Канстанцін ГРЫГАРОВІЧ: “Поспех прыходзіць з плённай працай”

- 10:34Да Рэспубліканскага педагагічнага савета, Рознае

Канстанцін Міхайлавіч Грыгаровіч у сферы адукацыі Магілёўшчыны — вядомая асоба. Ён дырэктар абласнога ліцэя № 3, які сёння з’яўляецца адной з лепшых агульнаадукацыйных устаноў новага тыпу не толькі ў рэгіёне, але і ў рэспубліцы. Аднак гэтай паспяховасці навучальнай установы папярэднічаў доўгі шлях станаўлення, кожны этап якога праходзіў пад непасрэдным кіраўніцтвам нязменнага дырэктара.

Высокія дасягненні характарызуюць практычна ўсе напрамкі дзейнасці ліцэя. Самую пільную ўвагу і кіраўніцтва, і калектыў навучальнай установы ўдзяляюць якасці навучання, а таксама раскрыццю здольнасцей сваіх вучняў.

Высокі ўзровень ведаў дазваляе ліцэістам без складанасцей станавіцца студэнтамі прэстыжных ВНУ Беларусі, а таксама краін блізкага і далёкага замежжа. Асобныя з іх атрымліваюць падтрымку ў вучобе з боку нашай дзяржавы. На дадзены момант навучэнцы ліцэя звыш 200 разоў былі ўзнагароджаны прэміямі спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.

— Аб рабоце па развіцці талентаў ліцэістаў лепш за ўсё сведчаць іх дасягненні. Толькі за апошнія тры гады 142 навучэнцы сталі пераможцамі трэцяга, а 44 — заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Паспяхова выступаюць нашы вучні і на міжнародных алімпіядах. У свой час яны заваявалі 20 пераможных медалёў па такіх прадметах, як “Хімія”, “Руская мова”, “Біялогія”, “Матэматыка”, “Фізіка”, “Геаграфія”, — адзначае дырэктар ліцэя.

Дзякуючы патрабавальнасці, настойлівасці, ініцыятыўнасці дырэктара, яго ўменню аб’яднаць у адзіную каманду прафесіяналаў-аднадумцаў, трэці абласны ліцэй з’яўляецца лепшай установай новага тыпу ў вобласці. У апошнія гады ўваходзіць у лік лепшых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў рэспубліцы і ўзнагароджаны граматай Міністэрства адукацыі за дзейсную працу па забеспячэнні якаснага адукацыйнага працэсу.

На думку Канстанціна Грыгаровіча, сёння кіраўнікам сферы адукацыі даецца дастаткова магчымасцей і свабоды дзеянняў для таго, каб здолець зрабіць сваю ўстанову паспяховай. І тыя, хто скардзіцца, што выканаць даведзеныя планы або задачы немагчыма, проста лайдакі.

— Любая ўстанова адукацыі пачынаецца з дырэктара. Менавіта на плячах кіраўніка ляжыць адказнасць за навучальную ўстанову, эфектыўнасць яе працы. Не трэба бяздзейнічаць і сядзець склаўшы рукі, чакаючы, калі дапамога ці падтрымка паступіць звонку. Трэба здолець аб’яднаць калектыў агульнымі мэтамі, матываваць кожнага педагога на поспех. Ну і, вядома, неабходна плённа працаваць, тады абавязкова атрымаецца дасягнуць намечанага, — падкрэслівае Канстанцін Міхайлавіч.

Вопытны кіраўнік таксама адзначае, што ўстойлівае развіццё ўстановы адукацыі немагчыма без інавацыйнай дзейнасці, укаранення сучасных, перадавых адукацыйных тэхналогій, падыходаў да навучання. Але разам з тым мяркуе, што рэформаў у сістэме адукацыі праведзена дастаткова.

— Нам пара спыніцца ў рэфармаванні. Кардынальных змен ужо хопіць. Хаця многія з іх відавочна паспрыяюць паляпшэнню работы. Напрыклад, профільнае навучанне. Напярэдадні яго канчатковага ўкаранення ліцэй выступаў эксперыментальнай пляцоўкай па апрабацыі вучэбных планаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах профілю. Нашы педагогі займаліся распрацоўкай розных варыянтаў правядзення факультатыўных, стымулюючых, падтрымліваючых заняткаў, выкарыстання вучэбных гадзін, устаноўленых дзеючымі тыпавымі вучэбнымі планамі. На мой погляд, профільнае навучанне сапраўды пашырае магчымасці выбару адукацыйнага маршруту для старшакласнікаў, дазваляе ім загадзя арыентавацца на тую ці іншую прафесію і больш дэталёва вывучаць неабходныя прадметы. Што наконт далейшага развіцця галіны, то для паспяховага функцыянавання мы правялі шмат істотных змен. Новаўвядзенні патрэбны і далей, але ўдасканальваць неабходна методыкі выкладання, правядзення ўрокаў, змест падручнікаў. Аднак пры гэтым я прыхільнік таго, што, уводзячы карыснае новае, не варта забываць добрае старое. Гарманічнае спалучэнне сучаснага і традыцыйнага — вось ключ да поспеху, — лічыць Канстанцін Грыгаровіч.

Ёсць у Канстанціна Міхайлавіча і канкрэтная прапанова па новаўвядзенні, якое зможа павысіць якасны ўзровень ліцэйскай адукацыі.

— Зараз тэрмін навучання ў ліцэях складае два гады. Нашы навучэнцы толькі паспяваюць прывыкнуць да навучальнай установы, а ім ужо неабходна яе пакідаць. Думаю, можна разгледзець магчымасць арганізацыі чатырохгадовага ліцэйскага навучання, — кажа дырэктар трэцяга абласнога ліцэя.

Дарэчы, у гэтай навучальнай установе ўжо вядуць шырокую работу з навучэнцамі 8—9 класаў агульнаадукацыйных устаноў. На базе сярэдняй школы № 21 горада арганізаваны падрыхтоўчыя факультатывы з навучэнцамі, жадаючымі паступаць у ліцэй. З гэтай жа мэтай непасрэдна пры самой установе функцыянуе “Школа юных”.

— Крок па павелічэнні часу навучання дазволіў бы дасягнуць больш высокага ўзроўню адукацыі ліцэістаў, павысіў бы якасць адукацыйных паслуг і паспрыяў бы развіццю канкурэнцыі сярод устаноў адукацыі новага тыпу. А, як вядома, здаровая канкурэнцыя — лепшы стымул да развіцця, — выказаў меркаванне Канстанцін Грыгаровіч, заканчваючы гутарку.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.