Клічуць дарогі роднага краю

- 11:27Нам пішуць

Веданне роднай зямлі, гісторыі свайго народа, адданасць роднаму дому, уменне жыць у згодзе з прыродай — гэта толькі некаторыя фактары станаўлення вялікага пачуцця любові да Радзімы. Многія маральныя якасці чалавека развіваюцца ў школьныя гады. Любоў да роднага краю, жаданне бачыць родны куток квітнеючым — усе гэтыя пачуцці залежаць ад таго, якім чынам яны былі закладзены ў дзяцінстве. Сапраўдны патрыятызм пачынаецца з малога: з любові да таго месца, дзе ты жывеш.

Выхаваць у дзяцей любоў да Радзімы, аб’яднаць іх на аснове высокіх ідэалаў, закласці такія маральныя якасці, як дабрыня, адданасць сваёй справе, увага і клопат пра людзей старэйшага пакалення, дапамагае краязнаўства. У нашай школе патрыятычнаму выхаванню ўдзяляецца вялікая ўвага. Так, працуе клуб “Юны краязнавец”. На працягу многіх гадоў яго кіраўніком з’яўляецца Віктар Мікалаевіч Гормаш, які арганізоўвае і праводзіць розныя экскурсіі і падарожжы па родным краі. Ва ўстанове распрацаваны маршрут на “Лінію Сталіна”, размешчаную каля вёсак Стараселле і Слабодка Калінкавіцкага раёна. Таксама ў экскурсійны маршрут уключана наведванне музеяў у вёсках Савічы і Колкі, гарадскога пасёлка Капаткевічы.

Сумесна з Калінкавіцкім ДТСААФ арганізоўваем і праводзім аўтапрабегі па месцах баявых дзеянняў 65-й арміі пад камандаваннем П.І.Батава з абавязковым наведваннем Азарыцкага лагера смерці і магілы поўнага кавалера ордэна Славы У.Р.Маджара. Вучні нашай школы пабывалі таксама ў Навасёлках Петрыкаўскага раёна — на радзіме славутага дзеда Талаша, наведалі алею Герояў у Петрыкаве і мясцовую царкву.

Была ў нас і незабыўная паездка ў Нароўлю, дзе мы наведалі музей дзяцінства ў сярэдняй школе № 2. Пабывалі ля помніка, прысвечанага трагедыі на Чарнобыльскай АЭС, і даведаліся, што пасля гэтай катастрофы з карты Нараўлянскага раёна знікла 36 населеных пунктаў. У ролі экскурсавода выступіў В.В.Чайка.

Цудоўная і захапляючая экскурсія была праведзена ў Гомелі, дзе мы наведалі спартыўна-стралковы цір ДТСААФ і музей крыміналістыкі. Пабывалі мы і ў Юравічах — у школьным музеі, а таксама на стаянцы першабытнага чалавека і ў Юравіцкім мужчынскім манастыры.

Хочацца асабліва засяродзіць увагу на нашай паездцы ў горад-герой Мінск. Для нас правёў экскурсію А.М.Лабунскі — дырэктар Цэнтра грамадскіх аб’яднанняў па патрыятычным выхаванні моладзі пры Рэспубліканскім доме ДТСААФ. Пабывалі мы і ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Здаўна традыцыйным для вучняў нашай установы адукацыі стала правядзенне велапаходаў па гістарычных мясцінах. У радыусе 50 км ад нашай вёскі Варатын мы вывучылі ўсе выдатныя і знакамітыя мясціны. У выніку даследаванняў была складзена карта мясцовасці, распрацаваны маршруты, таксама афармляецца прэзентацыя, у якой будуць прадстаўлены вынікі нашых паходаў і падарожжаў па родным краі.

У кожнага чалавека ёсць каштоўнасці. Можна паразважаць аб тым, што з’яўляецца важным для кожнага з нас. Але ёсць святыні, якія ні з чым немагчыма параўнаць. Гэта Радзіма, сям’я, адданасць роднаму краю, дзе ты нарадзіўся і жывеш.

Ганна ШЧУР,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Варатынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Калінкавіцкага раёна.