Каб газета была для душы

- 10:35Нам пішуць

“Настаўніцкую газету” я выпісвала з пачатку сваёй прафесійнай дзейнасці, а гэта больш за 40 гадоў, цяпер таксама чытаю, бо сын – настаўнік і выпісвае яе. На старонках газеты знаёмлюся з новымі аўтарамі, новымі напрацоўкамі, радуюся разам з аўтарамі іх дасягненням і вяршыням.

Заўсёды чытаю выступленне міністра адукацыі. У № 8 за 26 студзеня 2016 года я перачытала ўсе матэрыялы пра газету, пра адносіны да яе. Падзяляю выказванне Вацлава Іванавіча Матусевіча, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага райвыканкама. Погляд яго цаню, бо чалавек мае стаж не толькі кіраўніка, але і працаўніка ў сістэме адукацыі.
Я хачу, каб газета была яшчэ больш актуальнай, адкрытай, вострай. Каб жыццё сістэмы адукацыі асвятлялася ўсебакова, каб праблемныя пытанні не заставаліся па-за ўвагай.
Віншую рэдакцыю з юбілеем, жадаю натхнення, творчасці. Жадаю, каб на старонках “Настаўніцкай газеты” просты настаўнік, тым больш сельскі настаўнік убачыў сябе, свае праблемы, і каб настаўнік-пенсіянер мог выпісаць газету для душы.

Тамара СКРАБЕЦ,
ветэран педагагічнай працы, Столінскі раён.