Кніжнае свята завершана

- 12:48Культура

Вось і праляцелі пяць незабыўных дзён мінскага кніжнага форуму. За гэты час кнігаманы змаглі не толькі папоўніць свае паліцы новымі выданнямі, а і пабываць на самых розных мерапрыемствах, сустрэцца з любімымі пісьменнікамі, абмеркаваць літаратурную будучыню і праехацца на паэтычным аўтобусе. Давайце яшчэ раз узгадаем яркія моманты ХХVІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу.

Рознанацыянальныя пляцоўкі

Заходзіш у выставачны павільён на праспекце Пераможцаў, 14 і адразу адчуваеш водар некалькіх тысяч новых выданняў, вочы разбягаюцца па стэндах, узнікае жаданне падысці да кожнага, узяць у рукі прыгожыя кнігі, прачытаць пальцамі назву на вокладцы, правесці далонню па матавых і глянцавых старонках і перанесціся ў неверагодны свет прыгод, дэтэктываў, даследаванняў, казак, гумарэсак, спазнаць штосьці новае і амаль што павандраваць па 30 краінах. І, паверце, я не перабольшваю.

Асабліва ярка былі прадстаўлены, як звычайна, гаспадыня кніжнага форуму — наша краіна, а таксама ганаровы ­госць — Расія і цэнтральны экспанент — ЗША. Вось на апошні давайце і зазірнём. Пасольства ЗША ў Беларусі на працягу 22 гадоў удзельнічае ў Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы. Сёлета яму ўпершыню прадаставілі ганаровае месца цэнтральнага экспанента выставы. На стэндзе плошчай 100 квадратных метраў можна было даведацца ўсё пра вандроўкі па ЗША на трох зонах: “Падарожжы”, “Нацыянальныя паркі” і “Дайнер”. На стэндзе ўсе пяць дзён было літаральна не праціснуцца. Для наведвальнікаў падрыхтавалі больш за 30 мерапрыемстваў на любы густ. Хтосьці мог адправіцца ў віртуальны тур па ЗША і даведацца шмат новага пра краіну, хтосьці прыходзіў, каб паслухаць разнастайныя лекцыі. Юным наведвальнікам прыйшліся асабліва даспадобы віктарыны і настольныя гульні, якіх, дарэчы, было больш за 30 відаў. Многім было цікава сустрэцца з амерыканскім пісьменнікам Дугласам Магам. На яго погляд, пра Беларусь ведае вельмі мала амерыканцаў, і ён хацеў бы пазнаёміць іх з асаблівасцямі нашай культуры, архітэктуры, кулінарыі. Былі і тыя, хто зазірнуў на стэнд ЗША, каб зрабіць прыгожыя сэлфі ў імправізаванай класічнай амерыканскай закусачнай “Дайнер”, выкананай у стылі арт-дэко. Акрамя таго, наведвальнікі маглі пазнаёміцца з 200 амерыканскімі кнігамі на рускай і англійскай мовах, а таксама 200 часопісамі.

Нагадаю, ганаровым госцем ХХVII ММКВК стала Ра­сія. Яе стэнд быў, бадай, самым вялізным — 246 квадратных метраў, дзе размясціліся больш за 80 сталічных і рэгіянальных выдавецтваў, якія падрыхтавалі і правялі звыш 60 мерапрыемстваў з удзелам сучасных пісьменнікаў, сярод якіх былі Яна Вагнер, Яўгенія Някрасава, Таццяна Усцінава, Саша Філіпенка і іншыя. Акрамя маштабнай экспазіцыі, на стэндзе Ра­сійскай Федэрацыі арганізавалі мноства разнастайных майстар-класаў, дыскусій і прэзентацый, асабліва вылучалася праграма для юных наведвальнікаў форуму. Так, я трапіла на майстар-клас выдавецтва “Самокат” па скандынаўскай кнізе “Вся правда о викингах!” Бенгта-Эрыка Энгхольма, у якой вікінгі паказаны не як ваяры, а як мірныя жыхары — рамеснікі і земляробы. На майстар-класе ўсім жадаючым, і маленькім, і дарослым, прапаноўвалася зрабіць свайго роду шлем вікінга пры дапамозе паперы, стэплера, алоўка і фантазіі. А вось прадстаўнікі маскоўскага выдавецтва “Абрикобукс” расказалі, што беларусам даспадобы прыйшоўся “Зверский детектив” Ганны Старабінец. “Зараз выйшла пятая частка, многа хто чытае гэтую серыю, і заўсёды мы атрымліваем цудоўныя водгукі. Бо кніга захоплівае нават нечытаючых дзяцей”, — адзначылі на стэндзе.

