Крок да прафесіі

- 14:53Нам пішуць

Галоўны стратэгічны напрамак працоўнага выхавання і прафарыентацыйнай работы ў школе — фарміраванне чалавека працы, здольнага знайсці сваё месца ў эканамічнай прасторы Рэспублікі Беларусь.

Фота да матэрыяла: Крок да прафесіі.Падчас восеньскіх канікул вучні 10 класа ДУА “Валеўскі ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа” Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці зрабілі сапраўдны крок да прафесіі. Па запрашэнні Палаца дзяцей і моладзі г. Наваполацка яны сталі ўдзельнікамі выхаваўчага і адукацыйнага прафарыентацыйнага праекта “Наваполацк — прамысловы цэнтр”, які распрацаваны з улікам сучасных тэндэнцый і запытаў на рынку працы.

Вучні Навагрудчыны з цікавасцю наведалі Полацкую ГЭС. Падчас гутаркі з яе дырэктарам В.П.Вялюгам пазнаёміліся з прафесіяй энергетыка, а таксама з асабістымі якасцямі, якімі павінны валодаць спецыялісты такой адказнай прафесіі. Полацкая ГЭС пачала працаваць у 2017 годзе. Мы былі ўражаны новым сучасным абсталяваннем і тымі ведамі, якія неабходны для работы на ГЭС. Але ж самым незабыўным стаў спуск у турбінную залу: гэта роўна сем паверхаў пад зямлю, а над намі і вакол нас, недзе далёка ўверсе, несла свае хвалі прыгажуня Дзвіна.

Палац дзяцей і моладзі г. Наваполацка арганізаваў для нас наведванне флагмана хімічнай прамысловасці нашай краіны ТАА “Нафтан-Палімір”. Першы раз у жыцці дзеці наведалі прадпрыемства, якое па плошчы амаль роўнае нашаму Навагрудку (тут працуе 10 тысяч чалавек). Мы даведаліся, што такое палімір, акрылавыя валокны і інш.

Беларуская прадукцыя, якая выпускаецца ў Наваполацку, запатрабавана ў 50 краінах свету. На заводзе працуе шмат сямейных дынастый. Юныя навагрудчане зацікавіліся, дзе можна набыць спецыяльнасці, якія запатрабаваны на “Нафтане”. Тады для нас была арганізавана сустрэча з намеснікам дырэктара Наваполацкага політэхнічнага каледжа Н.У.Калдуненка. Падчас наведвання каледжа мы пазнаёміліся з умовамі навучання, зазірнулі ў сучасныя лабараторыі, класы.

Фота да матэрыяла: Крок да прафесіі. Фота да матэрыяла: Крок да прафесіі.

Такія маршруты служаць патрыятычнаму выхаванню і гонару за тэхнічны і навуковы патэнцыял Рэспублікі Беларусь, а яшчэ — павышаюць папулярнасць і сацыяльную значнасць рабочых прафесій. Старшакласнікі павінны бачыць рэальныя магчымасці паспяховай рэалізацыі ў рамках асваення рабочых спецыяльнасцей і разглядаць гэта як добры старт для прафесійнага росту і кар’еры на карысць Радзіме і яе дабрабыту.

Асаблівыя словы ўдзячнасці хочацца выказаць супрацоўнікам Палаца дзяцей і творчасці г. Наваполацка, намесніку дырэктара ТАА “Нафтан-Палімір” па ідэалогіі С.К.Брыкуну, начальніку ўпраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама А.А.Анікевічу за арганізацыю паездкі.

Тамара СУРАГА,
класны кіраўнік 10 класа
Валеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.