Лабірынтамі інфармацыйна-адукацыйнай прасторы

- 15:56Якасць адукацыі
З 4 па 6 чэрвеня ўдзельнікаў заключнага этапу VII рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” гасцінна прымаў Мінскі дзяржаўны абласны ліцэй. Ва ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў прынялі ўдзел намеснік міністра адукацыі В.А. Будкевіч, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама У.Л. Клюйко, намеснік дырэктара адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій А.М. Марцінкевіч. У фае ліцэя разгарнулася выстава лепшых работ, прадстаўленых на конкурс, прайшлі цікавыя майстар-класы, прысвечаныя выкарыстанню ў педагагічнай практыцы новага праграмнага забеспячэння.

Традыцыйна заключны этап конкурсу праводзіцца ў чэрвені. Мэтай спаборніцтваў з’яўляецца пошук новых ідэй, талентаў і магчымасцей у галіне інфарматызацыі адукацыі.
Намеснік міністра адукацыі В.А.Будкевіч выказаў падзяку ўсім удзельнікам конкурсу, членам журы, яго арганізатарам за праведзеную карпатлівую работу. “Сёлета мы праводзім ужо восьмы конкурс, не другі, не трэці, а менавіта восьмы, а гэта значыць, што спаборніцтвы прыцягваюць увагу педагогаў, яны сапраўды запатрабаваныя. На іх ярка прадстаўлены і педагагічныя, і вучнёўскія калектывы, — адзначыў Васіль Антонавіч. — Г.І. Швабовіч прадстаўляе свой адукацыйны рэсурс В.А. Будкевічу і І.Ф. Кірыновіч.Перспектывы ў гэтага мерапрыемства бязмежныя: камп’ютар і ў цэлым інфарматызацыя ўварваліся ў наша жыццё, як штосьці велізарнае, у маштабах Сусвету, і ахопліваюць усё больш і больш куточкаў нашага звычайнага жыцця. Сёння ўменне працаваць у інфармацыйнай прасторы неабходна нам як паветра, гэта тое, што сёння мы павінны прывіваць дзіцяці літаральна з нараджэння, бо ўсё, што акаляе нас, становіцца “разумным” і набірае сур’ёзны патэнцыял. І калі мы не зможам творча паглыбіць наша грамадства ва ўсё гэта, то прайграем у многім. Як і любы конкурс, “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” назаве імёны тых, хто, па меркаванні журы, папрацаваў больш змястоўна, творча, вынікова. Аднак пераможцы ў гэтым спаборніцтве — усе ўдзельнікі заключнага этапу: яны ўжо лепшыя ў сваіх рэгіёнах. Спадзяюся, што ў наступныя гады інтэнсіўнасць работы журы гэтага конкурсу толькі павялічыцца і спаборніцтвы набудуць яшчэ большую папулярнасць”.

