Кацярына Шыўрына разважае, ці лёгка быць лідарам у педагагічным калектыве

- 9:00Персона

Дырэктар сярэдняй школы № 1 Копішча Мінскага раёна Кацярына Шыўрына ў рабоце з педагогамі і вучнямі аддае перавагу прынцыпу ўнікальнасці: індывідуальны падыход, які практыкуе кіраўнік, падтрымлівае згуртаванасць і спрыяе адзінству ў калектыве. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Каляндар Экзюперы

— Кацярына Алегаўна, вы — педагог у трэцім пакаленні. Ці лёгка адпавядаць педагагічным канонам, патрабаванням, закладзеным яшчэ дзядулем, заслужаным настаўнікам БССР?

Мяне ніхто ніколі не павучаў. Раілі, прымалі актыўны ўдзел у маім асобасным станаўленні, але не навязвалі нейкіх ідэй і жаданняў. Тое самае тычыцца і выбару прафесіі. Мяне не прымушалі да яе выбару, не агітавалі. Я жыла ў свеце, дзе ўсё было прасякнута любоўю да дзяцей, дзе мама і бабуля з гордасцю расказвалі пра заслугі дзеда. Я бачыла, як яны рыхтуюцца да сваіх урокаў, і мяне гэта заўсёды натхняла, уражвала. Пасля гэтага я збірала ўсе свае цацкі, рассаджвала на стале і праводзіла з імі ўрокі. Пазней, калі падрасла, збірала дзяцей з двара і арганізоўвала працэс навучання ўжо з імі: прызначала настаўнікаў, заводзіла журнал, пісала планы. Заканамерна, што пасля заканчэння школы паступіла ў Мазырскі дзяржаўны ўніверсітэт імя
І.Шамякіна, а паралельна была саіскальнікам кафедры методыкі выкладання замежных моў МДЛУ.

— У сям’і вас успрымалі як настаўніка ці вы застаяцеся вечнай вучаніцай?

— Мы заўсёды вучні для сваіх бацькоў, але не толькі ў сям’і, дзе ёсць настаўнікі. Калі гаварыць пра выхаванне, то, вядома, свае асаблівасці ў ім былі і ёсць. Прафесія накладвае адбіткі, і мама нават сёння, калі нешта расказвае або тлумачыць, робіць гэта асаблівым тонам, з інтанацыйным расстаўленнем усіх акцэнтаў. З самага дзяцінства бацькі вучылі адказнасці, што ў будучыні мне вельмі спатрэбілася. Да сваёй работы я стаўлюся сур’ёзна, разумею, што адказваю перад сваёй камандай абсалютна за ўсё. У сваю чаргу мае педагогі ведаюць, што маюць абязацельствы перад іншымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. Гэта вельмі важна для павышэння канцэнтрацыі пры выкананні канкрэтных задач.

— Якімі якасцямі павінен валодаць дырэктар, каб аб’яднаць вакол сябе паспяховую і моцную каманду? Якія вашы крытэрыі адбору спецыялістаў?

— Кіраўнік пачынаецца з уваходу на тэрыторыю школы, лідар — з думак, як гэты ўваход зрабіць бяспечным. Кіраўнік-лідар не стварае сабе каманду, ён становіцца тым, з кім хочуць працаваць, каму вераць, за кім ­ідуць. Шляхам проб і памылак для эфектыўнага фарміравання каманды і для сябе як для сучаснага кіраўніка я вывела асноўныя прынцыпы. Першы — гэта пастаноўка рэальных мэт і звышзадач. Я ўпэўнена, што агульную місію вызначае кірунак працы каманды і стварае імпульс для яе выканання, а пастаянная матывацыя дапамагае рабіць вывады і прыходзіць да правільнага рашэння самастойна. Каб гэтага дасяг­нуць, распрацавала шэраг матывацыйных інструментаў для педагогаў і адміністрацыі. Для ўсіх яны абавязкова розныя.

Я не кабінетны кіраўнік, сама складаю кожнаму план работы на тыдзень. Падчас планёркі калегі дапаўняюць яго, і атрымліваецца цэласны адукацыйны, адміністрацыйны маршрут. Планёрку дзеля планёркі таксама не праводжу, думаю больш маштабна, вучу працаваць не на потым, а тут і зараз. Каб быць у цэнтры ўвагі і сабраць падпісчыкаў, многія заводзяць старонку ў сацсетках. Я вырашыла завесці сабе старонку на стэндах у кожнай з настаўніцкіх, дзе размяшчаю матывацыйныя пасланні для калег.

