Усім вядома, што лепш запамінаецца цікавае, эмацыянальна афарбаванае. Адсюль узнікае пытанне: як жа зрабіць так, каб пройдзены матэрыял застаўся ў памяці вучня, каб ён навучыўся карыстацца ведамі, якія атрымаў на ўроках, каб захацеў самастойна пашыраць свае гарызонты па вывучанай тэме?
Адна з галоўных задач педагога — навучыць школьнікаў ставіць перад сабой мэты, знаходзіць спосабы іх дасягнення, адшукваць патрэбную інфармацыю. Такім чынам, актуальным становіцца ўкараненне ў навучанне тэхналогій, якія спрыялі б фарміраванню і развіццю ў школьнікаў умення вучыцца і рабіць гэта самастойна, прымяняючы творчы падыход.
Аб адным з такіх сродкаў навучання — цуда-кніжцы пад назвай лэпбук — хочацца расказаць. Зараз такія кніжкі набіраюць усё большую папулярнасць. Гэтую пазнавальную форму сумеснай працы дзяцей мы адкрылі для сябе нядаўна.
Што такое лэпбук? Інтэрактыўная тэматычная папка ці вучэбны дапаможнік? А можа, гэта спосаб навучання? Упершыню ствараць лэпбукі на ўроках пачалі амерыканскія школьнікі. У даслоўным перакладзе з англійскай мовы лэпбук (lapbook) азначае “кніга на каленях”, ці самаробная інтэрактыўная папка з кішэнькамі, дзверцамі, акенцамі, нататнічкамі, сакрэцікамі, рухомымі дэталямі. Таксама лэпбук абавязкова ўключае ў сябе розныя творчыя заданні. Гэта кніга, якую збіраюць, склейваюць яе асобныя часткі ў адзінае цэлае, крэатыўна афармляюць, выкарыстоўваючы разнастайныя колеры і формы. Гэта варыянт праектнага навучання.
Механізм работы з папкай-кніжкай просты: вучню трэба выканаць вучэбныя заданні, правесці назіранні, даследаваць і вывучыць прадстаўлены матэрыял, каб запоўніць папку. Аднак лэпбук не проста выраб. Гэта заключны этап самастойнай даследчай працы, якую дзіця зрабіла індывідуальна або ў групе падчас вывучэння пэўнай тэмы. Гэта яшчэ і вучэбны дапаможнік.
Без кіруючай ролі настаўніка абысціся немагчыма. Менавіта яму трэба прадумаць, што павінен уключаць у сябе лэпбук, каб цалкам раскрыць тэму (праграмны змест). Лэпбук — гэта не толькі магутны даведачны інструмент і адмысловая форма вучэбнага матэрыялу, гэта перш за ўсё аснова партнёрскай праектнай дзейнасці дарослага з дзецьмі (педагога з навучэнцамі, бацькоў з дзіцем).
Навошта патрэбны лэпбук? Навучэнец па жаданні збірае інфармацыю па вывучаемай тэме, што дапамагае яму лепш зразумець і запомніць матэрыял. Задавальняюцца інтарэсы дзяцей з любым тыпам успрымання інфармацыі: візуалаў, аўдыялаў, кінестэтаў, дыскрэтаў. Стварэнне вучнямі лэпбукаў дапамагае ў складанні звязных выступленняў, развівае маўленне і логіку, вобразнасць і сістэмнасць мыслення, узбагачае лексічны запас і пашырае кругагляд. Для дзяцей гэта і праца, і гульня.
Стварэнне лэпбука спрыяе замацаванню і сістэматызацыі вывучанага матэрыялу, а паўторны зварот да папкі ў далейшым дазваляе лёгка ўспомніць і паўтарыць пройдзеныя тэмы. Лэпбук падыходзіць для арганізацыі індывідуальнай, парнай і групавой працы як на ўроку, так і ў пазаўрочнай дзейнасці, развівае ў вучняў творчыя здольнасці і камунікатыўныя навыкі.
Лэпбукі маюць рознае прызначэнне. Яны могуць быць вучэбнымі, абагульняльнымі, гульнявымі, святочнымі, біяграфічнымі ці аўтабіяграфічнымі, даследчымі і г.д. Могуць адрознівацца па форме: стандартная кніжка з двума разваротамі, папка з 3—5 разваротамі, кніжка-гармонік, фігурная папка.
Этапы работы вучняў па стварэнні лэпбука:
1. Пазнаёміцца з матэрыяламі па тэме будучага лэпбука (па падручніку, праз інтэрнэт і іншыя крыніцы).
