Калі сям’я становіцца камандай

- 10:20Людзі адукацыі

Як паспяхова сумясціць справы вялікай сям’і і актыўную прафесійную дзейнасць, ведае Таццяна Сахновіч, загадчык кафедры інжынернай эканомікі машынабудаўнічага факультэта БНТУ, кандыдат эканамічных навук, дацэнт і маці чатырох дзяцей. А ўсё таму, што ў сямейныя справы яна ўкараняе навуковыя падыходы, а на рабоце імкнецца ствараць атмасферу дамашняга камфорту.

Усё жыццё Таццяны Сахновіч звязана з Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам. Скончыла машынабудаўнічы факультэт па спецыяльнасці “Металарэзныя станкі і інструменты”, пазней паступіла ў аспірантуру. Абараніўшы кандыдацкую дысертацыю, з пачуццём выкананага абавязку спакойна пайшла ў першы дэкрэтны водпуск. Потым у другі…

Сёння дочкам Таццяны Аляксандраўны 19, 17 і 3 гады (старэйшыя ўжо студэнткі). Сыну — 8 гадоў.

Яна расказвае, што нават у дэкрэтным водпуску не спыняла актыўнай дзейнасці. Усё было: чытанне кніг па начах, курсы павышэння кваліфікацыі, навуковыя канферэнцыі, публікацыі.

“Я не магу не вывучаць штосьці новае, не пісаць, не кіраваць, не кансультаваць, — прызнаецца Таццяна Сахновіч. — І калі хачу выкладаць, то гэта заўсёды павінна быць актуальная інфармацыя. Нельга выйсці і расказваць студэнтам тое, што было калісьці, гадоў 20 назад. Моладзь не ўспрымае саста-рэлыя веды. Таму даводзіцца працаваць многа і крыху з апярэджаннем”.

Як жа ўдаецца Таццяне Аляксандраўне сумяшчаць работу ва ўніверсітэце і сямейныя клопаты?

“Я вывучала такую дысцыпліну, як “Арганізацыя вытворчасці”, і гэта аказалася вельмі карысным, — усміхаецца Таццяна Сахновіч. — Калі ты ўмееш арганізаваць складаныя вытворчыя працэсы, то арганізаваць уласны побыт, навуку, выкладчыцкую работу намнога прасцей. Пры правільным навуковым падыходзе можна паспяваць значна больш, чым вы нават сабе ўяўляеце”.

Пры гэтым наша гераіня рашуча адмаўляецца гаварыць пра складанасці: “Слова “складана” вельмі сумнае, яно адбівае ўсялякую ахвоту штосьці рабіць. А да любой справы трэба падыходзіць з цікавасцю і любоўю”.

Што можа быць лепш, чым сабрацца разам і махнуць на прыроду?! Гуляць, гутарыць, дзяліцца эмоцыямі, прыдумляць вясёлыя сюжэты для сямейных фота… Такой дружнай камандзе ўсё па плячы, усё ў радасць. І маміны рукі падтрымаюць кожнага, каму патрэбны сілы для ўзлёту.

Лёгкі характар Таццяны Сахновіч прыцягвае да яе людзей. І яна сама чэрпае натхненне ў чалавечых зносінах. “Я не веру ў тое, што бываюць дрэнныя людзі. Бываюць дрэнныя сітуацыі і, як вынік, неабдуманыя ўчынкі, а ўсе людзі добрыя. Напаўняюся іх дабрынёй і святлом. Гэтак жа мяне сілкуе энергіяй прырода, навакольны свет”, — дзеліцца эмоцыямі Таццяна Аляксандраўна.

Яна шмат расказвае пра сваіх студэнтаў — такіх розных і такіх падобных у сваёй юнацкай шчырасці, перакананнях. Гаворыць, што, як і свае дзеці, студэнты дапамагаюць убачыць свет іншымі вачыма.

“Гэта свайго роду ключыкі і падказкі, якія дапамагаюць мне стаць лепшай, — расказвае Таццяна Сахновіч. — Слухаю студэнтаў і разважаю: а я вось так думала, як яны? З іншага боку аналізавала сітуацыю? Дзякуючы поглядам і меркаванням студэнтаў, свет бачыцца шматгранным, як брыльянт. Класічная агранка — гэта 57 граней! Маё акружэнне якраз і стварае гэтае цудоўнае ззянне”.

Сямейны адпачынак Таццяна Аляксандраўна з мужам Дзмітрыем Валер’евічам імкнуцца зрабіць разнастайным. “Стараемся збірацца разам як мага часцей, — гаворыць Таццяна Сахновіч. — Напрыклад, у адны выхадныя хадзілі ў ганчарную майстэрню, ляпілі дзядулю падарункі. У наступныя выхадныя распісвалі вырабы. Потым паехалі на дзень нараджэння дзядулі і ўсё гэта падарылі. Да гэтага хадзілі ў папугайню — быў вельмі цудоўны, эмацыя-нальна насычаны вечар. У найбліжэйшых планах — выстава робатаў”.

Захапляюся Таццянай Сахновіч: у іншых сем’ях адно дзіця не атрымлівае столькі ўвагі, колькі атрымліваюць яе чацвёра. Разам адпачываюць, ра-зам займаюцца карыснымі справамі. 

“Адно дзіця — гэта заўсёды незразумела і страшна. Яго з’яўленне ў сям’і вельмі мяняе жыццё, — тлумачыць Таццяна Аляксандраўна. — Потым з’яўляецца другое дзіця, і ты думаеш: а чаму я тады баялася, гэта ж так проста, ад гэтага можна атрымліваць асалоду. З дваімі ўжо цяжэй. А на самай справе аптымальная коль-касць — трое. На чацвярых дзяцей нікога не ўгаворваю, кожны вырашае сам. А вось трое дзяцей — правільна нават з навуковага пункту гледжання: агульнавядома, што трохвугольнік — самая ўстойлівая фігура! З трыма дзецьмі знікае жорсткая канкурэнцыя, праходзяць зайздрасць, рэўнасць. Сям’я становіцца маладзёжнай камандай. А такая каманда заўсёды мацнейшая за тую, дзе большая частка сям’і ўзроставая. Яна больш энергічная, дынамічная, запальная. Таму шчыра раю ўсім лічбу тры!”

Матулям, якія выхоўваюць дзяцей, Таццяна Сахновіч жадае найперш цярпення:

“Мама — гэта той чалавек, на якім трымаецца ўнутраны свет дому. Каб яго захаваць, трэба ўмець часам пачуць, часам падказаць, часам прамаўчаць. А гэта вельмі няпроста. Таму жадаю ўсім цярпення і храбрасці — не баяцца быць мнагадзетнымі мамамі”.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота з асабістага архіва гераіні.