Яшчэ ў нас ёсць каляндар Экзюперы на месяц. Экзюперы — таму што мы — школа будучыні, а выявы Маленькага прынца нас суправаджаюць практычна ва ўсіх школьных калідорах. У гэтым календары планы ўсяго калектыву распісаны па днях.

Другі мой прынцып — гэта падтрыманне ўнікальнасці кожнага супрацоўніка. Я выкарыстоўваю індывідуальны падыход да кожнага члена каманды, і гэта спрыяе ўмацаванню яе адзінства і згуртаванасці.

Трэці прынцып стаў для мяне самым простым. Упэўнена: атма­сфера лёгкасці, крэатыву і адсутнасць напружання павінны адчувацца ў школе ўсюды. 

Мая філасофія лідарства рэалізуецца на адкрытасці і рашучасці, што дазваляе падыхо­дзіць да выклікаў з упэўненасцю і ўстойлівасцю. Як дасведчаны стратэг я веру ў рэалізацыю дакладных мэт, прыярытэтных задач і ў эфектыўнае размеркаванне рэсурсаў. Але гэта немагчыма без веры ў чалавека. Сучаснаму кіраўніку неабходны пастаянныя зносіны і зваротная сувязь. Каб падначаленыя маглі давяраць і прызнаваць аўтарытэт кіраўніка, з імі важна размаўляць, а інфармацыю трэба даводзіць празрыста і ў дэталях. Гэта адзіны спосаб зрабіць так, каб людзі вам давяралі. Успамінаючы сябе на розных прафесійных этапах, ведаю, што членам любой каманды важна адчуваць сябе патрэбнымі і пачутымі. Я заклікаю супрацоўнікаў задаваць пытанні, стымулюю на прапановы і ідэі і заўсёды ўсім даю магчымасць адчуць сябе неабходнымі.

Малюй як Рэмбрант

Ваша школа — унікальная ўстанова адукацыі. Як яе прастора і матэрыяльна-тэхнічная база дазваляюць развіваць інтэлектуаль­ны і творчы патэнцыял школьнікаў?

Так, сапраўды, наша школа ўнікальная. А мая задача — зрабіць так, каб карцінка і змест адпавядалі адно аднаму. Мы пабудавалі цэласнае адукацыйнае творчае асяроддзе, якое ­спрыяе развіццю інтэлектуальных здольнасцей і выхоўвае грамадзянска-патрыятычныя якасці асобы вучня. Пра гэта сведчаць многія дасягненні. Так, у верасні 2022 года адкрылася музейная экспазіцыя “Памяць”, якая складаецца з трох частак: кутка, прысвечанага генацыду беларускага народа, выставы, якая прахо­дзіць у калідоры “Памяці”, і інтэрактыўнага музея. Адмет­насць музейнай экспазіцыі — жывыя карціны.

У школе створаны ваенна-патрыятычны клуб “Памяць”, працуе авіяцыйны вучэбны атрад “Пілоты будучыні”, удзельнікі якога актыўна асвойваюць асновы авіяцыі. Таксама ў нас ёсць адкрытая аранжарэя па духоўна-маральным выхаванні “Гармонія” і валанцёрская арганізацыя “Дабрачыннасць +”, у межах якой актыўна дапамагаем дзіцячым хоспісам і прытулкам для жывёл. У бягучым годзе актыўна ўдзельнічаем у праекце “Мо­ладзь Беларусі за жыццё, маральнасць і сямейныя каштоўнасці”. Разам з гэтым, наладжана міжнароднае супрацоўніцтва: мы — удзельнікі Асацыяцыі школ Санкт-Пецярбурга і Мінскай вобласці і паспяхова завяршылі работу ў інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі бяспечных паводзін у сетцы Інтэрнэт суб’ектаў адукацыйнага працэсу”.

