Кожнай птушынай сям’і — дом

- 14:36Навіны рэгіёнаў

Традыцыі рабіць шпакоўні ў Цяцерынскім вучэбна-педагагічным комплексе Круглянскага раёна ўжо шмат гадоў. Кожную вясну хлопчыкі 7—9 класаў на ўроках працоўнага навучання майструюць домікі для птушак.

Нашы навучэнцы настолькі асвоілі гэтае рамяство, што іх шпакоўні не сорамна нават на выставах паказаць. На ўроках хлопчыкі працуюць звычайнымі стамескамі, кіянкамі і малаткамі. І гэта не капрыз іх настаўніка Сяргея Леанідавіча Кубекі, а частка выхаваўчага працэсу. Вырабляючы шпакоўню сваімі рукамі, трэба ведаць кожную шурпатасць на кавалку дрэва, кожную шчарбінку. Работа можа расцягнуцца надоў­га, але ў выніку ў кожнай хаткі для птушак, створанай дзецьмі, свой характар.

Дызайнерскія ідэі юныя майстры часам чэрпаюць з інтэрнэту, але свае фантазіі пераважаюць, таму шпакоўні атрымліваюцца неардынарныя і творчыя. Птушыныя госці з задавальненнем селяцца ў такіх казачных хатках і радуюць сваім спевам усіх вакол.

Настасся ЛЕМЕШАВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Цяцерынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Круглянскага раёна.