Акрамя таго, на расійскай пляцоўцы прэзентавалі праект “Музейная лінія” — кнігі па мастацтве, дызайне, мо­дзе, архітэктуры, фатаграфіі, тэатральным майстэрстве, кнігі для дзяцей, падрыхтаваныя расійскімі музеямі і выдавецтвамі, якія спецыялізуюцца ў гэтых напрамках. А таксама прадставілі пяцітомнік “Перамога”, у які ўвайшлі розныя публіцыстычныя творы, проза, паэзія, напісаныя ў гады вайны. Гэтыя кнігі перададзены ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі.

Паміж замежнымі стэндамі можна было хадзіць бясконца. Вось кітайскі стэнд. Ля яго, колькі б разоў я ні абыхо­дзіла выставачную залу, заўсёды было мнагалюдна. Хтосьці цікавіўся кнігамі па граматыцы кітайскай мовы, хтосьці гартаў мастацкія альбо навуковыя выданні. Усяго ж міжнароднае выдавецтва “Шанс” прывезла больш за 200 розных кніг. Але, па словах PR-менеджара кампаніі Валерыі Пінягінай, найбольш папулярнай стала кніга Пань Сянлі “Чай, выраженный словами”, тыраж якой раскупілі за суткі работы ММКВК, а таксама “Китайский язык. Точки опоры” Алены Мак і “Поднебесная страна” Інесы Плескачэўскай. “Карысталася попытам і вучэбная літаратура, асабліва слоўнікі розных узроўняў, — расказала яна. — У нас прадстаўлены абсалютна ўсе жанры літаратуры, а таму можна знайсці ўсё, што захочаце”.

Іду далей. Стэнд Ірана. Ля яго таксама пастаянна была чарга. Мне стала цікава чаму, і, праціснуўшыся бліжэй, я ўбачыла знакамітага мастака, каліграфа з Ірана, майстра Касра Карказі, які ладзіў майстар-клас. “Ён адзін з самых знакамітых іранскіх каліграфаў, які працуе ў розных стылях. У Іране ён прызнаны як “Пясняр пісьма”, які выяўляе музычныя матывы ў каліграфіі. Майстар на англійскай мове падзяліўся тонкасцямі і сакрэтамі авалодвання персідскай каліграфіяй з наведвальнікамі кніжнага форуму, — расказала прадстаўніца стэнда. — Мы прывезлі сюды каля 50 кніг ра­сійскага выдавецтва “Садра” — гэта перакладная літаратура з персідскай мовы на рускую, ёсць і дзіцячая, і мастацкая літаратура, і раманы, і Каран. А таксама мы паказваем багатую іранскую культуру праз розныя прадметы”.

Невыпадковыя сустрэчы

Штогод ММКВК дае выдатны шанс сваім наведвальнікам сустрэцца з любімымі пісьменнікамі, пазнаёміцца з іх новымі выданнямі, абмеркаваць бестселеры і проста запытацца, пра што яны думаюць і над якой кнігай працуюць. Вось так гуляеш паміж стэндамі і раптам сустракаеш Таццяну Усцінаву, якая прэзентуе свой новы раман “Серьга Артемиды”, або знакамітага рэжысёра Юрыя Нарштэйна, які падпісвае кнігу “Ёжик в тумане”. А беларускія пісьменнікі ўвогуле прадстаўлялі свае творы амаль нон-стоп на нацыянальным стэндзе, на якім за пяць дзён прайшло каля 200 мерапрыемстваў. Што ўжо гаварыць пра экспаненты айчынных выдавецтваў. Так, пісьменніца Людміла Рублеўская прэзентавала на стэндзе Выдавецкага дома “Звязда” сваю апошнюю кнігу з серыі “Авантуры Пранціша Вырвіча” — пятую, “Авантуры Вырвіча з банды Чорнага Доктара ”. Аўтар анансавала, што прэм’ера аднайменнай стужкі рэжысёра Аляксандра Анісімава, створанай на “Беларусьфільме”, запланавана на 19 сакавіка ў Доме кіно. “Фільм падабаецца пракатчыкам, і яны лічаць, што ён будзе цікавы людзям усіх узростаў, — дадала яна. — Карціна прымусіць па-іншаму зірнуць на гісторыю нашай краіны, на беларускага тыповага героя і на саму Беларусь, бо будуць паказаны такія мясціны і архітэктурныя помнікі, якія ведаюць не ўсе беларусы. Думаю, будзе цікава”. А што тычыцца сучасных кніг, то, на думку пісьменніцы, рэпертуар для дзяцей і школьнікаў становіцца больш разумным.

