Кнігі ў дар са шчырай любоўю

- 17:05Нам пішуць

Шчорсаўская школа заўсёды ганарыцца сваімі выпускнікамі. Асаблівы гонар — за тых, хто ўсё сваё жыццё прысвяціў служэнню навуцы. Сярод выпускнікоў Шчорсаўскай школы ёсць прозвішча, якое ведаюць не толькі ў нашай рэспубліцы, але і далёка за яе межамі. Гэта прафесар паліталогіі Іван Іванавіч Катляр.

Сёння кожны педагог нашай школы, кожны вучань ганарыцца тым, што мае хоць нейкае дачыненне да чалавека, які сваёй плённай працай, талентам навукоўца праславіў Навагрудскую зямлю.

Апошнія 30 гадоў Іван Іванавіч выкладае ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна. Прафесар Катляр узяў актыўны ўдзел у станаўленні рэспубліканскай сістэмы адукацыі па правах чалавека, ён аўтар больш чым 195 навуковых і вучэбна-метадычных работ па праблемах паліталогіі і правоў чалавека. І.І.Катляр узнагароджаны дыпломам гонару Міжнароднага біяграфічнага цэнтра (Кембрыдж), граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Брэсцкага аблвыканкама, атрымаў падзякі ад прадстаўнікоў ААН у Рэспубліцы Беларусь.

Факты біяграфіі знакамітага выпускніка ведаюць не толькі школьныя экскурсаводы. Кіраўнік школьнага музея Мікалай Антончык рупліва збірае разнастайны матэрыял, тым ці іншым чынам звязаны з імем прафесара І.І.Катляра. Вучнёўскую грамадскасць неабходна знаёміць з жыццём і дзейнасцю тых, хто сваім прыкладам вучыць старанна працаваць, пазнаваць новае, быць адданым абранай справе.

Важнай падзеяй для нашай навучальнай установы стала перадача прафесарам І.І.Катляром сваёй бібліятэкі для вучняў Шчорсаўскай школы. Сярод перададзеных кніг — энцыклапедыі і слоўнікі, літаратура па гісторыі, экалогіі і паліталогіі, мастацкая літаратура, літаратура і матэрыялы навуковых канферэнцый, семінараў па правах чалавека, а таксама выдадзеная ў 2018 годзе кніга “Асоба: Катляр І.І.”

Такі жэст з боку знакамітага навуковага дзеяча нашай краіны — даніна павагі і адданасці сваім родным мясцінам, землякам. Мы вельмі ўдзячны Івану Іванавічу, што ён ніколі не забывае родную школу, наведвае, знаёміць са сваімі навуковымі дасягненнямі, заўсёды адкрыты да дыялогу, жывой гутаркі. Гэты чалавек ніколі не спыняецца, крочыць наперад, як і раней, мае шмат ідэй і задумак.

Вераніка АЛЯШКЕВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Шчорсаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы.