Каляровыя вёрсты Віленскага шляху

- 11:32Родная земля

Буйныя дарогі і рэкі нярэдка параўноўваюць з артэрыямі (транспартная артэрыя, водная артэрыя). У адносінах да старадаўняга Віленскага шляху, што перасякае Маладзечанскі край з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход і больш вядомы як траса Р28, больш справядлівым будзе іншае параўнанне — дарога жыцця. Менавіта ёй раён у многім абавязаны сваім сацыяльным, эканамічным развіццём. Па шляху праязджалі знакамітыя людзі, тут здзейсніў свой подзвіг экіпаж капітана Гастэлы. Дарэчы, адзіны на Беларусі помнік дарозе таксама знаходзіцца на абочыне гэтай трасы каля павароту на вёску Мясата.

Радасць сустрэчы

Перавозка грузаў і пасажыраў — гэта ўсё другаснае. У першую чаргу дарогі ствараюцца для набліжэння сустрэч. Колькі іх адбылося дзякуючы старадаўняму Віленскаму шляху, ведаюць, напэўна, толькі высокія разгалістыя таполі, якія яшчэ сустракаюцца абапал ажыўленай трасы. Некалі па гэтай дарозе накіроўваліся да сваіх родных, сяброў, калег, знаёмых Сымон Будны, Міхал Клеафас Агінскі, Тарас Шаўчэнка, Мікалай Гогаль, Тамаш Зан, Рыгор Шырма, Язэп Драздовіч, Аляксандр Твардоўскі, Пётр Машэраў, Уладзімір Караткевіч. Дарэчы, з поўным спісам імёнаў “слаўных сыноў і дачок Беларусі, народаў-суседзяў”, якія “на гэтым старажытным гасцінцы таксама пакінулі свой след, несучы ў наш край святло дабрыні, свабоды і гуманізму”, можна азнаёміцца на шыльдзе, змешчанай на валуне-помніку. Тысячы людзей у мінулыя эпохі і сотні тысяч у наш аўтамабільны век праязджаюць штогод у напрамку Мінска і Вільні, кожны спяшаецца на сустрэчу.

Цікавыя сустрэчы з педагогамі, знаёмства з адметнасцямі маладзечанскай зямлі адбудуцца і падчас нашага падарожжа па маршруце Радашковічы — Краснае — Маладзечна — Лебедзева — Заскавічы. Гэтыя населеныя пункты выбраны нездарма: усе яны, нібыта пацеркі, нанізаны на звілістую нітку — Віленскі шлях, у тутэйшых установах адукацыі педагогі і навучэнцы актыўна даследуюць родную зямлю, яе гісторыю, у кожнай школе назапашаны адметны вопыт выхаваўчай работы.

Вайна і агонь

аколькі мы параўналі населеныя пункты з пацеркамі, то паспрабуем кожную з іх афарбаваць у пэўны колер. Напрыклад, пацерку пад умоўнай назвай “Радашковічы” зробім чырвонай, бо гэта колер вайны, агню, а менавіта ў ваколіцах Радашковіч у гады Вялікай Айчыннай вайны была здзейснена найбольшая ў раёне колькасць таранаў. Да таго ж у Радашковіцкай школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дзейнічае музей “Паветраных і вогненных таранаў”, пры афармленні якога дамінуючым быў выбраны менавіта чырвоны колер.

