Кветкі, якія не вянуць

- 12:09World Skills

Вікторыя Маркачова і Раман Федаровіч з’яўляюцца экспертамі ў прафесійнай кампетэнцыі “Фларыстыка”, якая сёлета ўпершыню прадстаўлена на нацыянальным чэмпіянаце.

Вікторыя і Раман — муж і жонка, аб’яднаныя не толькі шлюбам, але і мастацтвам фларыстыкі. У гэтую сферу яны прыйшлі з зусім іншых галін дзейнасці па душэўным імкненні і ні разу аб гэтым не пашкадавалі. Свет фларыстыкі іх настолькі пакарыў, што сёння яны ўжо не ўяўляюць свайго жыцця без любімай справы. Пачаткам яе былі спецыяльныя курсы па фларыстыцы, стажыроўкі ў знакамітых майстроў, стварэнне сваёй школы, падрыхтоўка выхаванцаў, потым выданне часопіса, удзел у шматлікіх спаборніцтвах нацыянальнага і міжнароднага ўзроўню. Цяпер у жыцці майстроў беларускай фларыстыкі новы віток — рух WorldSkills, у які яны з радасцю і з характэрнай для іх апантанасцю акунуліся.

Адчуць прыгажосць фларыстыкі ўдалося яшчэ на папярэдніх нацыянальных чэмпіянатах. І хай тады гэтая кампетэнцыя была толькі дэманстрацыйнай, але яе атрыбутыка, а перш-наперш жывыя кветкі з непаўторным вясеннім пахам стварылі асаблівы камфорт, унеслі хатнюю цеплыню і, магчыма, нават знялі стрэс у канкурсантаў. Дзякуючы ініцыятыве РІПА, непасрэдна саміх фларыстаў, кампетэнцыя на чэмпіянаце ўмацавалася, і сёлета па ёй будуць спаборнічаць 9 чалавек.

Трэба адзначыць, што такая сфера, як прафесійная фларыстыка, яшчэ даволі маладая, але развіваецца імкліва і з кожным годам заваёўвае ўсё больш прыхільнікаў. Ужо створана Асацыяцыя прафесіяналаў фларыстыкі і кветкавага бізнесу Беларусі, праводзяцца нацыянальныя конкурсы, чэмпіянаты, і з нядаўняга часу беларускія фларысты дэманструюць сваё майстэрства на міжнародных арэнах, як паказваюць вынікі, даволі паспяхова.

Раман і Вікторыя з радасцю прынялі запрашэнне стаць экспертамі, падрыхтаваць канкурсантаў да ўдзелу ў WorldSkills, бо ўспрынялі пляцоўку нацыянальнага чэмпіянату як яшчэ адну магчымасць прадэманстраваць свае здабыткі ў “кветкавай” сферы. Усе канкурсанты прадстаўляюць нацыянальныя школы фларыстыкі, экалагічныя цэнтры, у тым ліку і мінскую школу, якую стварылі Раман і Вікторыя. Іх школа — адзіная ў краіне, якая навучае па еўрапейскай праграме і выдае сваім выхаванцам дыплом па фларыстыцы еўрапейскага ўзору. Многія выпускнікі прайшлі стажыроўку ў знакамітых фларыстаў свету.

У ліку канкурсантаў сёлетняга чэмпіянату — Марыя Савіч з філіяла БНТУ “Мінскі архітэктурна-будаўнічы каледж”, Хрысціна Рыкунова і Дарына Сінцарова з БДУ, Ганна Азарка з сярэдняй школы № 2 Пінска, канкурсантка Юлія Турчык выступае за Расійскую Федэрацыю. Некаторыя з удзельнікаў запомніліся яшчэ ў час правядзення ў 2016 годзе першага чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па прафесійнай фларыстыцы, арганізатарамі якога выступілі Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, Асацыяцыя фларыстаў, выставачная кампанія “ЭкспаСістэмс”.

Мэтай правядзення такога грандыёзнага форуму аматараў кветак стала папулярызацыя фларыстыкі сярод моладзі, развіццё гэтай сферы ў адукацыі і прадпрымальніцтве, прасоўванне нацыянальных і міжнародных тэндэнцый у фларыстыцы, і, безумоўна, адкрыццё новых імёнаў таленавітых фларыстаў. Сярод іх Настасся Стэмплеўская. Дзяўчына вучыцца ў Правамастоўскай сярэдняй школе, а ў вольны час займаецца фларыстыкай у аб’яднанні па інтарэсах эколага-біялагічнага цэнтра Мастоўскага раёна. Настасся паказала сябе на спаборніцтве з самага лепшага боку. І гэта зразумела. Ад прыроды творчы, з багатай фантазіяй чалавек, дзяўчына з радасцю займаецца фларыстыкай, а тым больш, калі побач такі выдатны педагог — Наталля Эдуардаўна Бортнік.

Для фларыста аднаго толькі валодання тэхнікай складання букетаў мала. У гэтай справе трэба мець густ, валодаць ведамі па эстэтыцы, біялогіі, экалогіі, займацца гербарыем. Як важна і як цяжка ствараць прыгажосць, свет, дзе прэвалююць толькі станоўчыя эмоцыі. Напэўна, гэта магчыма толькі тады, калі ты аддаеш не толькі прафесійныя навыкі, але і сваё сэрца, душу, унутраны стан. Работы сапраўдных майстроў заўжды прыцягваюць да сябе мастацкай сілай.

Менавіта такія пачуцці ўзнікаюць, калі праходзіш ля конкурснай пляцоўкі, дзе выступаюць фларысты. Кожны букет, кожная кампазіцыя, прадстаўленая канкурсантамі, заварожвае, выклікае захапленне, і, здаецца, ужо эпітэты заканчваюцца, калі спрабуеш апісаць выраб. Арыгінальнасць, непаўторнасць, індывідуальнасць, крэатыўнасць, адным словам, на конкурсе прадстаўлены сапраўдныя аўтарскія работы, але якія былі выкананы з аднолькавых расходных матэрыялаў згодна з умовамі конкурсу. Жывыя кветкі самых розных гатункаў і афарбовак, такія як эквадорскія ружы, герберы, хрызантэмы, дэкаратыўная зеляніна — эўкаліпт, аспарагус, спецыяльныя каркасы і іншыя прыстасаванні выкарыстоўваюцца ў рабоце кожным канкурсантам. Толькі вынікі розныя, затое ўсе вырабы аднолькава прыгожыя. Акрамя традыцыйных заданняў, канкурсанты павінны былі выканаць вясельны букет і стварыць кампазіцыю з вазонных раслін. У апошнім заданні, каб гарманічна скампанаваць гэтыя расліны ў адзіны вобраз, трэба было выкарыстоўваць веды па фізіялогіі, сацыялогіі, паліве і асвятленні, каб яны маглі ўжыцца ў адной кампазіцыі. Пры гэтым выкарыстоўваліся дэкаратыўныя элементы: карчагі, галіны, бярвенне і інш. А таксама такія расліны, як сукуленты. Падкрэсліваюць іх унікальнасць пры дапамозе цікавых па форме збанкоў і ёмістасцей. Яны могуць упрыгожыць сабой як інтэр’ер пакоя, так і практычна любую ландшафтную кампазіцыю. Асаблівасць сукулентаў у тым, што яны доўга жывуць без паліву.Чаго не скажаш пра іншыя расліны, асабліва кветкі. На працягу двух дзён спаборніцтваў канкурсантам трэба было добра даглядаць свежа зрэзаныя кветкі, каб яны доўга захоўвалі прывабны выгляд.

Ала КЛЮЙКО.