Кубак Перамогі

- 17:06Нам пішуць

6 мая 2017 года прайшоў V штогадовы, ужо традыцыйны, турнір па футболе сярод устаноў адукацыі Магілёва, прымеркаваны да дня перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, арганізатарам якога з’яўляецца Магілёўскі абласны ліцэй № 1. Да іх у госці і прыехала каманда сярэдняй школы № 4 Магілёва, каб абараніць тытул леташняга пераможцы турніру.

Ніхто не хацеў саступаць: ні юны, абноўлены склад каманды МДАЛ № 2, ні смелыя і дзёрзкія хлопцы з каманды МДАЛ № 1, ні вопытныя і ўмелыя гульцы каманды “Ліцэйскі легіён”, складзенай з выпускнікоў і выкладчыкаў ліцэя № 1, ні саслабелая траўмамі гульцоў і падкошаная маральна каманда сярэдняй школы № 4.

У выніку пераможцай турніру стала каманда “Ліцэйскі легіён”, 2-е месца заняла каманда МДАЛ № 1, каманда сярэдняй школы № 4, галоўным козырам якой была воля да перамогі, стала ўладальніцай бронзавых медалёў.

На цырымоніі ўзнагароджання наша каманда не хавала прыкрасці і расчаравання ад упушчанай магчымасці зноў стаць уладальнікамі Кубка Перамогі і, напэўна, у душы ўяўляла ўжо наступны турнір…

Алена СТУДНЕВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 4 Магілёва.