Як паведаміла кіраўнік музея Зоя Міхайлаўна Макляк, асновай для стварэння музея паслужылі матэрыялы пра лётчыкаў экіпажа Мікалая Гастэлы, што збіраў былы дырэктар установы Міхаіл Лукіч Лукашэвіч і навучэнцы адразу пасля адкрыцця школы-інтэрната. Пасля адкрыцця музея, якое адбылося 26 чэрвеня 1966 года, пачалася больш актыўная даследчая і пошукавая работа. Сабраныя матэрыялы ўжо расказвалі і пра подзвіг іншых экіпажаў (напрыклад, капітана Аляксандра Маслава, старшага лейтэнанта Ісака Прэсайзена), здзейсненых на маладзечанскай зямлі. Усяго падчас пошукавай работы былі знойдзены звесткі пра 969 лётчыкаў, наладжана перапіска з роднымі і аднапалчанамі герояў, пачалі праводзіцца сустрэчы калектываў школ, якія носяць імя Мікалая Гастэлы.
— Папаўненнем экспазіцыі новымі матэрыяламі ў розныя часы займаліся кіраўнікі музея Міхаіл Пятровіч Міношын, Міхаіл Іванавіч Касяк, Ніна Васільеўна Вайтовіч. Паступова ўзнікла неабходнасць пашырыць экспазіцыю. Так з’явілася другая зала “Яны паўтарылі подзвіг Гастэлы”. У 2001 годзе рашэннем педсавета музей экіпажа Мікалая Францавіча Гастэлы быў перайменаваны ў музей “Паветраных і вогненных таранаў”. У 2005 годзе супрацоўнік Мінскага абласнога краязнаўчага музея Сяргей Старыкевіч распрацаваў новую канцэпцыю экспазіцыі, усе найбольш каштоўныя прадметы і матэрыялы былі змешчаны ў адной зале, а ў другой быў створаны краязнаўчы музей, прысвечаны гісторыі ўстановы адукацыі, пасёлка Радашковічы і Міністэрству ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, таму што супрацоўнікі органаў унутраных спраў больш за 25 гадоў з’яўляюцца нашымі шэфамі і прынялі актыўны ўдзел у афармленні экспазіцыі. Актыўную дапамогу музею ў папаўненні фондаў аказваў і сын Мікалая Гастэлы Віктар, — расказвае Зоя Міхайлаўна.
Акрамя экскурсій, лекцый, у музеі прымаюць у піянеры, працягваецца перапіска з роднымі Мікалая Гастэлы. У музеі пабывалі не толькі жыхары Беларусі, але і дэлегацыі з Расіі, Казахстана, Украіны, В’етнама, Грузіі, Італіі, Кубы і іншых краін. У 1987 годзе музею было прысвоена званне “Выдатны школьны музей”, а ў 1991 годзе Міністэрства культуры прысвоіла яму званне “народны”. За вялікую работу, праведзеную музеем, ён быў узнагароджаны ордэнам Аляксандра Неўскага. Цяпер у музеі захоўваецца больш за тысячу экспанатаў. Найбольш каштоўныя з іх — гэта пісьмо члена экіпажа Мікалая Гастэлы Аляксея Калініна да сваёй маці, якое ён падпісаў 22 чэрвеня 1941 года, і арыгінальная навігацыйная лінейка экіпажа Маслава.
Пра подзвіг Гастэлы маладому пакаленню, канечне ж, трэба ведаць. Аднак нярэдка за звесткамі ў падручніках, за суровым “поглядам” помніка, устаноўленага герою ў двары Радашковіцкай школы-інтэрната і на абочыне трасы Р28, зусім не праглядваецца Гастэла-чалавек, са сваімі недахопамі, перавагамі, інтарэсамі. Гэты недахоп і намагаюцца кампенсаваць падчас экскурсій у радашковіцкім музеі.
— Захопленасць небам у Мікалая праявілася яшчэ ў дзяцінстве. Неяк у школе ён змайстраваў макет самалёта з колцамі. Акрамя таго, Мікалай цудоўна граў на гармоніку, быў капітанам футбольнай каманды, займаўся сталярнай справай, любіў вышываць. Канечне, гэта цікавыя звесткі, аднак самае галоўнае — подзвіг Гастэлы, вакол якога і грунтуецца выхаваўчая работа ў нашай школе, — паведаміла Зоя Міхайлаўна.

Мірнае неба

ацерку “Краснае” (наступны пункт нашага падарожжа па Віленскім шляху), нягледзячы на яе назву, мы пафарбуем у сіні колер — колер мірнага неба. Такія асацыяцыі ўзнікаюць нездарма: воінам Чырвонай Арміі, якія дзеля гэтага мірнага сіняга неба ахвяравалі сваімі жыццямі, у вёсцы пастаўлены тры помнікі. Адзін з іх — танк, прысвечаны воінам-вызваліцелям, — знаходзіцца на цэнтральнай плошчы, другі, прысвечаны воінам-танкістам роты Рыгора Рыгоравіча Кіяшкі, якія першымі ўварваліся ў Краснае 2 ліпеня 1944 года, пастаўлены каля будынка сельскага Дома культуры, а трэці знаходзіцца ў музеі Красненскай сярэдняй школы. Калі гаварыць больш дакладна, то гэта паменшаная копія помніка воінам-танкістам. Сярод іншых экспанатаў школьнага музея — фотаздымкі землякоў-ветэранаў, прадметы колішняга побыту вяскоўцаў. Экспанаты збіраліся на працягу доўгага часу пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Ганны Мікалаеўны Новікавай, потым — настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Ганны Сцяпанаўны Бяліцкай, цяпер музеем кіруе выпускніца школы настаўніца англійскай мовы Алена Фёдараўна Данілевіч. Па яе словах, асноўную ўвагу наведвальнікаў экскурсаводы засяроджваюць на аповедзе пра “дарогу жыцця” Маладзечанскага раёна, якая праходзіць каля школы. Асабліва цікавым з’яўляецца аповед пра тое, як будавалася дарога. Дапамогу экскурсаводам тут аказвае кніга “Красненскія таямніцы” былога выпускніка школы Сяргея Віктаравіча Старыкевіча.

Знакаміты краязнаўца Генадзь Каханоўскі ў кнізе “Повязь часоў” паведамляе, што “…гісторыю гасцінца, які праходзіць праз Краснае, ніхто не вывучаў, а калі б так было, атрымалася б ні з чым не параўнальная метрыка”. Актыўная работа па даследаванні роднага краю, якой Сяргей Віктаравіч займаўся яшчэ ў школьныя гады, прынесла добрыя вынікі: ён склаў гэтую своеасаблівую метрыку. Падчас экскурсій абавязкова зачытваецца ўрывак з гэтай кнігі, узяты аўтарам з артыкула “Якой павінна быць дарога”, што выйшаў у 1939 годзе ў “Сялянскай газеце”: “Дарога, будаўніцтва якой пачата па ініцыятыве насельніцтва Красненскай воласці, прызвана злучыць абласны цэнтр са сталіцай БССР — Мінскам. Адно гэта гаворыць аб тым, што дарога Вілейка — Мінск павінна адпавядаць усім патрабаванням гаспадарчага і культурнага будаўніцтва вобласці… Праезную частку дарогі масціць трэба колатым камнем сярэдняга памеру 18 сантыметраў. Гэта дасць дарозе моцнасць і даўгавечнасць. На ўчастках з балоцістай і гліністай глебай праезная частка дарогі будзе ўкладвацца камнем на пясчанай падушцы таўшчынёй 25 сантыметраў. Апрача таго, дарогу Вілейка — Мінск неабходна культурна аформіць. Дрэвапасаджэнне скарыстаць неад’емнай часткай будаўніцтва дарогі. Першы бок пасадкі дрэў надасць дарозе культурны выгляд, а другі будзе абараняць дарогу ад снежных заносаў”. Цікавымі з’яўляюцца і ўспаміны селяніна з вёскі Мясата А.Л.Хомчыка, які падчас будаўніцтва дарогі быў абраны брыгадзірам: “Некалькі гадоў назад, прыехаўшы ў Краснае, я павінен быў аставіць там сваю цялегу і чакаць, пакуль падсохне дарога, а зараз у любы час года па нашай дарозе можна правозіць любыя грузы”.

