11 ліпеня адбылося падпісанне дагавора паміж дабрачынным фондам кампаніі China Merchants Group і Беларускім дзяржаўным універсітэтам аб супрацоўніцтве дабрачыннага фонду з Рэспубліканскім інстытутам кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ.
Кітайскі бок бязвыплатна выдзяляе $300 тысяч на працягу трох гадоў на развіццё і ўдасканаленне выкладання кітайскай мовы ў сельскіх і гарадскіх школах Беларусі, а таксама для пашырэння і ўмацавання навуковых і дзелавых сувязей з КНР. Выканаўцам праектаў будзе Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ.
У цырымоніі падпісання дакумента прынялі ўдзел дырэктар РІКК БДУ Анатоль Афанасьевіч Тозік, кіраўнік фонду Ху Чжэн, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымін, першы прарэктар БДУ Алег Анатольевіч Івашкевіч, намеснік старшыні Смалявіцкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Віктаравіч Шлыкаў, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Смалявіцкага райвыканкама Ілона Юр’еўна Дастанка, а таксама прадстаўнікі Пасольства КНР у Беларусі.
Першай установай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь, якой кітайскі дабрачынны фонд выдзеліць сродкі, стане Смалявіцкая раённая гімназія. Ужо ў 2017/2018 навучальным годзе ў сучасным кабінеце кітаязнаўства гімназісты будуць вывучаць кітайскую мову і пазнаваць таямніцы ўсходняй краіны. Веданне кітайскай мовы дапаможа выпускнікам гімназіі ў будучыні ўладкавацца на запатрабаваныя ў сучасным свеце працоўныя месцы.
Маргарыта МАРОЗАВА,
метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму
Смалявіцкага райвыканкама.