Крылаты дазор на варце

- 16:57Нам пішуць

У наш час вельмі актуальным з’яўляецца пытанне захавання прыроды. Ці часта мы нешта робім для таго, каб зялёны куток у сваім горадзе ці вёсцы быў сапраўды зялёным? Многія не ведаюць, з чаго пачаць. Для вучняў Сакаўшчынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя В.А.Каваленкі Валожынскага раёна Мінскай вобласці добрай магчымасцю для старта стала работа разам з грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. У верасні 2016 года ў рамках праекта АПБ “Аб’ядноўваючыся вакол прыроды” ў нашай школе пачаў працваць клуб “Крылаты дазор”, мэтай дзейнасці якога з’яўляецца далучэнне школьнікаў да прыродаахоўнай дзейнасці.

Вучні 8—9 класаў удзельнічаюць у традыцыйных кампаніях АПБ і арганізоўваюць падобныя акцыі самі. Яны накіраваны на фарміраванне экалагічнай культуры, паглыбленне ведаў аб птушках Беларусі, развіццё назіральнасці, даследчых здольнасцей. Заняткі клуба часта праводзяцца на прыродзе.

Зімой мы абавязкова ўдзельнічаем у акцыі “Птушкі на кармушцы”, стараемся забяспечыць кормам нашых крылатых сяброў. Вясной члены клуба пачынаюць работу па ўліку белых буслоў, якіх у нашай мясцовасці вельмі многа. Большасць вучняў і настаўнікаў школы ўдзельнічалі ў выбары птушкі-сімвала Валожынскага раёна, і наша меркаванне супала з меркаваннем большасці жыхароў раёна.

Вучням не толькі цікава праводзіць вольны час у клубе “Крылаты дазор”, але і карысна, бо тут яны вучацца разумець і абараняць прыроду, усё жывое.

Яніна МАКРЫЦКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі, кіраўнік клуба “Крылаты дазор”
Сакаўшчынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
імя В.А.Каваленкі Валожынскага раёна.