Сонечна і ветліва

амую вялікую пацерку, нанізаную на звілістую нітку Віленскага шляху, пад назвай “Маладзечна” варта пафарбаваць у жоўты колер — колер радасці, сонца, адкрытасці і ветлівасці, з якой мяне сустракалі педагог дадатковай адукацыі кіраўнік клуба “Пралеска-Тур” Валерый Браніслававіч Трацяк, метадыст аддзела адукацыі Маладзечанскага райвыканкама Галіна Генрыхаўна Загдай, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 11 Маладзечна Галіна Пятроўна Пішчык. Асацыяцыі Маладзечна менавіта з жоўтым колерам узніклі яшчэ і пасля нашай непрацяглай прагулкі па абноўленым да нядаўніх Дажынак горадзе, падчас знаёмства з забудовай канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя ў той частцы горада, дзе некалі праходзіў Віленскі шлях. Па тым, з якім захапленнем педагогі расказвалі пра мінулае роднага горада, няцяжка было здагадацца, наколькі шчыра яны любяць роднае Маладзечна.

А яшчэ Валерый Браніслававіч ганарыцца сваёй скаўцкай дружынай “Маладэчына”. Каб зразумець, наколькі эфектыўна вядзецца работа дружыны, настаўнік запрасіў мяне ў яе штаб-кватэру. Карычнева-аранжавая гітара на сцяне, пацямнелыя ад часу старадаўнія карты тэрыторыі сучаснага Маладзечанскага раёна, па якіх юныя скаўты здзяйсняюць свае падарожжы… Нягледзячы на гэтыя колеры, у штаб-кватэры было светла, прасторна, таму, адпаведна, і тут узніклі асацыяцыі з жоўтым колерам. Гэты колер памяшканню клуба “Пралеска-Тур” надаюць яшчэ і тыя ўсмешкі, той добры настрой, з якім скаўты плануюць сваю работу, адпраўляюцца ў паходы.
— Каб дзеці заўсёды былі радаснымі, важна іх зацікавіць. І тут варта звярнуцца да добрых савецкіх традыцый, калі юным турыстам прысуджаліся спецыяльныя разрады, а за пэўныя поспехі яны атрымлівалі спецыяльныя значкі, — адзначыў начальнік дружыны.

Усе гэтыя традыцыі былі захаваны Валерыем Браніслававічам, творча перапрацаваны ў адпаведнасці з інтарэсамі сучаснай моладзі. Кожны год удзельнікі дружыны “Маладэчына”
здаюць своеасаблівыя скаўцкія разрады і спраўнасці. Існуюць тры разрады, а таксама дзве ступені скаўта Беларусі. Аднак самым хвалюючым момантам для юных аматараў паходаў і даўніны з’яўляецца атрыманне спецыяльных нашывак за пройдзеную ў паходах адлегласць. Напрыклад, нашыўка зялёнага колеру “Жабяня” прысуджаецца за пераадоленне адлегласці ад Маладзечна да Мінска (75 кіламетраў), жоўтага колеру “Калабок” — за пераадоленне адлегласці да Вільнюса (130 кіламетраў), аранжавага колеру “Лось” — за пераадоленне адлегласці да Гродна (250 кіламетраў), карычневага “Воўк” — 500 кіламетраў, чорнага “Зубр” — 675 кіламетраў (даўжыня Беларусі), чырвоны “Зубр” — 1000 кіламетраў.
Прысуджаюцца і спецыяльныя турыстычныя ступені (турыст, турыст Беларусі, турыст-праваднік, турыст-інструктар). Каб узысці на адну з такіх ступеняў, навучэнцам неабходна паспяхова прайсці навучанне па аднайменных праграмах. Праграма скаўцкай спраўнасці “Турыст” прадугледжвае пераадоленне для хлопцаў адлегласці ў 75 кіламетраў, для дзяўчат — 50, правядзенне ў палатцы мінімум адной палявой начоўкі. Неабходна ўмець арыентавацца па компасе і карце, сонцы, ведаць асноўныя тапаграфічныя знакі (20 шт.), разбірацца ў тапаграфічнай карце, умець спакаваць рукзак, раскласці вогнішча, паставіць палатку, прыгатаваць ежу (кашу, чай), завязаць 10 вузлоў, выконваць 5 турысцкіх песень, ведаць і выконваць правілы бяспекі.

