Рэдкі выпадак, калі адна навучальная ўстанова прадстаўляе на міжнародны чэмпіянат адразу двух канкурсантаў для выступлення ў дзвюх розных кампетэнцыях. (Другі раз такое ўдаецца Мінскаму прафесійнаму ліцэю № 5 транспартнага будаўніцтва.) На сёлетнім спаборніцтве ў Казані філіял БНТУ “Барысаўскі дзяржаўны політэхнічны каледж”паўтарыў гэты вынік. Аляксандр Філіпаў і Дзмітрый Грук, ужо выпускнікі каледжа, і ў ім засталіся працаваць. На чэмпіянаце Аляксандр Філіпаў выступае ў кампетэнцыі “Аўтамабільныя тэхналогіі”, а Дзмітрый Грук — у “Такарных работах на станках з праграмным кіраваннем”. Дзмітрый — капітан нашай зборнай. Адказнасць, як кажуць, зашкальвае.Трэба не падвесці каманду.
Шлях да міжнароднага чэмпіянату быў няпросты для хлопцаў. Прайшоўшы складаныя адборачныя выпрабаванні, яны выступілі на Нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills Belarus — 2018 і сталі лідарамі. Аляксандр заняў 3-е месца, Дзмітрый заваяваў “золата”. Напружаным выдаўся падрыхтоўчы перыяд: хлопцы рыхтаваліся да выступлення ў Казані на самых розных пляцоўках, у розных гарадах і нават краінах. Базу прадаставілі і нашы прадпрыемствы Барысава і Мінска, якія аснашчаны самым сучасным абсталяваннем, у тым ліку Барысаўскі завод агрэгатаў, Мінскі механічны завод імя С.І.Вавілава. У прафесійнай падрыхтоўцы канкурсантаў значную дапамогу, у тым ліку метадычную, аказаў Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі.
У падрыхтоўцы канкурсантаў прымаюць удзел нацыянальныя эксперты WorldSkills па аўтамабільных тэхналогіях А.В.Царук, выкладчык філіяла РІПА “Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж імя акадэміка М.С.Высоцкага”, і па такарных работах з праграмным кіраваннем А.Я.Рыбак, дырэктар філіяла РІПА “Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе”. Эфектыўнай пляцоўкай для падрыхтоўкі з’яўляецца і сам барысаўскі каледж, вучэбна-матэрыяльная база якога пастаянна абнаўляецца, ствараюцца новыя вучэбныя лабараторыі, прыгодныя для вывучэння электраабсталявання аўтамабіляў, прывадаў, аўтаматызацыі працэсаў у машынабудаванні, для вывучэння такарнай справы. У каледжы імкнуцца весці прафесійную падрыхтоўку на самым высокім узроўні і для гэтага не шкадуюць фінансавых сродкаў. Эфектыўнай матывацыяй у навучанні з’яўляецца WorldSkills. Дзякуючы дырэктару, выдатнаму арганізатару, творчаму, ініцыятыўнаму кіраўніку У.Ю.Шмакаву, каледж уступіў у рух WorldSkills у самым пачатку яго развіцця ў Беларусі і паступова набірае тэмп.
У 2014 годзе ў І Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills навучэнцы каледжа ўдала выступілі ў 2 кампетэнцыях па фрэзернай і такарнай справе. У ІІ Нацыянальным чэмпіянаце 2016 года выхаванцы ўстановы выступілі ўжо ў 4 кампетэнцыях: такарныя, фрэзерныя, кузаўныя работы і аўтамабільныя тэхналогіі. У 2018 годзе — у 8 кампетэнцыях, а ў 2020 годзе плануюць выступіць у 10. У кампетэнцыі “Электроніка” дырэктар каледжа быў экспертам. У прафесійнай кампетэнцыі “Геадэзія”, якая ўключана толькі ў дамашні чэмпіянат, каледж стаў пераможцам.
У цэлым калектыў навучальнай установы вельмі згуртаваны і аб’яднаны адной ідэяй — рыхтаваць кадры згодна з тымі патрабаваннямі, якія прад’яўляе наша эканоміка. Сярод педагогаў — У.М.Адаменка, выкладчык, даследчык і эксперт па кампетэнцыі “Такарныя работы з праграмным кіраваннем”, які займаўся падрыхтоўкай Дзмітрыя Грука. У засваенні аўтамабільных тэхналогій дапамагае Аляксандру Філіпаву выкладчык каледжа М.І.Дзюбайла. Абодва хлопцы-канкурсанты вучыліся ў аддзяленні машынабудавання, загадчыцай якога з’яўляецца Л.В.Залеўская. Яна прымае самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы канкурсантаў WorldSkills. Па сутнасці, увесь калектыў задзейнічаны ў гэтым руху, і кожны выдатны вынік іх выхаванцаў на конкурсах — гэта вынік і работы педагогаў каледжа. Акрамя таго, хлопцы вывучалі англійскую мову, займаліся фізічнай падрыхтоўкай, ім аказвалі псіхалагічную падтрымку. Цяпер застаецца толькі перамагаць.
Згодна з заданнем для кампетэнцыі “Аўтамабільныя тэхналогіі”, канкурсанту неабходна правесці дыягностыку электраабсталявання аўтамабіля, электроннай сістэмы кіравання рухавіком, правесці яго разборку, вызначыць і ліквідаваць няспраўнасці, ажыццявіць зборку ў правільнай паслядоўнасці. Пры выкананні задання канкурсант выкарыстоўвае набор слясарнага інструменту, спецпрылады, вымяральны інструмент і інш.
У такарных работах з праграмным кіраваннем Дзмітрый Грук спачатку стварае чарцяжы, па якіх неабходна вырабіць дэталь на такарным станку згодна з конкурсным заданнем, з дапамогай праграмнага забеспячэння запісвае кіруючую праграму і пасля праверкі праграмы тэхнічным экспертам прыступае да вырабу дэталі. Трэба сказаць, што заданне вельмі складанае і адпавядае даволі высокаму кваліфікацыйнаму разраду. Але хлопец хвалюецца яшчэ і па іншай прычыне: ён жа капітан зборнай Беларусі, таму выступіць трэба адпаведна. Так і атрымалася. Хлопец справіўся з заданнямі дастойна.
Ала КЛЮЙКО, Казань.
Фота аўтара.