Казка пра хімічны элемент

- 16:49Нам пішуць

У нашай установе адукацыі прадметныя тыдні сталі добрай традыцыяй. Яны ладзяцца па ўсіх вучэбных дысцыплінах. Тыдзень фізікі і хіміі прайшоў ва ўстанове адукацыі ў студзені. Кожны дзень прадметнага тыдня быў спланаваны так, што ўключаў мерапрыемствы па фізіцы і хіміі, настаўнікі-прадметнікі імкнуліся напоўніць яго творчым і займальным зместам.

Да ўрачыстага адкрыцця тыдня рыхтаваліся сумесна з вучнямі: падбіралі неабходны матэрыял, складалі сцэнарый. На працягу тыдня дзейнічала выстава “У свеце цікавага з хімічнай галіны”, якая знаёміла вучняў з хімічнымі цікавосткамі і навінкамі. Кожны мог выбраць сабе заданне па душы: ці то падумаць над крыжаванкамі ў кампаніі сяброў-аднадумцаў, ці праявіць творчыя здольнасці, напісаўшы казку на тэму “Хімічны элемент”. Не забыліся пра аматараў камп’ютараў: свае ўменні яны маглі прадэманстраваць, узяўшы ўдзел у конкурсе прэзентацый і відэаролікаў “Хімія вакол нас”, “Цікавыя звесткі з хімічнай галіны”.

Самастойны пошук рашэнняў займальных задач “Галаваломкі мы рашаем” адкрыў шырокія магчымасці для работы з рознымі крыніцамі ведаў: кнігай, інтэрнэтам, даведачным матэрыялам. Праводзіліся спаборніцтвы паміж класамі: вучням 9—11 класаў прапаноўвалася паказаць свае веды ў інтэлектуальнай гульні “У лабірынтах хіміі”, а вучні 7—8 класаў прадэманстравалі кемлівасць у турніры “Юны хімік”.

Тыдзень прайшоў на ўздыме. Вучні былі цікаўныя, кожнае з прапанаваных мерапрыемстваў не засталося незаўважаным. Актывістаў адзначылі граматамі і памятнымі сувенірамі на школьнай лінейцы.

Алена ЧАРНЕЦКАЯ,
настаўніца хіміі Залескага ясляў-сада — сярэдняй школы Смаргонскага раёна.