Вера і спадзяванне

ырвоны, сіні, жоўты… Наступную пацерку пад умоўнай назвай “Лебедзева” афарбуем у зялёны колер — колер адраджэння, спадзяванняў. У Лебедзеўскай сярэдняй школе гэтыя спадзяванні спецыфічныя, музейныя. І настаўнік гісторыі Антон Антонавіч Апанасевіч, які кіруе школьным гісторыка-краязнаўчым музеем “Спадчына”, і навучэнцы, і ўвесь педагагічны калектыў спадзяюцца, што некалі абавязкова будуць знойдзены ўкрадзеныя з музея надзвычай каштоўныя экспанаты, сваё месца пад шклом зноў зоймуць і самаробная сялянская скрыпка XVIII стагоддзя, і богаслужбовыя кнігі XIX стагоддзя ці хаця б не менш каштоўныя прадметы. Такая вера і спадзяванні і надаюць сіл для актыўнай пошукавай работы.

Падчас экскурсіі па школьным музеі Антон Антонавіч паведаміў, што ў сучаснага аграгарадка Лебедзева багатая гісторыя. На гэтай тэрыторыі на працягу больш чым шасці стагоддзяў адбылося шмат цікавых падзей і з’яў. Аднак самае галоўнае багацце — гэта людзі. Ім і прысвечана галоўная частка экспазіцыі. Гэта гісторык, вучоны, пісьменнік, краязнаўца, фалькларыст, аўтар многіх навуковых манаграфій і кніг Генадзь Каханоўскі, мастак Раман Семашкевіч, мастацкі крытык Сяргей Ромаў, паэты Рыгор Семашкевіч і Кастусь Цыбульскі, вядомы рускі вучоны, прафесар, доктар тэхнічных навук Яўген Шыраеў (аўтар вядомай кнігі “Русь Белая, Русь Чорная і Літва ў картах”), прафесар, доктар філасофіі ў галіне матэматыкі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі Барыс Уладзіміравіч Кіт, народная артыстка Чувашыі Тамара Супоніна, Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Міхайлавіч Калачык, акадэмік Васілій Пятровіч Рагуновіч.
Дзякуючы знакамітаму Віленскаму шляху, Лебедзева ў розныя часы наведвалі Міхал Клеафас Агінскі, паэты Дзяніс Давыдаў, Уладзіслаў Сыракомля, Ян Чачот, Францішак Багушэвіч, Тамаш Зан, Тарас Шаўчэнка. Дарэчы, падчас работы ў Яхімоўшчыне Янка Купала часта бываў у бацькоў грамадскага дзеяча і педагога Андрэя Посаха. Рэвалюцыйныя выступленні сялян мястэчка Лебедзева ў 1905—1907 гады сталі асновай для верша “Як не выйдуць чарнасотнікі”. Бываў у Лебедзеве і Браніслаў Тарашкевіч, што пацвярджае карціна Кастуся Харашэвіча “Выступленне Браніслава Тарашкевіча на мітынгу ў 1926 годзе ў Лебедзеве”.
Усе экспанаты захоўваюцца ў трох раздзелах экспазіцыі: гістарычным, этнаграфічным і літаратурна-мастацкім. Збор экспанатаў, іх сістэматызацыя праводзіцца ўдзельнікамі гуртка “Музеязнаўства”. Самымі цікавымі экспанатамі, знойдзенымі гурткоўцамі, з’яўляюцца рэшткі маманта, калекцыя самавараў, збор падручнікаў па матэматыцы дарэвалюцыйнага выдання, якія раней належылі заслужанаму настаўніку А.І.Зяновічу, арыгінальныя дакументы на валоданне зямлёй 30-х гадоў ХХ стагоддзя, царкоўная кніга сярэдзіны ХІХ стагоддзя, дзе вялася рэгістрацыя шлюбаў, рэчы хатняга ўжытку, дакументы Г.А.Каханоўскага, Р.М.Семашкевіча і інш. На сённяшні час у музеі налічваецца 520 экспанатаў (273 асноўнага і 247 навукова-дапаможнага фондаў).