2. Вырашыць, што будзе ўключана ў лэпбук, каб цалкам раскрыць тэму.
3. Распрацаваць макет. Трэба прыдумаць, як у лэпбуку будзе прадстаўлены кожны пункт плана. Тут няма меж для фантазіі, формы прадстаўлення могуць быць любыя: ад самай простай — тэкставай, да гульняў і развіццёвых заданняў. І ўсё гэта можна размясціць на розных элементах — у кішэнях, нататнічках, міні-кніжках, кніжках-гармоніках, канверціках розных форм, картках, старонках, якія разгортваюцца, і г.д.
4. Стварыць лэпбук.
У нашай школе ўжо ёсць вопыт прымянення лэпбука ў рабоце з вучнямі, іх бацькамі і настаўнікамі. Так, пры падрыхтоўцы да педагагічнага савета “Кампетэнтнасны падыход як механізм забеспячэння якасці адукацыі і яго рэалізацыя на ўроку” педагогі, разбіўшыся на творчыя групы, мелі магчымасць рэалізаваць свае ідэі, праявіць лідарскія здольнасці і крэатыўны падыход, ствараючы лэпбукі: “Кампетэнтнасны падыход”, “Рэалізацыя кампетэнтнаснага падыходу на вучэбных занятках”, “Мадэль выпускніка пачатковай школы”, “Мадэль выпускніка базавай школы”, “Мадэль выпускніка сярэдняй школы”. Цікавымі атрымаліся таксама абароны лэпбукаў групамі настаўнікаў.
Такая работа спрыяла асваенню педагогамі новага сродку навучання і методыкі яго выкарыстання на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці. У нашай установе адукацыі настаўнікі пачатковай школы выкарыстоўваюць лэпбук на літаратурным чытанні, на ўроках рускай мовы і матэматыкі, на занятках “Чалавек і свет”, напрыклад, для замацавання тэм “Жывёлы і птушкі Беларусі”, “Склад ліку”, “Ненаціскныя галосныя ў корані”. Прымяняецца лэпбук і падчас правядзення пазакласнага мерапрыемства “Новы год у розных краінах”.
На вучэбных занятках у 5—11 класах і падчас правядзення Дня грамадзянскай абароны мы таксама выкарысталі гэтую форму работы. Так, былі створаны лэпбукі па тэмах “Дзеянні з дзесятковымі дробамі”, “Тэкставы рэдактар”, “Рэльеф дна Сусветнага акіяна”, “Светлавыя з’явы”. Пры правядзенні Дня грамадзянскай абароны вучні стваралі лэпбукі на тэмы “Статус бяспекі дома”, “Бяспека ў школе”, “Бяспека на вадзе”, “Бяспека ў лесе”. Як высветлілася, такая форма работы дапамагае педагогам стымуляваць дзіцячую ініцыятыву і творчасць.
Наш вопыт з цікавасцю быў успрыняты ўдзельнікамі метадычнага настаўніцкага летніка “Альхоўка-2017” (пра летнік наша газета пісала 18 ліпеня гэтага года. — Заўв. рэд.). Паколькі ў Альхоўцы збіраюцца творчыя педагогі, якія ўмеюць эфектыўна і зладжана працаваць у камандзе, ім было прапанавана стварыць лэпбукі па тэмах “Пчаліная сям’я” і “Веснік Альхоўкі”.
Нягледзячы на тое, што групы працавалі з аднолькавым матэрыялам, кожная з іх прадставіла арыгінальны варыянт лэпбука, раскрыўшы прапанаваную тэму па-свойму. Педагогі змаглі ацаніць магчымасці новага сродку навучання і разгледзець перспектывы яго выкарыстання ў сваёй педагагічнай дзейнасці.
Хочацца яшчэ раз падкрэсліць, што лэпбук — сродак для рэалізацыі дзейнаснага метаду навучання, адмысловая форма падачы вучэбнага матэрыялу. Пры стварэнні лэпбука дзеці не атрымліваюць веды ў гатовым выглядзе, а здабываюць іх самі ў ходзе даследчай, пазнавальнай дзейнасці. Лэпбук фарміруе ў навучэнцаў уменне знаходзіць патрэбную інфармацыю сярод мноства крыніц.
Лэпбук, на мой погляд, дазваляе зрабіць так, каб пройдзены матэрыял заставаўся ў памяці вучня, каб дзіця вучылася карыстацца тымі ведамі, якія атрымала на ўроках і пазакласных занятках па пэўнай тэме, каб хацела самастойна пашыраць свае веды.
Вольга КЕЦКО,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 14 Наваполацка.