Компас у свеце слоў і вобразаў

- 12:34Медыяадукацыя

Хто лічыць, што “чацвёртая ўлада” — гэта толькі прыгожая метафара ў адносінах да медыя (СМІ), той недаацэньвае або нават не ўяўляе яе рэальны ўплыў на нашы думкі, пачуцці і дзеянні, на фарміраванне нашага ўяўлення пра свет. Медыя нярэдка асэнсавана падмяняюць рэчаіснасць.

Наша грамадства яшчэ не прызнае неабходнасці медыяадукацыі, блытае гэтае паняцце з уменнем карыстацца камп’ютарам і інтэрнэтам на занятках і ў штодзённым жыцці. У Швецыі кожны школьнік ведае, што медыяадукацыя — гэта вывучэнне медыя. З пачатковых класаў яны знаёмяцца з тым, як ствараюцца і распаўсюджваюцца медыятэксты, вучацца ацэньваць і інтэрпрэтаваць іх змест, самі складаюць медыяпаведамленні і праз усё гэта развіваюць свае аналітычныя і крытычныя здольнасці. Такая вялікая ўвага медыяадукацыі ў Швецыі ўдзяляецца не таму, што нацыянальныя СМІ хочуць мець як мага больш чытачоў (гэтая мэта таксама ёсць, але яна далёка не першая), самае галоўнае — умацаванне дэмакратыі і свабоды слова праз навучанне дзяцей крытычнаму аналізу любых паведамленняў, развіццё ў іх здольнасці быць незалежнымі і актыўнымі карыстальнікамі медыя і разам з тым творчымі і інтэрактыўнымі стваральнікамі асабістых паведамленняў. Ва ўсіх установах адукацыі ідзе навучанне дзяцей крытычнаму падыходу да медыякантэнту, азнаямленню з тым, як працуюць розныя медыя, якую ролю яны адыграваюць у жыцці грамадства. Медыяпедагогамі выступаюць як настаўнікі розных прадметаў (асабліва гуманітарных і грамадазнаўчых), так і бібліятэкары. Ім не трэба вынаходзіць веласіпед, як і што рабіць з дзецьмі па выхаванні ў іх медыякампетэнтасці, бо ім у дапамогу створаны метадычныя медыярэсурсы Mediekompass (“Медыякомпас”) (http://www.mediekompass.se) і Мik-runnet (“Прастора медыя і камунікацый”) (https://mik.statensmedierad.se), а яшчэ на нацыянальным радыё і тэлебачанні ёсць спецыяльныя перадачы па гэтай тэме.

Ва ўсіх установах адукацыі Швецыі дзеці навучаюцца крытычнаму падыходу да медыякантэнту, знаёмяцца з тым, як працуюць розныя медыя, якую ролю яны адыгрываюць у жыцці грамадства, як на занятках, так і па-за імі.

