Канікулы — час думаць аб прафесіі

Прафарыентацыйны інтэнсіў арганізаваў для навучэнцаў 10—11 класаў факультэт даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы на восеньскіх канікулах. Упершыню тут рэалізуюць праект “PROF-канікулы”.

Удзельнічалі ў “PROF-канікулах” навучэнцы з дваццаці ўстаноў адукацыі чатырох гарадоў вобласці: Гродна, Скі­дзеля, Шчучына і Слоніма. Акрамя агульных мерапрыемстваў, для кожнага навучэнца быў прадугледжаны індывідуаль­ны марш­рут згодна з яго асабістымі пажаданнямі. Прапановы былі выказаны праз анкету, і кожны ўдзельнік атрымаў план работы на сваю электронную пошту.

— Мэту праекта “PROF-канікулы” вы­значылі не толькі ў тым, каб прапанаваць абітурыентам інфармацыю аб той ці іншай спецыяльнасці, а ў тым, каб стварыць умовы для іх прафесійнай самарэалізацыі, дапамагчы зрабіць яшчэ адзін упэўнены крок у кірунку прафесійнага выбару, — расказаў дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі ГрДУ Іосіф Дорняк. — Ва ўніверсітэце моцны практыка-арыентаваны складнік адукацыйнага працэсу, таму, думаю, наш новы праект будзе рэалізаваны паспяхова. А менавіта такая форма работы была вызначана і праз вывучэнне запатрабаванняў саміх навучэнцаў, прычым пачынаючы з восьмых класаў.

Трохдзённая работа прадугледжвала розныя віды дзейнасці: мультымедыйныя квізы, віктарыны, трэнінгі, гульні, творчыя майстэрні, трэнінг па рускай мове “Цікава аб складаным”, дызайн-праект “PROF-крэатыўнасць”. Удзельнікі “PROF-канікул” пабывалі на васьмі факультэтах універсітэта, мелі магчымасць убачыць адукацыйны працэс непасрэдна падчас заняткаў у студэнцкіх групах.

Першы дзень пачаўся з відэаканферэнцыі, падчас якой хлопцы і дзяўчаты сустрэліся з прадстаўніком ІТ-кампаніі. Начальнік аддзела развіцця кампаніі Azati Настасся Яроцкая расказала аб перспектыўных прафесіях, аб важнасці бачыць свае моцныя бакі і развіваць іх. Педагог-псіхолаг факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі ГрДУ Альбіна Біліда правяла віктарыну аб прафесіях, у ходзе якой вызначала патрэбныя для іх якасці і кампетэнцыі. Высветлілася, што старшакласнікі добра арыентуюцца ў змесце сучасных прафесій: вэб-дызайнера, піяр-агента, сацыябілдара, трэнд-вотчара і іншых, быў дадзены і правільны адказ аб такой традыцыйнай прафесіі, як метранпаж. Кіраўнік студыі праектаў і стартапаў ГрДУ Алена Разава расказала аб рабоце студыі і магчымасцях развіцця крэатыўных і прадпрымальніцкіх навыкаў, якія могуць тут атрымаць студэнты.

Навучэнка сярэдняй школы № 1 Скідзеля Паліна Паляшук расказала, што чакае ад “PROF-канікул” не толькі новых ведаў і кампетэнцый, але і эмоцый і ўражанняў. Асабліва ад наведвання факультэта мастацтваў і дызайну, куды плануе паступаць пасля заканчэння школы. А вось навучэнец гімназіі № 2 Гродна Максім Козіч пакуль выбірае паміж электронным маркетынгам і праграмаваннем.

— Гэтыя спецыяльнасці вельмі перспектыўныя, у кожнай ёсць шмат плюсоў, — разважае Максім. — Спадзяюся, што, дзякуючы праекту ўніверсітэта, магчымасці пабываць на факультэтах і даведацца больш аб гэтых спецыяльнасцях, а таксама аб сваіх асабістых якасцях, я змагу вызначыцца і зрабіць правільны прафесійны выбар.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.