Кітай: зафіксаваны самы вялікі ў свеце аб’ём фінансавання ў сектары штучнага інтэлекту

- 15:19Паралелі

Апошнім часам у сферы штучнага інтэлекту Кітая быў зафіксаваны “выбуховы рост”. У ходзе штогадовай канферэнцыі па штучным інтэлекце ў Сучжоу намеснік дырэктара Інстытута інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій Міністэрства прамысловасці і інфарматызацыі КНР Чжан Сюэлі адзначыла, што да верасня 2018 года ў свеце налічвалася 5159 прадпрыемстваў, занятых у сектары штучнага інтэлекту, мацерыковы Кітай размясціўся на другім месцы з 1122 кампаніямі. Пекін з 445 прадпрыемствамі стаў горадам з найбольшай у свеце колькасцю кампаній у гэтай галіне.

“У першай палове 2018 года глабальны маштаб фінансавання ў індустрыі штучнага інтэлекту дасягнуў $ 43,5 млрд. Гэты аб’ём у КНР склаў $ 31,7 млрд., больш як 3/4 ад сусветнага паказчыка. Гэтыя лічбы сведчаць аб тым, што па інвестыцыях і фінансаванні гэтай сферы Кітай займае вядучыя пазіцыі”, — заявіла Чжан Сюэлі.

Яна таксама дадала, што сёння ў індустрыі штучнага інтэлекту па-ранейшаму назіраецца структура перавернутага трохвугольніка: больш прадпрыемстваў, якія выкарыстоўваюць тэхналогіі, менш тых, якія займаюцца распрацоўкай і даследаваннямі. “Менавіта гэтую з’яву нам неабходна як мага хутчэй змяніць”, — падкрэсліла яна. Што тычыцца чыпаў на базе штучнага інтэлекту, то, нягледзячы на распрацоўку і выпуск гэтай прадукцыі кітайскімі вытворцамі, яны ўсё ж пакуль не могуць пахіснуць статус міжнародных гігантаў у гэтай сферы, паведамляе “Жэньмін жыбаа-анлайн”.