За апошнія гады ўдзельнікі гуртка падрыхтавалі даследчыя працы “Лебедзеўская Свята-Троіцкая царква”, “Лебедзеўскі халакост”, “Лебедзеўскае гарадзішча”, “Уклад жыхароў вёскі Лебедзева і навакольных вёсак у перамогу над фашызмам”, “Жыццёвы і творчы шлях мастака Рамана Семашкевіча”, “Гісторыя вёскі Лебедзева ў мясцовых легендах і паданнях”, “Гісторыя і асаблівасці маёнтка Маліноўшчына” і інш. З названымі работамі Алена Апанасевіч, Рэгіна Паршукова, Алена Кугара, Мікалай Савіцкі, Паліна Сігаева, Пётр Бялько і іншыя ўдзельнічалі ў навукова-даследчых і навукова-практычных канферэнцыях, конкурсах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Усе работы былі адзначаны дыпломамі.
Нягледзячы на ўсе краязнаўчыя дасягненні, настаўнікі і іх вучні па-ранейшаму спадзяюцца, што ў музей абавязкова вернецца каштоўная скрыпка, таму колер пацеркі “Лебедзева” — зялёны. Чакайце!.. А як жа лебедзі, якія, згодна з легендай, некалі ахоўвалі пастаўленыя на возера плаціны і дамбы і ад якіх вёска атрымала сваю назву? Пра іх нельга забываць. Так што зробім пацерку “Лебедзева” бела-зялёнай.

Цішыня і спакой

пошнім населеным пунктам Маладзечанскага раёна на Віленскім шляху з’яўляецца вёска Заскавічы. Пасля мітусні вялікага горада амаль гадзіна, праведзеная ў Заскавічах, падалася сапраўдным раем. Спакой, цішыня… Таму пафарбуем пацерку ў характэрны колер — аранжавы. Найлепшае месца для размеранага жыцця і актыўнага вывучэння роднай зямлі складана знайсці. Гэта пацвердзіў вялікі стос створаных навучэнцамі даследчых работ, якія мне паказалі дырэктар Заскавіцкага дзіцячага сада — базавай школы Леў Анатольевіч Радзюкевіч і настаўніца біялогіі і геаграфіі Алеся Мікалаеўна Кучынская. Падчас аповеду пра мінулае Заскавіч Леў Анатольевіч узгадаў і дарогу свайго педагагічнага жыцця, якая непарыўна звязана з Віленскім шляхам. Напрыклад, прафесійную дзейнасць у якасці дырэктара ён пачынаў у Мясоцкай базавай школе. Якраз у той час (а гэта былі 80-я гады) настаўнікі і вучні пачыналі актыўна збіраць звесткі пра людзей, якія ў розныя часы пакінулі свой след на Віленскім шляху. Так паступова быў створаны школьны музей, прысвечаны гэтым людзям. Кіравала музеем настаўніца беларускай мовы і літаратуры Яўгенія Васільеўна Костачка.

— Ініцыятарамі стварэння музея з’яўляліся Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі і былы другі сакратар Маладзечанскага райкама партыі Вячаслаў Антонавіч Ляшковіч. Дарэчы, па іх ініцыятыве ў 1979 годзе былі пастаўлены валуны і так з’явіўся помнік “Віленскаму тракту”, які даглядалі мясцовыя настаўнікі і вучні, — адзначыў Леў Анатольевіч.
На жаль, у 2007 годзе Мясоцкая базавая школа была закрыта. Нягледзячы на гэта, летапіс Віленскага шляху па-ранейшаму ствараецца, цяпер ужо намаганнямі герояў нашага матэрыялу. І хоць вёрсты даўно ператварыліся ў кіламетры, а знакаміты шлях стаў трасай Р28, дарога ў напрамку Вільні па-ранейшаму выконвае сваю галоўную задачу: яна набліжае сустрэчы, дорыць людзям радасныя імгненні спаткання пасля доўгай дарогі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.