Казахстан: фінансаванне навукі да 2025 года павялічыцца ў 10 разоў

- 12:23Паралелі

Міністр адукацыі і навукі Рэспублікі Казахстан Асхат Аймагамбетаў расказаў аб павелічэнні фінансавання сферы адукацыі і ў прыватнасці навукі, перадае карэспандэнт МІА “Казінфарм”.

“Умацаванне патэнцыялу навукі з’яўляецца залогам развіцця эканомікі краіны. Па-першае, калі фінансаванне навукі ў 2019 го­дзе складала 43 млрд тэнге, то ў 2025 годзе дасягне 431 млрд тэнге, — сказаў А.Аймагамбетаў на пасяджэнні ўрада (1 долар ЗША = 383 казахстанскіх тэнге). Па-другое, у адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы, для падтрымкі маладых навукоўцаў штогод будзе выдзяляцца больш за 3 млрд тэнге. Па-трэцяе, калі раней конкурсы на гранты праводзіліся 1 раз у 2 гады, то з наступнага года будуць праводзіцца штогод. Гэта добрая навіна і рэальная падтрымка для навукоўцаў. Па-чацвёртае, для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы навуковых інстытутаў будзе створана асобная бюджэтная праграма, мы гэтую работу ўжо распачалі”, — дадаў міністр. Кіраўнік ведамства паабяцаў, што будуць распрацаваны пытанні развіцця лічбавых навыкаў навукоўцаў, ажыццёўлена рэалізацыя праграм перападрыхтоўкі кадравага і кіруючага складу навуковых арганізацый. “Выдзяленне грашовых сродкаў па праграме мэтавага фінансавання будзе ажыццяўляцца толькі ў рамках пэўных навукова-тэхнічных заказаў. Гэта дае магчымасць дасяг­нуць пэўных вынікаў. У межах праграмы ў цэлым аб’ём фінансавання адукацыі вырас у 6 разоў, а навукі — у 7 разоў. Для рэалізацыі праграмы прадугледжаны сродкі ў памеры 11,6 млрд тэнге. У тым ліку павялічылася доля прыватных інвестыцый і складае 1,3 млрд тэнге. Сёння нельга разглядаць сістэму адукацыі як сацыяльную сферу, таму што з ростам прыцягнення інвестыцый адукацыя стала асобнай сферай эканомікі”, — падсумаваў міністр.