На стэндзе выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” сустракаю музыказнаўцу, загадчыцу кафедры гісторыі беларускай музыкі і музычнай беларусістыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Наталлю Ганул, якая прэзентуе кнігу “Композиторы Беларуси. Николай Аладов. Евгений Глебов. Сергей Кортес”, што выйшла ў серыі “Великие и знаменитые люди белорусской земли”. “Усе яны — юбіляры 2019 і 2020 гадоў, таму вельмі важна, што ў такой шырокай і папулярнай форме для самых розных чытачоў выпушчана такая манаграфія ў карцінках, — тлумачыць яна. — Над гэтай кнігай працавалі тры аўтары, кожны з якіх быў па-свойму цесна звязаны з тым, пра каго пісаў. Так, Радаслава Аладава расказала пра свайго бацьку, я — пра Картэса, а Святлана Нямцова-Амбаран — пра Глебава. Кожная з нас паспрабавала сабраць самае лепшае і цікавае пра іх, і выкласці ў жывой форме факты іх творчасці і шляху, расказаць пра ўклад кожнага ў нацыянальную культуру”. Дзелячыся сваімі ўражаннямі ад кніжнай выставы, Наталля Рыгораўна падкрэсліла, што кожны год яна здзіўляе новымі неверагоднымі кніжнымі адкрыццямі. “Мне вельмі імпануе, што, нягледзячы на адлегласць, мы перасякаемся ў нейкіх пошуках і даследчых кірунках. Таму гэтая выстава заўсёды праз прызму кніжных выданняў пацвярджае, што мы на правільным шляху”, — дадала музыказнаўца.

А на пляцоўцы выдавецтва “Аверсэв” аўтар новай кнігі “Познайка. Математическая логика. 100 заданий” Таццяна Парфенцьева праводзіць міні-заняткі з дашкалятамі. Яны з цікавасцю слухаюць яе, з радасцю выконваюць заданні і імкнуцца паказаць свае матэматычныя веды. “Я займаюся матэматычнай логікай ужо шмат гадоў. Працуючы з дзеткамі і ў дзіцячым садку, і ў развіццёвым цэнтры, я ўпэўнілася, што і бацькі, і самі дзеці пераацэньваюць свае матэматычныя веды. Часта бацькі ганарацца, што дзеці лічаць да 100. А на самай справе дзіця проста вывучыла лічбы як вершык, — каменціруе Таццяна Аляксандраўна. — Такім чынам, я прыйшла да думкі, што аснова матэматыкі — гэта не лічбы і лічэнне, а логіка. Адсюль і ідэя ўзнікнення кнігі, у якую ўвайшлі заданні на развіццё кемлівасці і логікі, на разуменне заканамернасцей, бо гэта, я лічу, больш важна, чым лічбы”.

На стэндзе выдавецтва “Народная асвета” яго вядучы рэдактар Алена Парахневіч паказвае пакупнікам навінку — “Триумф и трагедия семьи Казей” Барыса Савінава, створаную да 75-годдзя Вялікай Перамогі. “Кніга не толькі расказвае пра подзвіг Марата Казея, а і пра яго продкаў і малую радзіму героя”, — патлумачыла Алена Міхайлаўна.

Прынамсі, мае калегі таксама прынялі ўдзел у выставе. 8 лютага на цэнтральнай пляцоўцы адбылася прэзентацыя кнігі нарысаў “Тут пачынаецца Радзіма”, якая выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі. У кнізе змешчаны апісанні вынікаў падарожжаў намесніка галоўнага рэдактара “Настаўніцкай газеты” Ігара Грэчкі ў рамках праекта “Родная зямля”. Аднайменная рубрыка рэгулярна выходзіць у “Настаўніцкай газеце”. З сакавіка 2009 года па студзень 2020 года аўтар наведаў 101 раён Беларусі. Удзельнікі прэзентацыі маглі не толькі азнаёміцца з кнігай і атрымаць аўтограф аўтара, але і адказаць на пытанні віктарыны, прысвечанай гісторыка-культурным і прыродным адметнасцям нашай краіны. Акрамя таго, даўні сябар “Настаўніцкай газеты” загадчык аддзела края­знаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Аляксандра Кравец расказала пра галоўных герояў кнігі (педагогаў-краязнаўцаў), пра іх сумесную з вучнямі работу па вывучэнні малой радзімы, пра края­знаўчыя выданні, аўтарамі якіх з’яўляюцца настаўнікі. Прэзентацыя гэтых краязнаўчых выданняў напярэдадні прайшла ў Нацыянальным гістарычным музеі сумесна з Беларускім фондам культуры і Нацыянальнай бібліятэкай.

