным годзе ва ўстановах адукацыі былі створаны 14 класаў інклюзіўнай адукацыі (інклюзіўных класаў). У іх пачалі займацца дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця па адукацыйнай праграме пачатковай адукацыі па эксперыментальных вучэбных планах.

Таксама працягвалася інфармацыйна-асветніцкая работа з усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, работа па павышэнні кваліфікацыі педагагічных кадраў. Вымяраўся ўзровень вучэбных дасягненняў навучэнцаў інклюзіўных класаў, праводзіліся соцыяметрычныя даследаванні. Працягвалася работа па фарміраванні талерантных адносін да дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ва ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, ажыццяўлялася псіхолага-педагагічнае суправаджэнне навучэнцаў ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі і інш.

Разам з уключанымі ў эксперымент ЦКРНіР была праведзена работа, у ходзе якой быў дакладна прадуманы склад навучэнцаў інклюзіўных класаў. Кіраўнікамі эксперыментальных пляцовак ва ўстановах разам з навуковым кіраўніком праекта распрацаваны 14 вучэбных планаў, якія зацверджаны намеснікам міністра адукацыі.

Эксперыментальнымі вучэбнымі планамі прадугледжана сумеснае правядзенне ўрокаў настаўнікам і настаўнікам-дэфектолагам. Педагогі праводзілі заняткі ў пары (настаўнік і настаўнік-дэфектолаг) па адзінай сістэме. На думку ўдзельнікаў эксперыментальнай дзейнасці, навучэнцы з АПФР не адчуваюць дыскамфорту, яны нароўні з астатнімі ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, якія праводзяцца ў пазаўрочны час. На занятках у класах інклюзіўнай адукацыі настаўнікі і настаўнікі-дэфектолагі старанна даследуюць узровень засваення вучэбнага матэрыялу навучэнцамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, шукаюць шляхі і метады, якія спрыяюць больш даступнаму разуменню і запамінанню вывучанага, ацэньваюць і карэкціруюць паводзіны вучняў з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі як на ўроках, так і ў пазаўрочнай дзейнасці. Пры вывучэнні адпаведнага вучэбнага матэрыялу настаўнікі школы разглядаюць з навучэнцамі розныя сітуацыі, якія выхоўваюць добразычлівае стаўленне да людзей, здольнасць суперажываць, аказваць дапамогу тым, хто ў ёй мае патрэбу.

Педагогі інклюзіўных класаў аддаюць перавагу педагогіцы супрацоўніцтва, гульнявым тэхналогіям, тэхналогіі ўзроўневай дыферэнцыяцыі, поўнага засваення ведаў, апераджальнага навучання, рабоце ў парах і групах. Склад групы па ходзе заняткаў мяняецца з мэтай фарміравання ў дзяцей адэкватнай самаацэнкі. Педагогі імкнуцца выключыць спаборніцтвы паміж навучэнцамі, каб пазбегнуць дыскамфорту і негатыўных настрояў у класе, атмасферы раз’яднанасці класа і падтрымаць жаданне супрацоўнічаць і ствараць.

Адміністрацыямі школ, педагогамі-эксперыментатарамі вядзецца пастаянная работа з усімі настаўнікамі, бацькамі і грамадскасцю па фарміраванні талерантных адносін да дзяцей з АПФР, што садзейнічае навучанню, развіццю і сацыялізацыі кожнага дзіцяці. На эксперыментальных пляцоўках на працягу ўсяго навучальнага года вывучаўся псіхалагічны мікраклімат, узровень талерантнасці і разумення інклюзіўных працэсаў ва ўсіх яго ўдзельнікаў. Вынікі анкетавання, псіхалагічнага тэсціравання паказваюць дастаткова высокі ўзровень дасведчанасці ў пытаннях інклюзіўнай адукацыі, станоўчых адносін да ідэі інклюзіўнай адукацыі.

Педагогі ЦКРНіР, якія ўключаны ў эксперыментальную дзейнасць, наведвалі заняткі ў інклюзіўных класах, давалі рэкамендацыі, уносілі свае прапановы. Галоўнай задачай ЦКРНіР з’яўляецца абследаванне навучэнцаў, якія знаходзяцца ва ўмовах інклюзіі, і складанне высноў і заключэнняў. Рэкамендацыі спецыялістаў цэнтраў улічваюць асаблівасці кожнага дзіцяці. Яму рэкамендуюць асвойваць пэўную адукацыйную праграму, вучэбны план, а таксама прапаноўваюць тэрмін навучання. У рэкамендацыях апісваецца структура (віды) карэкцыйных заняткаў, урокі, якія праводзяцца разам з настаўнікам-дэфектолагам. Акрамя таго, указваецца, якім павінна быць адукацыйнае асяроддзе, асаблівасці арганізацыі вучэбнай дзейнасці навучэнца.

Рэкамендацыі цэнтраў становяцца асновай для распрацоўкі вучэбнага плана, вызначэння педагагічнай нагрузкі настаўніка-дэфектолага ў інклюзіўных класах. У прапановах спецыялістаў вызначана таксама неабходнасць увядзення пасады памочніка выхавальніка, выхавальніка (для дзяцей з аўтыстычнымі парушэннямі).

“Эксперыментальная работа працягнецца і ў 2016/2017 навучальным годзе, — падкрэслівае Антаніна Міхайлаўна. — Колькасць інклюзіўных класаў павялічыцца. Вынікі эксперыментальнай дзейнасці дазволяць выпрацаваць агульныя рэкамендацыі па ўкараненні інклюзіўнай адукацыі ў кожнай школе і стварыць алгарытм работы па поўным уключэнні асаблівых вучняў у жыццё школ”.

Падрыхтавала Надзея ЦЕРАХАВА.