Каверзныя пытанні

- 12:41Навіны рэгіёнаў

Каля 1500 педагогаў нашай краіны азнаёміліся з вопытам работы настаўнікаў Гомельскай вобласці па фарміраванні чытацкай пісьменнасці навучэнцаў. У анлайн-фармаце Гомельскі абласны інстытут развіцця адукацыі і Акадэмія паслядыпломнай адукацыі правялі рэспубліканскі семінар “Чытацкая пісьменнасць навучэнцаў: сутнасць і спецыфіка фарміравання ва ўмовах агульнай сярэдняй адукацыі”.

Прарэктар па метадычнай рабоце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Святлана Уклейка актуалізавала праблему фарміравання чытацкай пісьменнасці ў сувязі з удзелам Рэспублікі Беларусь у Міжнародным даследаванні PISA-2022. Яна адзначыла, што незалежна ад вучэбнага прадмета чытацкая пісьменнасць выступае гарантам паспяховага навучання, а значыць, павінна быць часткай прафесійных інтарэсаў кожнага настаўніка.

Загадчык сектара суправаджэння міжнародных даследаванняў якасці адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь кандыдат педагагічных навук Марыя Гарбунова вызначыла асноўныя напрамкі ў падрыхтоўцы да даследавання, расказала пра галоўныя вынікі і высновы, зробленыя па выніках удзелу краіны ў PISA-2018, дала шэраг метадычных рэкамендацый настаўнікам. 

На праблемах, з якімі сутыкаюцца педагогі, засяродзіла ўвагу прарэктар па вучэбнай рабоце Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Блажко. Яна адзначыла, што ва ўстанове пры распрацоўцы праграм павышэння кваліфікацыі педагогаў Гомельскай вобласці, адборы зместу лекцыйных і практычных заняткаў, правядзенні семінараў і інструктыўна-метадычных нарад улічваюцца вынікі маніторынгавых даследаванняў рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню, прапрацоўваюцца практычныя матэрыялы гэтых даследаванняў.

Педагогам краіны быў прадстаўлены вопыт выкарыстання розных тэхнік, прыёмаў і тэхналогій. Напрыклад, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце настаўніца рускай мовы і літаратуры кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” гомельскай гімназіі № 51 Вольга Кіслова прапанавала некалькі прыёмаў для фарміравання чытацкай пісьменнасці. Адзін з іх — “Занадта многа пытанняў”. Ён развівае ўменне фармуляваць як мага больш пытанняў да тэксту. Гэта дазваляе акцэнтаваць увагу на кожнай дэталі ў тэксце. Педагог задае каверзныя пытанні, звяртае ўвагу на малаважныя дэталі.

Незалежна ад вучэбнага прадмета чытацкая пісьменнасць выступае гарантам паспяховага навучання, а значыць, павінна быць часткай прафесійных інтарэсаў кожнага настаўніка.

Настаўніца фізікі кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” дырэктар сярэдняй школы № 13 Жлобіна імя В.В.Гузава Алена Ананчыкава прадставіла вопыт навучання школьнікаў рабоце з тэкстамі, якія ўтрымліваюць апісанне фізічных з’яў, працэсаў, назіранняў, доследаў. Былі разгледжаны і сюжэтныя, кантэкстуальныя тэкставыя задачы.

Ірына Казачэнка выкладае беларускую мову і літаратуру ў Лельчыцкай раённай гімназіі. Настаўнік-метадыст прапанавала выкарыстоўваць інтэрактыўныя заданні для атрымання высокага выніку. Пра асаблівасці фарміравання чытацкіх уменняў у малодшых школьнікаў расказала настаўнік-метадыст Алена Пікуза. Яна працуе ў сярэдняй школе № 11 Мазыра.

Адной з характэрных памылак вучняў з’яўляецца няўменне пастаянна звяртацца да тэксту для пошуку інфармацыі, зададзенай у відавочным выглядзе. Рашэннем праблемы, на погляд метадыста РВМК Светлагорскага раёна Святланы Міцкевіч, можа стаць прыём “Лаві памылку”. Святлана Іванаўна выкладае матэматыку ў сярэдняй школе № 9 Светлагорска. Яна прапануе ў тэксце наўмысна дапусціць шэраг памылак: арфаграфічных, зместавых і арыфметычных, што матывуе навучэнцаў на чытанне тэксту некалькі разоў. Першае чытанне дазволіць выправіць арфаграфічныя памылкі, другое — зместавыя, а падчас трэцяга чытання настаўнік рэкамендуе выправіць памылкі ў вылічэннях. 

Настаўніца біялогіі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі гомельскай сярэдняй школы № 8 Марына Капцэвіч пераканана, што фарміраванню чытацкай пісьменнасці на ўроках біялогіі спрыяюць сродкі візуалізацыі вучэбнай інфармацыі, у прыватнасці “Стужка часу” і інфаграфіка. Шэраг прыёмаў, якія дапамагаюць развіваць навыкі чытання і фарміраваць чытацкую пісьменнасць сродкамі прадмета “Геаграфія”, прадставіла настаўніца геаграфіі Наталля Несцяровіч з гімназіі Рагачова.

Высокі ўзровень майстэрства педагогаў адзначыла начальнік упраўлення вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Ала Семяновіч. Яна звярнула ўвагу ўдзельнікаў семінара на важнасць балансу сродкаў, якія выбіраюць педагогі пры фарміраванні чытацкай пісьменнасці вучняў, а таксама на небяспеку захаплення формамі на шкоду зместу і выніку работы настаўніка. 

Вырашана такі ж семінар правесці для настаўнікаў Гомельскай вобласці. Матэрыялы семінара размешчаны на Гомельскім абласным метадычным партале http://iro.pmd.by/.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.