Сімпозіум літаратараў

У VI Міжнародным сімпозіуме літаратараў “Пісьменнік і час: літаратура як частка культурнага дыялогу” прымалі ­ўдзел каля 50 празаікаў, паэтаў, публіцыстаў, літаратуразнаўцаў, перакладчыкаў, кіраўнікоў выдавецтваў і літаратурна-мастацкіх выданняў з 20 краін свету. “Кніжная выстава — гэта пляцоўка міралюбнасці і добрасуседства, якія так цэняць нашы людзі. Сімпозіум дае адказ на прыярытэты ў будаўніцтве гуманітарнага партнёрства”, — падкрэсліў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч. У час сустрэчы літаратары абмеркавалі праблемы міжкультурнай камунікацыі ў кантэксце працэсу глабалізацыі, значнасць культуры як універсальнай кансалідуючай прасторы, ролю літаратуры ў фарміраванні ўзаемаразумення паміж народамі. Гаварылі на сімпозіуме і пра значэнне мастацкага перакладу ва ўмацаванні гуманітарных сувязей, а таксама пра тое, што любоў, сям’я, свабода не павінны страціць сваё значэнне, а памочнікам у дасягненні добрых намераў павінна быць мастацкае слова.

Конкурс “Мастацтва кнігі”

Штогод у межах кніжнага форуму праходзіць Нацыянальны конкурс “Мастацтва кнігі”, на якім адзначаюцца лепшыя выданні і іх стваральнікі. Сёлета ў ім удзельнічалі каля 200 работ. Лепшых вызначылі ў 17 намінацыях: тэматычных, спецыяльных і персанальных. Найвышэйшую ўзнагароду ў намінацыі “Трыумф” атрымаў выдавец Дзяніс Раманюк за кнігу “Беларусь. Храм і краявід”. Ён прызнаўся, што гэтая ўзнагарода для яго стала вялікай нечаканасцю: “Я першы прыватны выдавец у Беларусі, які перамог у гэтай намінацыі. Я ўдзячны ўсім, хто дапамагаў мне і падтрымліваў у стварэнні альбома, каб ён атрымаўся такім прыгожым і якасным”. У розных намінацыях былі  ўзнагароджаны самыя буйныя выдавецтвы нашай краіны.

Хочацца адзначыць, што ў намінацыі “За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны” пераможцам стала выданне “Берасцейская Біблія. 1563” Нацыянальнай бібліятэкі. Прэзентацыяй гэтага ўнікальнага 15-кілаграмовага факсіміле з 1500 старонкамі, якое стала самым вялізным кніжным артэфактам за ўсю гісторыю айчыннага кнігавыдання, пачаўся кніжны форум 5 лютага. Аднаўленне самага вялікага і дарагога беларускага фаліянта мінулых стагоддзяў стала важнай падзеяй у культурным жыцці краіны ў 2019 годзе і выклікала дадатковую цікавасць да кніжнага помніка. У сувязі з гэтым Нацыянальная бібліятэка падрыхтавала яшчэ тры выданні, якія і былі прадстаўлены на ММКВК: навуковая манаграфія “Асэнсаванне шэдэўра. Берасцейская Біблія” Алеся Сушы, камплект рэпрадукцый “Гравюры Берасцейскай Бібліі” і электронны дыск “1000-годдзе Брэста: праз прызму старадаўніх дакументаў”.

Яшчэ можна шмат расказваць пра XXVII Мінскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш. Сёлета кніжны форум наведалі больш за 60 тысяч чалавек, якія сталі ўдзельнікамі каля 500 мерапрыемстваў. І калі раптам у вас не атрымалася трапіць на выставу — не засмучайцеся. Час бяжыць хутка, а таму год праляціць незаўважна, і за 12 месяцаў для нас, чытачоў, пісьменнікі зноў напішуць мноства новых цікавых твораў, а выдаўцы выпусцяць прыгожыя кнігі, з якімі мы пазнаёмімся ўжо на ХХVІІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы. А пакуль будзем атрымліваць асалоду ад набытых на сёлетнім форуме выданняў.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара і Уладзіміра ФАЛАЛЕЕВА.