Конкурс праводзіўся па чатырох намінацыях: “Электронны адукацыйны рэсурс па вучэбным прадмеце”, “Электронны сродак навучання ў спецыяльнай адукацыі”, “Праектна-даследчая дзейнасць з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій”, “Выкарыстанне WEB 2.0-сэрвісаў у адукацыйным працэсе”. Журы адзначыла шырокі дыяпазон тэматыкі прадстаўленых работ. Больш за ўсё заявак было пададзена на ўдзел у намінацыі “Электронны адукацыйны рэсурс па вучэбным прадмеце”. Усяго на конкурс было прадстаўлена 255 праектаў (Брэсцкая вобласць — 53, Віцебская — 22, Мінск — 23, Гомельская — 31, Гродзенская — 63, Мінская — 41, Магілёўская — 22), 47 з іх журы адабрала для ўдзелу у заключным этапе, на якім і адбылася вочная абарона праектаў.
Як адзначыў старшыня журы конкурсу, прафесар кафедры камп’ютарных тэхналогій і сістэм факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, доктар педагагічных навук Віктар Уладзіміравіч Казачонак, у прадстаўленых праектаў вельмі высокі ўзровень. Настаўнікі і высокаматываваныя навучэнцы выкарыстоўвалі ў сваіх работах самыя апошнія дасягненні ў галіне інфарматызацыі (сродкі праграмавання, воблачныя тэхналогіі, сродкі ўзаемадзеяння праз інтэрнэт, якія можна выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе, і інш.). Усе рашэнні журы былі прыняты аднагалосна пасля дэталёвага абмеркавання па гарачых слядах выступленняў удзельнікаў. Было складана вылучыць адзінкавы праект з шэрагу дастойных, а вось групы праектаў былі аднагалосна вылучаны і адзначаны дыпломамі.
Актыўны ўдзел у спаборніцтвах прынялі прадстаўнікі сельскіх навучальных устаноў. Так, настаўнік інфарматыкі Малагарадзішчанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці А.М.Касабуцкі ў намінацыі “Выкарыстанне WEB 2.0-сэрвісаў у адукацыйным працэсе” прадставіў праект “Інтэрнэт-канферэнцыя — эфектыўны сродак для абмеркавання і вырашэння праблем у адукацыі і выхаванні школьнікаў”, дзе паказаў, як наладзіць узаемадзеянне паміж педагогамі на адлегласці. Настаўніца пачатковых класаў Васілішкаўскай сярэдняй школы Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці С.А.Ханько прадэманстравала электронны адукацыйны рэсурс “Урокі рускай мовы і літаратурнага чытання”. Ён з’яўляецца складнікам дыстанцыйнага навучальнага курса для дапытлівых малодшых школьнікаў “Хачу ўсё ведаць!”. Курс быў пабудаваны з дапамогай вэб-сэрвісу BLOGGER.COM і размешчаны па адрасе http://iavseznaika.blogspot.com/. Навучанне пачаткоўцаў адбываецца дыстанцыйна. Адукацыйны маршрут змяшчае шэраг прадметаў: руская мова і літаратурнае чытанне, матэматыка, беларуская мова, “Чалавек і свет”. Кожны прадмет вывучаецца пакрокава, змяшчае тэарэтычны матэрыял па пэўнай тэме, спасылкі на сэрвісы, практычнае заданне.
Аніміраваны дапаможнік па тэхнічнай працы для 7 класа настаўніка працоўнага навучання Мураванаашмянкаўскага ясляў сада — сярэдняй школы Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці Г.І.Швабовіча распрацаваны ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай па прадмеце “Працоўнае навучанне. Тэхнічная праца”. У дапаможніку сістэматызаваны вучэбны матэрыял курса і тэхнічна прадстаўлены 98 аніміраванымі флэш-ролікамі, 14 флэш-галерэямі з выкарыстаннем убудаванага флэш-прайгравальніка, 35 тэстамі, 15 інтэрактыўнымі, кіруемымі карыстальнікам, 3D-мадэлямі, 2 флэш-гульнямі, 6 інтэрактыўнымі галерэямі, 3 інтэрактыўнымі трэнажорамі і 4 крыжаванкамі. Гэты дапаможнік інтэгруе ў сабе асноўныя этапы вывучэння працэсаў апрацоўкі канструкцыйных матэрыялаў, мадэлявання і мастацкай апрацоўкі матэрыялаў, а таксама кантроль ведаў, у тым ліку з дапамогай гульняў. Дапаможнік быў апрабаваны ў школе. Ён актывізуе пазнавальную актыўнасць, фантазію і творчасць навучэнцаў. Праграмны прадукт вельмі просты і зручны ў выкарыстанні: шматузроўневае меню, шматлікія гіперспасылкі, змяненне курсора пры навядзенні на актыўныя элементы, магчымасць вяртання да пачатковай старонкі і ў меню з любога раздзела рэсурса.

Сёлета на конкурс было прадстаўлена нямала праектаў, выкананых навучэнцамі пад кіраўніцтвам настаўнікаў. Так, навучэнцы Косаўскай сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці — дзесяцікласнікі Аляксандр Чуйко, Аляксандр Шыманчык, Андрэй Сенькавец і васьмікласніца Аліна Савіцкая пад кіраўніцтвам Р.А.Савіцкай прадставілі займальны слоўнічак “Запаміналкі” (электронны дадатак да падручніка “Руская мова”, 5 клас). Навучэнец 8 класа сярэдняй школы № 9 Жодзіна Данііл Гайдук пад кіраўніцтвам настаўніка інфарматыкі Р.М.Мазаля стварыў электронны падручнік па інфарматыцы для 6 класа, які можа выкарыстоўвацца як на ўроках, так і дома. Падручнік уключае ўсе раздзелы інфарматыкі для 6 класа, кантрольную і практычныя работы. Запуск праграмы адбываецца ў поўнаэкранным рэжыме. Структура падручніка дазваляе ажыццяўляць навігацыю па ўсіх уроках, чвэрцях. Структура кожнага ўрока прадугледжвае разгляд такіх раздзелаў, як “Праверка дамашняга задання”, “Вывучэнне новага матэрыялу”, “Пытанні для самакантролю”, “Дамашняе заданне”, “Кантроль вывучэння матэрыялу”. Таксама магчыма навігацыя ўнутры ўрокаў: пачатак прэзентацыі, праверка дамашняга задання, да тэм чвэрці, праверка сябе. Праграмны код у рэдактары напісаны з дапамогай мовы Visual Basic.

У намінацыі “Электронны сродак навучання ў спецыяльнай адукацыі” дыпломам І ступені адзначаны інтэрактыўны дапаможнік “Арганічная хімія”, Пераможцы конкурсу В.Ю. Грышан і К.Т. Баяровіч.распрацаваны выкладчыцай хіміі Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі І.І.Хомчанка і выкладчыцай спецдысцыплін гэтай жа ўстановы А.А.Шавейка (дарэчы, у конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” педагогі таксама прымаюць удзел не ўпершыню). Праграмны прадукт прызначаны для работы ў групах навучэнцаў з парушэннем слыху і дазваляе інтэнсіфікаваць адукацыйны працэс, павялічыць хуткасць успрымання, разумення і глыбіню засваення ведаў навучэнцамі. У навучэнцаў з парушэннем слыху цэнтральнае месца займае візуальны канал перадачы інфармацыі, а таму аўтары паспрабавалі ўкараніць прынцып візуалізацыі ва ўвесь матэрыял. Па-першае, створаны жэставы слоўнік, па-другое, візуалізаваны відэафрагменты хімічных вопытаў. Распрацаваны таксама трэнажор, дзе не толькі прапісаны алгарытм, але можна адпрацаваць канкрэтныя дзеянні па выкананні таго ці іншага кроку ў алгарытме. Арыгінальнасць гэтага дапаможніка ў тым, што яго можа выкарыстаць і настаўнік на ўроках, і навучэнец пры падрыхтоўцы дамашніх заданняў.

Інтэрактыўны дапаможнік “MyEnglishLab”, распрацавалі педагогі гімназіі № 1 Дзятлава Гродзенскай вобласці — настаўніца англійскай мовы І.У.Зубрыліна і настаўніца інфарматыкі С.І.Кетко. Ён з’яўляецца электроннай падтрымкай да факультатыўнага курса па англійскай мове “Камунікатыўная граматыка” для 7-8 класаў гімназій і для 9 класа агульнаадукацыйных школ. ЭАР дазваляе пашырыць метадычныя магчымасці работы з вучэбным матэрыялам і індывідуалізаваць працэс навучання. Акрамя таго, дапаможнік можа выкарыстоўвацца пры падрыхтоўцы навучэнцаў да абавязковага выпускнога экзамену па замежнай мове, бо ён ахоплівае ключавыя сітуацыі зносін і асноўныя лексічныя і граматычныя тэмы. Матэрыял гэтага дапаможніка прадстаўлены наступнымі функцыянальнымі ўзроўнямі: лексіка, граматыка, аўдзіраванне, чытанне, гаварэнне. Працуючы з ім, навучэнцы знаёмяцца з лексічнымі адзінкамі ў межах тэмы, якія найбольш часта ўжываюцца, і выконваюць практыкаванні па іх замацаванні. Змешчаны матэрыялы, накіраваныя на ўдасканаленне замежнай мовы на слых.

Журы адзначыла вельмі яркае і эмацыянальнае прадстаўленне праграмнага прадукту “Пераадолець бар’еры” выкладчыц Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа К.П.Зязюлінай і Л.Т.Сёмчанай. Гэты ЭСН з’яўляецца вынікам аднайменнага даследчага праекта, рэалізаванага ў каледжы, дзе 15 гадоў працуе першы ў краіне абласны цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Праграмны прадукт — гэта спроба прыцягнуць увагу да праблем безбар’ернага асяроддзя для людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця на пэўны момант, да ўсведамлення неабходнасці разбурэння як фізічных, так і псіхалагічных бар’ераў і стварэння ўмоў, пры якіх адаптацыя людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ўспрымаецца грамадствам як двухбаковы узаемны працэс, бадай што самым актуальным спосабам — з дапамогай інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Сёлета не засталіся ў баку ад конкурсу і прадстаўнікі дзіцячых дашкольных устаноў. Электронны сродак навучання “Гучалачка” настаўніка-дэфектолага спецыяльнага ясляў-сада № 469 Мінска І.А.Малчанавай адзначаны дыпломам ІІ ступені. Ён накіраваны на фарміраванне маўленчых навыкаў у дзяцей дашкольнага ўзросту з кахлеарнымі імплантамі. У праграме прадстаўлены модулі для работы над рознымі групамі гукаў. Для кожнага гука прадугледжаны “Артыкуляцыйная гімнастыка”, “Практыкаванні для развіцця дыхання”, “Развіццё фанематычнага слыху”, “Становішча органаў артыкуляцыі”, “Спосабы пастаноўкі гука”, “Пастаноўка гука з механічнай дапамогай”, “Аўтаматызацыя гука”. Па меркаванні аўтара, укараненне праграмы павысіць у дзяцей матывацыю да карэкцыйных заняткаў, дазволіць сфарміраваць уяўленні аб працэсе пастаноўкі гукаў і яго асаблівасцях, скароціць час, неабходны для фарміравання маўленчых навыкаў.
***
Удзельнікі конкурсу заваявалі 16 дыпломаў і 3 пахвальныя водзывы. Пераможцы спаборніцтваў, а таксама аўтары праектаў, адзначаныя ў спецыяльных намінацыях (“Крэатыў года”, “Юныя дакладчыкі” і інш.), атрымалі памятныя прызы і падарункі ад спонсараў. Акрамя таго, работы, адзначаныя дыпломамі, будуць уключаны ў рэспубліканскі банк электронных сродкаў навучання.

Падрабязней чытайце ў “Настаўніцкай газеце ” за 13 чэрвеня.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.