Летась у аддзел абанемента Маларыцкай дзіцячай бібліятэкі звярнуліся 1535 чытачоў, з іх 100 дашкольнікаў. А вось у чытальнай зале пабывалі 990 чалавек. Нядаўна бібліятэка традыцыйна вызначыла лепшых чытачоў па выніках мінулага года. Цяпер іх фотаздымкі ўпрыгожваюць фае ўстановы культуры.
— Нашы дзеці любяць чытаць, хаця часта даводзіцца чуць адваротнае, — расказала загадчыца бібліятэкі Т.Ф.Крысіна. — Пра гэта красамоўна сведчыць чарговае падвядзенне вынікаў на лепшых чытачоў. За мінулы год імі сталі 12 чалавек, прычым усе з сярэдняй школы № 1 Маларыты: першакласніца Эльза Гаўрылюк, другакласніца Нэлі Гаўрылюк, трэцякласнікі Давід Скамароха, Вольга Тырыня і Соф’я Алесік, чацвёртакласніцы Таццяна Данількевіч і Валянціна Манец, пяцікласнік Яўген Бурштын, шасцікласніцы Лізавета Лапіна, Настасся Галавій і Алеся Клюнчык, а таксама сямікласнік Арцём Каханюк.
Т.Ф.Крысіна адзначыла, што самым лепшым чытачом за мінулы год стала Лізавета Лапіна, якая прачытала 237 кніг, з іх 51% — гэта пазнавальная і даведачная літаратура. На 2-м месцы — Настасся Галавій са 194 прачытанымі кнігамі, з якіх 43% — пазнавальная літаратура. На 3-м месцы апынулася Нэлі Гаўрылюк, якая адужала 122 кнігі і амаль 100 дзіцячых часопісаў.
— Дзеці аддаюць перавагу мастацкім творам розных жанраў, — заўважыла Т.Ф.Крысіна. — Не залежваюцца на паліцах кнігі дзіцячых пісьменнікаў. Прыемна канстатаваць, што апошнім часам у юных чытачоў павялічылася цікавасць да беларускамоўных твораў. Чытанне дапамагае адарваць падлеткаў ад мабільных тэлефонаў і планшэтаў, дорыць незабыўныя сустрэчы і сяброўства з яе вялікасцю кнігай. Прыходзьце ў бібліятэку — не пашкадуеце!
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.