У падрыхтоўцы “Медыякомпаса” прымалі ўдзел як педагогі (у прыватнасці, вядучы нашай летняй школы па медыяадукацыі Ёран Андэрсан), так і журналісты — супрацоўнікі газет. Некалі “Медыякомпас” быў прадстаўлены ў друкаваным і лічбавым выглядзе, зараз працуе толькі як сайт. “Медыякомпас” — падказка настаўнікам, якія падзеі ў краіне і ў свеце лепш разглядаць з вучнямі, якія пры гэтым выкарыстоўваць методыкі і практыкаванні. Сёння ім актыўна карыстаюцца каля 11 тысяч шведскіх педагогаў. Кожны тыдзень настаўнікам прапануецца для разгляду 2 сюжэты і 1 актуальная падзея, а таксама даюцца парады, якім чынам іх лепш разглядаць з дзецьмі. Так, пачаткоўцы, напрыклад, павінны засвоіць, як працаваць з інфармацыяй у штодзённым жыцці і падчас навучання, як шукаць і ацэньваць інфармацыю, атрыманую з розных крыніц. У гімназіях па праграме “Грамадазнаўства” ёсць нават спецыялізацыя “Медыя”, дзе навучэнцы вучацца аналізаваць розныя з’явы ў грамадстве і распазнаваць прычыны і наступствы з дапамогай грамадазнаўчых тэрмінаў, тэорый, мадэлей і метадаў; шукаць і крытычна інтэрпрэтаваць інфармацыю з розных крыніц, а таксама ўмець ацэньваць значэнне і дакладнасць гэтых даных; прадстаўляць свае веды ў галіне грамадазнаўства ў розных формах прэзентацыі.Цікава, што навыкі медыяграматнасці правяраюцца ў вучняў на дзяржаўным узроўні падчас правядзення так званага агульнанацыянальнага тэсціравання па трох прадметах — матэматыцы, англійскай і шведскай мовах. У тэсціраванні ўдзельнічаюць вучні 3, 6, 9 класаў і гімназісты. Па шведскай мове прапануецца напісаць навінны матэрыял або эсэ па пэўнай тэме. Дарэчы, стварэнне медыяпаведамленняў уваходзіць у праграму навучання шведскай мове. Такая пісьмовая работа дэманструе здольнасць вучня граматна выказваць свае думкі.
Згодна са шведскім вучэбным планам, медыякампетэнтнасць вучняў ацэньваецца па чатырохбальнай шкале, па чатырох F— fakta, färdigheter, förståelse, förtrogenhet. Так, на першым узроўні (факты) вучні павінны валодаць асновай пабудовы новых ведаў; на другім (уменне) — знаходзіць інфармацыю, прадстаўляць яе ў новым выглядзе; на трэцім (разуменне) — разумець, пра што ідзе гаворка ў тэксце, вылучаць галоўную думку; на чацвёртым, самым высокім узроўні (паглыбленае разуменне), — упэўнена карыстацца ведамі, рабіць ацэнку любога медыяпаведамлення.
Сайт па медыграматнасці з назвай Мik-runnet быў створаны ў Швецыі па ініцыятыве Дзяржаўнага медыйнага савета. Яго мэта — зрабіць дзяцей і маладых людзей больш свядомымі карыстальнікамі медыя і абараніць іх ад шкоднага ўздзеяння медыя. Як падкрэсліў Ёран, стварэнне такого рэсурсу, вядома, патрабуе пэўных ведаў і значных грашовых укладанняў, але гэта таго вартае, і таму сёння гэты медыярэсурс можна з гордасцю нават прадстаўляць на экспарт.
На медыярэсурсе Мik-runnet асобна прадстаўлена інфармацыя для бібліятэкара і для настаўніка. Далей старонка за старонкай тлумачыцца, як можна правесці вучэбныя заняткі для вучняў розных класаў. У Ёрана, напрыклад, азнаямленне з гэтымі метадычнымі рэкамендацыямі заняло дзве гадзіны. Першая частка — чатыроххвілінны відэаматэрыял пра тое, што, як толькі нараджаецца чалавек, інфармацыя пра гэта распаўсюджваецца з велізарнай хуткасцю. Затым даюцца цікавыя статыстычныя звесткі: 45% дзяцей ва ўзросце двух гадоў ужо выходзілі ў інтэрнэт; 80% дзяцей ва ўзросце 12 гадоў маюць смартфон, таму ў іх увесь свет у кішэні; facebook лічыцца 3-й самай вялікай краінай свету; кожную гадзіну на YouTube выкладаецца 100 гадзін відэа; каля 6 мільярдаў людзей кожны дзень уключаюць пошуковую сістэму Google. Новы медыйны ландшафт уплывае на тое, як мы вучымся, чаму мы вучымся і хто нас вучыць. З гэтага можна зрабіць выснову: новы медыйны ландшафт патрабуе новыя веды і магчымасці: уменне знайсці, прааналізаваць і крытычна ацаніць інфармацыю, уменне выказаць свае думкі і стварыць свой кантэнт у розных медыя, зразумець ролю масмедыя ў грамадстве. Гэта тое, што называюць медыяграматнасцю.
На сайце Мik-runnet таксама можна абмяркоўваць розную інфармацыю, аналізаваць яе, фармуляваць пытанні. Напрыклад, аб існуючай нянавісці ў інтэрнэце: хлопчык піша паведамленне адной дзяўчынцы: “Ты такая дурніца, таму лепш ідзі і застраліся”. Ёран падчас абмеркавання ў класе тэмы нянавісці ў інтэрнэце запытаўся ў школьнікаў: “Калі выходзіш у сеціва, то павінен усё цярпець?” І пятнаццацігадовыя падлеткі давалі станоўчы адказ: “Так, трэба цярпець”. Па іх меркаванні, сацыяльныя медыя — гэта несапраўднасць, там можна сказаць адно аднаму тое, чаго ў жыцці ніколі не скажаш. Настаўнік павінен так сфармуляваць пытанні, каб дзеці, абмяркоўваючы праблему нянавісці ў інтэрнэце, зразумелі, што няма розніцы паміж сапраўдным жыццём і тым, што адбываецца ў сацыяльных медыя. Далей прапануюцца пытанні для