Кузня кадраў для вёскі

- 11:25Навіны рэгіёнаў

Ні для каго не сакрэт, што сацыяльна-эканамічнае становішча любога беларускага рэгіёна шмат у чым залежыць ад функцыянавання аграпрамысловага комплексу. А стан спраў у аграпрамысловым комплексе, у сваю чаргу, непасрэдна залежыць ад забяспечанасці сферы кваліфікаванымі кадрамі. Арыфметыка простая. І яе, як высветлілася ў ходзе чарговага выязнога пасяджэння Магілёўскага аблвыканкама, імкнуцца выконваць у Крычаўскім раёне. Тут сярод усіх складнікаў паспяховай работы важнае месца займае падрыхтоўка кадраў для сельскай гаспадаркі і будаўніцтва.

У райцэнтры функцыянуе прафесійны агратэхнічны каледж, які сёння можна назваць кузняй кадраў не толькі для сельгаспрадпрыемстваў Крычаўшчыны, але і ўсёй вобласці. Ужо на працягу амаль 130 гадоў у гэтай установе адукацыі рыхтуюць прафесійныя кадры для народнай гаспадаркі.
— Наша ўстанова адукацыі адкрылася ў 1888 годзе. Ужо тады, у XIX стагоддзі, тут былі створаны ўсе ўмовы для правядзення якаснага вучэбнага працэсу. Сёння каледж — сучасная навучальная ўстанова, але мы пастараліся захаваць тыя традыцыі і матэрыяльную базу, якія дасталіся нам у спадчыну, — расказаў дырэктар каледжа Барыс Белянкоў.
У момант свайго ўзнікнення каледж спецыялізаваўся на падрыхтоўцы кадраў непасрэдна для сельскай гаспадаркі. Зараз тут пашырылі профіль і акрамя аграрнікаў рыхтуюць яшчэ рабочых і спецыялістаў для будаўнічай сферы.
— Мы пастаянна маніторым рынак працы, абнаўляем пералік спецыяльнасцей. Навучанне можна прайсці як па прафесійна-тэхнічным, так і па сярэднім спецыяльным профілі. А можна адразу атрымаць прафесію і павысіць сваю адукацыю на другой ступені, на ўзроўні ССА. Усё гэта робіць нашых выпускнікоў запатрабаванымі ў сваёй сферы, — адзначыў Барыс Якаўлевіч.
На якасць кадраў, якія рыхтуюць у каледжы, па словах дырэктара, уплывае добра развітая матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы, наяўнасць разнастайнага вучэбнага абсталявання, лабараторый.
— Аснашчанасць каледжа ўсім неабходным для якаснага вучэбнага працэсу — першачарговая задача. Матэрыяльная база ўстановы пастаянна абнаўляецца, у большасці сваёй за кошт пазабюджэтных сродкаў. Мы маем добры машынна-трактарны парк і сваю вучэбную гаспадарку. Выкарыстоўваць гэтыя рэсурсы стараемся па максімуме. Па вытворчых і эканамічных паказчыках наша вучэбная гаспадарка займае дастойнае месца сярод устаноў ПТА вобласці. Адметна, што ў сельскагаспадарчых работах актыўна задзейнічаны і нашы навучэнцы. Для іх гэта своеасаблівая дадатковая практыка ў атрыманні прафесіі, — падкрэсліў Барыс Белянкоў.
Як адзначыў Барыс Якаўлевіч, каб выконваць працу добра, патрэбен калектыў аднадумцаў. У Крычаўскім агратэхнічным каледжы такі ёсць. 63 педагагічныя работнікі ўстановы — гэта сплаў вопытных і маладых спецыялістаў, гэта калектыў прафесіяналаў, у якім кожны разумее, што на яго ўскладзена адказнасць за навучанне і выхаванне маладога пакалення. Самааддача педагогаў у рабоце прыносіць адпаведныя вынікі. За апошнія пяць гадоў работнікі і навучэнцы каледжа атрымалі больш за 100 грамат і дыпломаў на рэспубліканскіх, абласных, раённых конкурсах і спаборніцтвах.
У сказаным кіраўніком навучальнай установы ўдзельнікі выязнога пасяджэння аблвыканкама змаглі пераканацца падчас экскурсіі па вучэбных карпусах і лабараторыях. Каледж сустракаў гасцей светлымі і прасторнымі класамі, сучасным вытворчым абсталяваннем і вучэбнымі стэндамі, творчай, рабочай атмасферай, якая панавала на ўроках. Старшыня аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі адзначыў, што кадравы патэнцыял і матэрыяльная база каледжа выдатныя, што дазваляе рыхтаваць добрых аграрнікаў. Губернатар таксама прапанаваў паспрабаваць стварыць тут эксперыментальную групу па навучанні фермераў, якіх зараз не хапае ў рэгіёне.
Вынікі працы ў каледжы нядрэнныя, але, як запэўніў Барыс Белянкоў, спыняцца на дасягнутым педагагічны калектыў установы не мае намеру. Тут будуць імкнуцца да яшчэ большага ўдасканалення вучэбнага працэсу, каб і далей забяспечваць аграпрамысловы комплекс вобласці высокакваліфікаванымі спецыялістамі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Крычаўскім дзяржаўным прафесійным агратэхнічным каледжам.