Калі ўсе мы разам…

- 12:31Культура

12 верасня адбыўся фінальны гала-канцэрт удзельнікаў агульнарэспубліканскай акцыі “Харавое веча”, якая праводзілася з лютага па верасень 2015 года Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, аблвыканкамамі і Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі.

У Дзень горада ля сцен Храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць пра ахвяр, якія паслужылі выратаванню нашай Бацькаўшчыны, выступілі каля 70 лепшых прафесійных і аматарскіх харавых калектываў Беларусі ў рамках рэспубліканскай грамадскай акцыі “Мы разам”. Такога гонару былі ўдастоены 4 дзіцячыя ўзорныя харавыя калектывы з агульнаадукацыйных школ Мінска, у тым ліку і канцэртны хор “Раніца” сталічнай школы № 145 (кіраўнік Святлана Герасімовіч, канцэртмайстар Людміла Собалева).
Сярод слухачоў былі прадстаўнікі органаў улады, міністэрстваў і ведамстваў, духавенства, дыпламатычных місій, дзеячы мастацтва і культуры, кіраўнікі харавых калектываў, грамадскасць Мінска. З прывітальным словам перад удзельнікамі гэтай грандыёзнай імпрэзы выступіў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў. Ён падкрэсліў, што харавое мастацтва — гэта тая сіла, якая яднае людзей. Пробашч Храма-помніка Усіх Святых Фёдар Повны адзначыў, што харавое веча — гэта не толькі свята спеваў, але і свята шырокай славянскай душы, якая змяшчае ў сабе ўвесь свет.
Праграма гэтага выдатнага канцэрта адрознівалася вялікай разнастайнасцю: песні пра Радзіму і свет, песні ваенных гадоў, дзіцячыя песні, духоўная і народная музыка. Песні гучалі і аб’яднаным хорам (каля 2 тысяч чалавек), і групамі хароў, адзін дырыжор змяняў іншага. Акампанаваў жа ўсім Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь.Кіраўнік нашага школьнага ўзорнага канцэртнага хору “Раніца” Святлана Герасімовіч сваім дырыжыраваннем натхніла зводны хор так, што песня С.Рахманінава “Вясновыя воды” прагучала як захоплены гімн абнаўленню прыроды і чалавека. Здавалася, падчас выканання гэтай цудоўнай музыкі развеяліся хмурныя хмары, вызірнула яркае сонца, а ў саміх удзельнікаў спеваў дадалося сіл і адкрылася другое дыханне.
Апошнім акордам маштабнага музычнага свята стала песня М.Шуміліна “Мінскі вальс” і ўрачысты спеў “Многая лета”. Іх з вялікім эмацыянальным уздымам выканалі ўсе ўдзельнікі “Харавога веча”.
Дзякуй усім, хто задумаў і ажыццявіў гэты маштабны праект! Мы можам усё, калі мы разам!

Алена ЕМЯЛЬЯНАВА,
настаўніца па класе фартэпіяна сярэдняй школы № 145 Мінска.