Канікулы — вясёлая пара!

- 14:50Нам пішуць

На восеньскіх канікулах у аздараўленчым лагеры “Эрудыт” дзяржаўнай гімназіі № 1 Зэльвы праходзіла змена “Чамучкі”. Аздараўленне было арганізавана для 20 вучняў 6—10 гадоў.

За час знаходжання ў лагеры дзеці змаглі цікава і разнастайна правесці вольны час. Мерапрыемствы змены былі накіраваны на развіццё творчых якасцей, прывіццё навыкаў здаровага ладу жыцця. Шэраг інтэлектуальных і пазнавальных мерапрыемстваў былі прысвечаны Году навукі. З мэтай развіцця чытацкай пісьменнасці дзецям былі прапанаваны віктарыны і конкурсы па знаёмых творах. Прайшоў таксама конкурс чытальнікаў вершаў на беларускай мове, што спрыяла ўмацаванню патрыятызму і гонару за сваю краіну і родную мову. Вядома, чакалі дзяцей і нячытаныя кнігі, за якімі яны накіраваліся ў бібліятэку.

Хлопчыкі з задавальненнем наведвалі заняткі па камп’ютарнай пісьменнасці. Не пуставала і трэнажорная зала ўстановы. Былі арганізаваны экскурсіі ў цэнтральную дзіцячую бібліятэку, Зэльвенскі фізкультурна-аздараўленчы спартыўны цэнтр, у Беларусбанк, якія пакінулі ў выхаванцаў лагера самыя пазітыўныя эмоцыі.
Сумаваць дзецям не было часу — аб гэтым сведчыць экран настрою. Усе дні адзначаны як цудоўна праведзеныя.

Наперадзе новая чвэрць, новыя дасягненні, адкрыцці, ну і, вядома, чарговыя канікулы, на якіх зноў расчыніць свае дзверы ўжо зімовы аздараўленчы лагер.

Вольга ДРАЦЭВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
дзяржаўнай гімназіі № 1 Зэльвы.