Комплексны падыход

- 10:39Інклюзія, Сацыяльны ракурс

Пытанні сацыяльнай адаптацыі дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра абмяркоўваліся на міжведамаснай нарадзе ў сярэдняй школе № 104 імя Р.Н.Мачульскага Мінска. 

У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Мінгарвыканкама і адміністрацый раёнаў сталіцы, работнікі сістэмы адукацыі, аховы здароўя, са­цыяльнай абароны, спорту і турызму.  

Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран адзначыў, што неабходна цэнтралізаваць работу з дзецьмі з асаблівасцямі развіцця, каб установы адукацыі не замыкаліся ў сабе, а комплексна вырашалі пытанні, звязаныя са знаходжаннем такіх дзяцей у школе, іх сацыялізацыяй, дапамогай іх сем’ям, а таксама з метадычнай пад­рыхтоўкай педагогаў да такой дзейнас­ці. Асаблівую ўвагу кіраўнік удзяліў тэме пашырэння магчымасцей для прафесійнага навучання дзяцей з РАС, іх працаўладкавання. 

— Дзеці з РАС складаюць 3 працэнты ад агульнай колькасці дзяцей з АПФР, — расказала намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Ірына Чарняўская. — Задача — стварыць усе ўмовы для іх знаходжання ў навучальных установах, цэнтрах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, фізкультуры і спорту. 

У школах і дзіцячых садах Мінска сёння займаецца 1026 дзяцей з аўтызмам. У кожным раёне сталіцы вызначаны апорныя ўстановы, дзе створаны неабходныя спецыяльныя ўмовы, у тым ліку кадравыя і метадычныя, для забеспячэння інтэграванага навучання і выхавання. Прадугледжана магчымасць персанальнага суправаджэння дзяцей з РАС выхавальнікам (цьютарам). Дарэчы, у 2022/2023 навучальным годзе Мінскі гарадскі педагагічны каледж упершыню ажыццявіў набор на спецыяльнасць “Педагагічнае суправаджэнне” на аснове агульнай базавай адукацыі.

 У Мінску сёння функцыянуюць тры рэсурсныя цэнтры комплекснай дапамогі дзецям з РАС: на базе гарадскога ЦКРНіР, сярэдняй школы № 5 і спецыяльнага дзіцячага сада № 235. З гэтага навучальнага года ва ўсіх раёнах сталіцы створаны вучэбна-метадычныя аб’яднанні педагогаў па рабоце з дзецьмі з аўтызмам, а таксама гарадскі метадычны савет.  

 

Для таго каб бацькам дзіцяці з АПФР было лягчэй сарыентавацца і загадзя вызначыць установы адукацыі, дзе займаюцца дзеці з тымі ці іншымі парушэннямі, была распрацавана інтэрактыўная карта “Спецыяльная адукацыя”, якая размешчана на інфармацыйна-адукацыйным партале “Адукацыя сталіцы” сайта камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. 

 

Чытайце матэрыял Надзеі Церахавай у нумары ад 4 лістапада 2022 года.