Квітней, “Васілёк”!

- 10:57Навіны рэгіёнаў

Дзіцячы сад № 113 адкрыўся ў Віцебску

Дашкольная ўстанова на 200 месцаў з прыгожай паэтычнай назвай — трэцяя па ліку з тых, што з’явіліся ў мікрараёне новабудоўляў Білева. Падзяліць радасць свята з яе маленькімі гаспадарамі, іх бацькамі, педагогамі, жыхарамі мікрараёна ў ліку ганаровых гасцей завіталі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Віцебскай вобласці Віталь Воўк, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пенін, старшыня гарвыканкама Віктар Нікалайкін, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома.

Фота да матэрыяла: Квітней, “Васілёк”!— У красавіку 2005 года мы заклалі першы 144-кватэрны дом у Білева, насупраць прадпрыемства “Віцьба”, — расказаў Уладзімір Андрэйчанка. — Радасна, што за 13 гадоў тут вырас магутны мікрараён з 40 тысячным насельніцтвам, які хутка развіваецца. Адкрыццё новага садка — доўгачаканая і знамянальная падзея. Хачу падзякаваць аблвыканкаму, гарвыканкаму, праектантам, будаўнікам — усім, хто стварыў гэты цудоўны аб’ект, каб нашы дзеці раслі здаровымі і шчаслівымі, атрымлівалі гарманічнае развіццё, добрую адукацыю і выхаванне, вырасталі дастойнымі грамадзянамі і патрыётамі роднай краіны.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь асобна падкрэсліў, што сацыяльная справядлівасць, клопат пра людзей, арыентаванасць на рост іх дабрабыту і сацыяльную абароненасць, захаванне міру на зямлі — найважнейшыя складнікі дзяржаўнай палітыкі. Так, у дзяржаўным бюджэце на наступны год плануецца на 10—12 працэнтаў павялічыць выдаткі на сацыяльную сферу.

Мікалай Шарстнёў акцэнтаваў увагу на імклівым развіцці Білева: толькі ў наступным годзе чакаецца ўвядзенне дзевяці новых шматкватэрных дамоў. Насельніцтва прырастае, у тым ліку дзіцячае — амаль на тысячу чалавек штогод. Адпаведна паўстала праблема недахопу месцаў у школах і дзіцячых садах крокавай даступнасці. Дысбаланс, які атрымаўся, неабходна тэрмінова ліквідаваць, трэба фарсіраваць будаўніцтва яшчэ некалькіх дзіцячых садоў, здаць у эксплуатацыю другую ў мікрараёне школу і на наступны год закласці новую.

Па ўзроўні тэхнічнай абсталяванасці новы дзіцячы яслі-сад № 113 Віцебска “Васілёк” — сярод лепшых у рэспубліцы. Прадуманы дызайн памяшканняў і мэблі, басейн, музычная і спартыўная залы, студыя выяўленчага мастацтва, сенсорны пакой, камп’ютарны клас, па апошнім слове тэхнікі абсталяваныя харчаблок і медыцынскі блок, група кароткачасовага знаходжання, куткі для маленькіх аматараў шашак і шахматаў, інтэрактыўныя наглядныя дапаможнікі, мультыборд, стэрылізатары і сушылкі для адзення, пляцоўкі для вывучэння правіл дарожнага руху, заняткаў гульнявымі відамі спорту — усё да дробязей прадумана па забеспячэнні ўмоў для развіцця, камфортнага і бяспечнага знаходжання дзяцей. Дружны калектыў дашкольнай установы складае 70 чалавек, педагогі з першых дзён пачалі працаваць над укараненнем перадавых адукацыйных тэхналогій. Бліжэй да лета жывыя васількі разам з іншымі кветкамі расцвітуць на клумбах вакол прывабнага яркага будынка. Але сімвалы дашкольнай установы ззяюць, цешаць вока і зараз. Арыгінальная светлавая інсталяцыя на ўваходзе ў дзіцячы сад ужо стала адметнасцю мікрараёна.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.