дыскусій. Напрыклад, наколькі важная ананімнасць, калі мы выходзім у інтэрнэт? Асноўнае адрозненне сапраўднай журналістыкі ад паведамленняў у сацыяльных медыя ў тым, што пад кожным артыкулам стаіць сапраўднае імя і прозвішча аўтара радкоў, яго нумар тэлефона або электронны адрас. Журналісты вымушаны пісаць праўдзіва, бо на наступны дзень іх атакуюць званкамі і паведамленнямі ўважлівыя чытачы. А ў сетцы ўладарыць ананімнасць. Можна пісаць усё, што жадаеш, і не адказваць за гэта. Таму цкаванне са школьнага двара перамясцілася ў сацыяльныя сеткі. Дзецям неабходны веды аб тым, як паводзіць сябе ў сетцы, як рэагаваць на цкаванне. Увогуле, сацыяльныя медыя — гэта асобная тэма, бо сёння яны з’яўляюцца неад’емнай часткай штодзённага жыцця вялікай колькасці людзей, якія пастаянна абнаўляюць свае статусы на Facebook, размяшчаюць фотаздымкі на Flickr і Instagram, шукаюць навіны праз Twitter і будучае месца працы праз LinkedIn, загружаюць відэа на YouTube. Але не толькі простыя людзі карыстаюцца сацыяльнымі медыя. Палітыкі, міністры, акцёры, кіраўнікі кампаній таксама выкарыстоўваюць іх платформу ў сваіх мэтах. Канечне, у сацыяльных медыя пануе ананімнасць, і часам цяжка праверыць дакладнасць зместу паведамлення. Але разам з тым сацыяльныя медыя далі людзям новыя магчымасці, каб выказаць свае думкі і каб даведацца пра жыццё іншых.Шмат цікавай інфармацыі пра сацыяльныя медыя мы пачулі з вуснаў журналіста газеты “Барометр” Эмелі Лунд. Я ў сваім нататніку запісала параду для свайго сына, якую настаўнікі таксама могуць перадаць сваім вучням: ніколі не пісаць пасты ў сацыяльных медыя, знаходзячыся ў дрэнным настроі, бо абавязкова знойдуцца нядобразычліўцы, якія падальюць алею ў вогнішча, і стане яшчэ горш, або выкарыстаюць твой настрой у сваіх карыслівых мэтах. Таксама не трэба пісаць таго, што не павінны ведаць таты, мамы, бабулі з дзядулямі і, канечне, настаўнікі, а ў дачыненні да дарослых — яшчэ і кіраўніцтва. Дарэчы, шведскія настаўнікі “не сябруюць” са сваімі вучнямі ў сацыяльных медыя. Вось вам і тэма для абмеркавання ў класе ці на старонках нашай газеты: ці могуць настаўнікі знаходзіцца ў адной сацыяльнай сетцы са сваімі вучнямі?
Не так даўно Савет па правах чалавека ААН апублікаваў даклад, прысвечаны ананімнасці і шыфраванню ў інтэрнэце, дзе адзначаецца, што ананімнасць і шыфраванне дазваляюць ажыццяўляць правы чалавека на свабоду думкі і выказвання. З гэтым нельга не пагадзіцца, але, з іншага боку, для некага свабода — гэта ўсёдазволенасць і безадказнасць.
Падчас лекцыі Лізы Б’юрваль, вядомага ў Швецыі эксперта і аўтара кніг па мове нянавісці ў інтэрнэце, мы зразумелі, што тэма нянавісці сёння самая актуальная. Мы, дарослыя, павінны зрабіць усё, каб абараніць дзяцей ад пагроз, абразлівых паведамленняў, падману, насілля, уцягнення ў розныя арганізацыі падчас іх знаходжання ў інтэрнэце. Нянавісць заўсёды звязана з пагрозамі, страхам, гвалтам і злачынствамі. Як паведаміла Ліза, больш за 50% шведскіх журналістаў (у большасці жанчыны) падвяргаліся пагрозам, атрымлівалі паведамленні з непрыемнымі выказваннямі, якія ў асноўным зыходзілі ад экстрэмісцкіх груповак. Як не стаць ахвярай нечай нянавісці? Зразумела, што трэба перасцерагаць дзяцей, што яны могуць у інтэрнэце сустрэцца з дэструктыўнай прапагандай па распальванні сацыяльнай варожасці, абвастрэнні супярэчнасцей у грамадстве, абуджэнні нізкіх інстынктаў. Як яе распазнаць? Вельмі складана. Прапагандай займаюцца адукаваныя людзі, яны ўмеюць па-майстэрску маніпуляваць свядомасцю і пачуццямі людзей. Ад Лізы мы атрымалі карысныя парады: аналізаваць, да якіх пачуццяў апелююць аўтары паведамленняў — нацыяналістычных або агульначалавечых; як апісваюцца пагрозы, якія пры гэтым выкарыстоўваюцца словы — напрыклад, звязаныя з такімі небяспечнымі прыроднымі з’явамі, як шторм, ураган; як параўноўваюць людзей — напрыклад, з агрэсіўнымі драпежнымі жывёламі.
На занятках у шведскіх школах дзяцей яшчэ вучаць адрозніваць, якая інфармацыя праўдзівая, а якая з’яўляецца фэйкам (падманам). Журналісты спецыяльна падрыхтавалі для гэтых мэт вучэбныя матэрыялы. Напрыклад, у адным з іх расказваецца пра янота — небяспечнага звера, разносчыка шаленства. Рэпартаж вельмі пераканальны, бо на відэа мы бачым агрэсіўных янотаў, якія нас пужаюць. Ды і ўрачы на відэа ў адзін голас гавораць, што з янотамі трэба быць вельмі асцярожнымі. Пасля прагляду паловы сюжэта вучням задаюцца пэўныя пытанні на разуменне і ўспрыманне відэа. Затым прапаноўваецца паглядзець другую частку відэа, дзе журналіст расказвае, як яна рабіла гэты рэпартаж. І тут дзеці даведваюцца, што ўрачы і іншыя спецыялісты — гэта сапраўдныя людзі, прафесіяналы, але яны гаварылі пра іншых жывёл, а не янотаў, а мантаж зроблены так, нібыта яны кажуць пра янотаў.

У школьную праграму навучання швецкай мовы ўваходзіць стварэнне медыяпаведамленняў.

Каб не апынуцца ў пастцы падману, трэба валодаць інструментамі вызначэння фэйкаў, маніпуляцый. Гэта цэлае мастацтва, і на адных занятках ім не авалодаеш. У шведскіх дзяцей ёсць магчымасць папрактыкавацца не толькі на школьных занятках, пад кіраўніцтвам сваіх настаўнікаў і бібліятэкараў, але і самастойна ці з бацькамі, гледзячы тэлебачанне і слухаючы радыё. У Швецыі ёсць спецыяльнае адукацыйнае радыё, ды і на тэлебачанні шэраг праграм прысвечаны медыяадукацыі. Напрыклад, на адукацыйным радыё быў падрыхтаваны медыялізаваны серыял па 30 хвілін на 7 праграм пра тое, як крытычна ставіцца да інфармацыі, як па-рознаму прадстаўляецца інфармацыя, пра патрабаванні да фотаздымкаў і г.д. З гэтага адукацыйнага радыё звярнуліся да медыяпедагогаў, у прыватнасці да Ёрана, з просьбай падрыхтаваць перадачу для настаўнікаў і вучняў па пытаннях медыя. Так, з 7 праграм атрымалася невялікая брашура на 70 старонак, дзе апісаны змест праграмы, заданне для выканання, спасылкі, якія можна выкарыстоўваць. Пасля апісання кожнай тэмы прапануецца спецыяльнае заданне з пытаннямі на разуменне тэксту.
Кожную пятніцу ў 9 гадзін раніцы на дзіцячым тэлебачанні выходзіць 17-хвілінная праграма “Маленькая школа — актуальныя падзеі”. Пасля падачы розных навін гледачам прапануецца крыжаванка, якая накіравана на праверку таго, як тыя зразумелі, засвоілі і запомнілі навіны.
Медыяадукацыя ў Швецыі — гэта цэласная сістэма, якая накіроўваецца дзяржавай. Яе асноўная мэта — развіваць будучых грамадзян, якія ўмеюць успрымаць, аналізаваць і ацэньваць медыятэксты, а таксама творча прадстаўляць сябе і сваю пазіцыю ў розных медыяпаведамленнях.

Святлана КІРСАНАВА.
Фота аўтара.