Не проста даць базіс ведаў, а навучыць дзяцей крэатыўна думаць, вынаходзіць, ствараць — у гэтым бачыць сваю ключавую задачу настаўнік фізікі Касцюковіцкай раённай дзяржаўнай гімназіі Юрый Гаўрыкаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Раскрываючы перад гімназістамі таямніцы фізікі, Юрый Васільевіч робіць упор на практыкаарыентаванасць:
— Фізічныя працэсы акружаюць нас усюды. Для мяне важна, каб дзеці гэта ўсведамлялі. На ўроках заўсёды шмат эксперыментуем, праводзім разнастайныя доследы. Сустракаемся з вучнямі і пасля вучобы: гэтыя заняткі — цалкам для творчасці. Вучні майструюць, вынаходзяць, канструююць.
У гімназіі настаўнік выкладае ўжо амаль два дзесяцігоддзі. За гэты час разам са сваімі навучэнцамі ён зрабіў мноства інавацыйных прыстасаванняў. У ліку апошніх распрацовак — генератар, які можа працаваць ад любой крыніцы цяпла, канструкцыя, якая дапамагае вызначаць аптымальны нахіл сонечных батарэй.
— Цеплагенератар дазваляе атрымліваць электрычнасць у прыродных умовах нават ад звычайнага вогнішча. Гэта незаменная рэч для турыстаў, рыбакоў ці паляўнічых. А ўстаноўка для вывучэння сонечных батарэй дае магчымасць выяўляць патрэбны вугал іх устаноўкі ў канкрэтнай мясцовасці для атрымання максімальнай колькасці энергіі, — растлумачыў Юрый Гаўрыкаў.
Яго навучэнцы пастаянна становяцца пераможцамі такіх вядомых конкурсаў, як “Энергамарафон”, “Таленты ХХІ стагоддзя”, “100 ідэй для Беларусі”. Многім з іх канструяванне і даследаванні дапамагаюць вызначыцца з прафесіяй.
— Распрацоўшчык цеплагенератара выпускнік Яўген Аўхачоў стаў інжынерам. Аўтар устаноўкі для вывучэння сонечных батарэй адзінаццацікласнік Раман Новік паспяхова праходзіць навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, марыць стаць праграмістам. Дарэчы, у НДТ Раман сумесна з яшчэ адным юнаком прыдумаў незвычайны вертыкальны плотар і надоечы з гэтай распрацоўкай прайшоў у фінал конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, — адзначыў Юрый Гаўрыкаў. — Вядома, вынаходствы маіх навучэнцаў не атрымліваюць укаранення ў вытворчасць. Але галоўнае тут зусім не гэта, а развіццё дзіцячай канструктарскай думкі. Калі дзеці робяць нешта патрэбнае і карыснае сваімі рукамі, яны вучацца з радасцю. Больш за тое, захапленні часта дапамагаюць вучням знайсці жыццёвае прызванне.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара