“#IT_link” — конкурс высокіх тэхналогій

- 13:32Навіны рэгіёнаў

“#IT_link” — новы конкурс, прыняць удзел у якім сёлета прапанавалі ўсім жадаючым яго арганізатары — адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій, упраўленне адукацыі Мінаблвыканкама і Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Галоўная мэта конкурсу — папулярызацыя тэхнічнай адукацыі сярод моладзі і стымуляванне вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь да працягу навучання па інжынерных, камп’ютарных і іншых тэхнічных спецыяльнасцях, да развіцця тэхнічных і творчых уменняў і навыкаў.

Хоць конкурс і праводзіўся ўпершыню, прыняць удзел у ім адразу ж захацелі многія, бо сёння моладзь актыўна цікавіцца інфармацыйнымі тэхналогіямі. І арганізатары далі такую магчымасць беларускім школьнікам любога ўзросту.
Вучні 1—3 класаў бралі ўдзел у намінацыі “ІТ вачыма дзяцей”. Яны дасылалі на конкурс малюнкі, у якіх адлюстроўвалі свае ўяўленні аб інфармацыйных тэхналогіях, а таксама прысвечаныя тэхналогіям аўтаматызацыі і робататэхнікі. Самыя маленькія ўдзельнікі аказаліся і самымі актыўнымі. На конкурс было заяўлена 400 работ.
Многа было і вырабаў, прадстаўленых у намінацыі “ІТ-фантазія”. Навучэнцы 4—6 класаў прадставілі на суд журы 103 шэдэўры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва па тэме.
Да ўдзелу ў намінацыі конкурсу “Прафесія ў ІТ” запрашаліся вучні 7—9 класаў. Яны стварылі праекты, якія адлюстроўвалі вынікі творчай работы вучня, накіраванай на папулярызацыю прафесій, звязаных з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Жадаючых пазмагацца за перамогу ў гэтай намінацыі было 86.
Самае сур’ёзнае і складанае выпрабаванне прапанавалася вучням 10—11 класаў у намінацыі “ІТ-ідэя”. Кожны ўдзельнік прапанаваў гатовы прататып і праект, вынікам рэалізацыі якіх стаў выхад новага мабільнага дадатку. На першым этапе былі праведзены агульная і тэхналагічная экспертызы прадстаўленых праектаў. У якасці экспертаў выступілі спецыялісты кампаній — рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій, эксперты ў галіне інфармацыйных тэхналогій, а таксама спецыялісты ў галіне эканамічнай экспертызы і арганізацыі фінансавання інавацыйных праектаў. 9 работ прайшлі ў фінал. На фінальным этапе навучэнцы прэзентавалі свае праекты членам журы конкурсу, а таксама патэнцыяльным інвестарам.
За 7 хвілін кожны з іх павінен быў раскрыць перавагі прапанаванага праекта, ахарактарызаваць рынак, дзе прадукт можа быць запатрабаваны, апісаць стратэгію камерцыялізацыі, агучыць планавыя фінансавыя паказчыкі і рызыкі праекта. Школьнікі прапанавалі дадатак-памочнік для паўтарэння пройдзенага матэрыялу, падрыхтоўкі да экзаменаў і кантрольных работ, канвертар цэн, дадатак у дапамогу турыстам, электронны дзённік. Лаўрэатамі конкурсу ў гэтай намінацыі сталі Канстанцін Верын, навучэнец Пліскай сярэдняй школы імя В.А.Мікуліча Смалявіцкага раёна, Глеб Скрыпінскі, навучэнец Мінскага раённага ліцэя, і Глеб Ліннік, навучэнец гімназіі № 50 Мінска. А пераможцам у гэтай намінацыі стаў Ілья Карпук, вучань сярэдняй школы № 3 Старых Дарог. Яго праект SBox уразіў журы. Хлопец стварыў асяроддзе для распрацоўкі гульняў, працаваць у якім можна на камп’ютары і планшэце. Праграмаваннем Ілья займаецца з 7 класа. Над праектам SBox пачаў працаваць у лютым гэтага года. Упершыню прадставіў яго на абласным этапе конкурсу “ТэхнаІнтэлект” і там атрымаў дыплом ІІІ ступені. Потым сур’ёзна дапрацаваў SBox і ў выніку стаў пераможцам на ІТ- конкурсе. “Я і далей буду ўдасканальваць свой праект, улічваючы рэкамендацыі, якія атрымаў ад членаў журы конкурсу, — расказвае Ілья Карпук.— Гэта цудоўна, што на конкурсе журы было вельмі добразычлівым, дапамагала ўдзельнікам і падтрымлівала падчас выступленняў. Пасля завяршэння конкурсу ў кожнага была магчымасць задаць пытанні экспертам і атрымаць разгорнуты адказ. Наогул, конкурс мне спадабаўся, асабліва тым, што ён абуджае цікавасць да сферы высокіх тэхналогій нават у самых маленькіх”.
Сваю работу Ілья Карпук стварыў пад кіраўніцтвам настаўніцы інфарматыкі сярэдняй школы № 3 Старых Дарог Алены Фёдараўны Русаковіч. Алена Фёдараўна — перспектыўны і таленавіты педагог. У мінулым навучальным годзе яна была кіраўніком даследчай работы Паўла Бацылева, які стаў адным з чатырох фіналістаў конкурсу навучэнцаў Belarus Science and Engineering Fair-2014” і прадстаўляў Беларусь у ЗША на Міжнародным навукова-інжынерным конкурсе “Intel International Science and Engineering Fair 2014. Пазней створаны ім мабільны дадатак “Хімія Х10” стаў пераможцам конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Цяпер Павел ужо студэнт, а Алена Фёдараўна працягвае займацца з таленавітымі дзецьмі. Ужо сёння ў Ільі Карпука і Алены Фёдараўны мноства новых ідэй, якія яны плануюць рэалізаваць, каб паўдзельнічаць у новых конкурсах.
Наогул, на конкурсе “#IT_link” больш за 80 вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі рэспублікі сталі ўладальнікамі дыпломаў і падарункаў. А яшчэ фіналісты і ўдзельнікі конкурсу наведалі музей развіцця інфармацыйных тэхналогій, пабывалі ў бізнес-інкубатары і на экскурсіі ў кампаніях — рэзідэнтах Парка высокіх тэхналогій.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена МАІРА.