Для развіцця метадычнага і творчага патэнцыялу педагогаў арганізавана работа вучэбна-метадычных аб’яднанняў, у кожным з якіх вызначаны кірунак ці праект для далейшай дзейнасці. Напрыклад, у нас ёсць
“ТэАрт-клас”, беларускамоўны клас, мэта якога — фарміраванне базавых кампетэнцый у галіне тэатральнага мастацтва, выкарыстанне тэатральнай дзейнасці ў працэсе асваення дзецьмі вучэбнага матэрыялу. У “экакласе Экоша” можна атрымліваць веды праз выхаванне экалагічнай культуры і маральнай пазіцыі навучэнцаў у адносінах да прыроды роднага краю. З бягучага года гэтае аб’яднанне выпускае газету. “Феномен-клас” арганізаваны, каб падтрымаць ва ўстанове ўмовы, неабходныя для захавання і ўмацавання псіхалагічнага здароўя дзяцей. “Спадчына-клас” закліканы прыві­ваць любоў да Радзімы, далучаць да сацыяльных каштоўнасцей — патрыятыз­му, грамадзянскасці, гістарычнай памяці, фарміра­ваць асновы нацыянальнай самасвядомасці. “Клас-праект “Гісторыя аб Паднябеснай” пераносіць навучэнцаў у Кітай: у нас наладжана супрацоўніцтва з Інстытутам Канфуцыя. У кожным класе-праекце распрацаваны план на навучальны год на падставе мэт і задач, якія стаяць перад вучнямі і класным кіраўніком.

Юныя акцёры, удзельнікі тэатральнага клуба “Новае пакаленне”, ставяць на сцэне творы вялікіх беларускіх пісьменнікаў. Сцэнарыі адаптуюцца кіраўніком клуба, а касцюмы шыюць баць­кі вучняў. Настаўнікі школы арганізавалі педагагічны праект “Школьны заакуток”, праект “Аранжарэя”, кветкавы кросінг, бізнес-кампанію “Мерч школы будучыні”, музей дызайну “Атлас”, залу правільнага і прыгожага маўлення. Таксама арганізавана трэнерская работа з удзельнікамі школьнай каманды ­“Шахмацёнак”.

Акрамя гэтага, у школе будучыні працуюць і маюць практычную накіраванасць агульна­школьныя праекты, такія як “Свет прафесій: 100 пытанняў спецыя­лісту” па панядзелках, “Папяровы бум” па аўторках, “Метадычнае асяроддзе” збіраецца ў сераду. Таксама ёсць “Дынамічны чацвер”, “Радыёпятніца”, “Спартыўная субота”, “Сямейныя радасці” па нядзелях. Ні адзін дзень тыдня не застаецца не задзейнічаным, што дае станоўчы вынік і дазваляе максімальна далу­чыць навучэнцаў і іх бацькоў, зыходзячы з іх патрэб і інтарэсаў. На працягу трох гадоў ва ўстанове дзейнічае праект “Малюй як Рэмбрант”. Ён распрацаваны сумесна з бацькамі навучэнцаў і карыстаецца вялікай папулярнасцю як у дарослых, так і ў дзяцей. Калі гаварыць пра педагогаў, то яны не стаяць на месцы, пастаянна разіваюцца і павышаюць прафесійны ўзровень, прыма­юць удзел у вучэбных семінарах і вэбінарах даследчага кірунку, у рабоце творчых майстэрань і педагагічных суполак настаўнікаў краіны, у трэнінгах і інш.

— Як лічыце, ці павінен кіраўнік натхняць свой калектыў? Як вы гэта робіце?

Упэўнена, што натхненне патрэбна заўсёды і ўсім. Сапраўдны настаўнік — гэта першапачаткова ўжо творчая асоба, а значыць, натхніць яе можна толькі матывацыяй і цікавасцю, якія падмацаваны верай у яго і дабрынёй.

— Кацярына Алегаўна, не так даўно ў абласным конкурсе “Малады дырэктар Міншчыны” вы занялі
2-е месца. Што для вас значыць гэтае дасягненне?

Удзел у конкурсе “Малады дырэктар Міншчыны” — гэта перш за ўсё вопыт. Перафразуючы Канфуцыя, магу сказаць, што існуюць тры шляхі, якія вя­дуць нас да ведаў: шлях разважання — самы высакародны, шлях пераймання — самы лёгкі, а шлях вопыту — самы праўдзівы. Таму ўдзел у конкурсе для мяне — гэта дасягненне і пазнанне сваіх магчымасцей, а таксама разуменне, да чаго важна імкнуцца.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА