Ліга карыснага супрацоўніцтва

- 10:20Навіны рэгіёнаў

У снежні 2020 года з дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Мастоў адправілі ліст на электронную пошту Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Хакасія Расійскай Федэрацыі з прапановай наладжвання супрацоўніцтва. 18 студзеня 2021 года атрымалі адказ ад муніцыпальнай бюджэтнай дашкольнай адукацыйнай установы — дзіцячага сада № 27 “Казка” Саянагорска. У лютым быў заключаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж гэтымі ўстановамі.

— Наш дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці актыўна вядзе работу па экалагічным выхаванні: з 2012 года дзейнічае рэсурсны цэнтр, экалагічны пакой, у­дзельнічаем у праекце “Зялёныя школы”, таму, наладжваючы супрацоўніцтва з расійскай дашкольнай установай, шукалі менавіта кантакты ў гэтым кірунку, — уступае ў размову загадчыца цэнтра Вольга Уладзіміраўна Сячэйка. — Першым сумесным мерапрыемствам стаў вэбінар “Арганізацыя экалагічнай адукацыі дзяцей дашкольнага ўзросту”, які правялі ў сакавіку гэтага года. У красавіку прайшоў семінар “Прымяненне кейс-тэхналогій у экалагічным выхаванні дашкольнікаў”, у маі — круглы стол “Эфектыўнасць арганізацыі экалагічнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту”.

Усе мерапрыемствы праходзілі ў дыстанцыйнай форме. Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Таццяна Яўгенаўна Фітлоўская вывучыла праграмнае забеспячэнне.

— І хоць розніца ў часе паміж нашымі гарадамі складае чатыры гадзіны, анлайн-сустрэчы адбываліся без перашкод, — расказвае Таццяна Яўгенаўна. — Дзякуючы электроннай пошце, хутка абменьваліся фота-, відэаінфармацыяй, метадычнымі матэрыяламі.

На другую палову года запланавана шмат мерапрыемстваў: у кастрычніку будзе праведзены метадычны аўкцыён “Ад ідэі да творчасці”, дзе ДЦРД Мастоў прадставіць вопыт арганізацыі праектна-даследчай дзейнасці з дзецьмі, у лістапа­дзе адбудзецца відэапрэзентацыя педагагічнага вопыту па арганізацыі адукацыйнай дзейнасці дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту па экалагічным выхаванні з прымяненнем кейс-тэхналогій дзіцячага сада “Казка” Саянагорска. У снежні правядуц­ь круглы стол “Эфектыўнасць арганізацыі праектна-даследчай дзейнасці з дзецьмі дашкольнага ўзросту”.

— Міжнароднае супрацоўніцтва, у­дзел у праектах і навуковых мера­прыемствах не толькі дазваляюць педагагічным работнікам дашкольных устаноў, школ развівацца, атрымліваць новы вопыт і дэманстраваць свой, гэта прыносіць карысць і навучэнцам, паднімае адукацыйны працэс на новы ўзровень, адкрывае новыя гарызонты, — гаворыц­ь метадыст Мастоўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Людміла Сцяпанаўна Астапчэня. — У міжнароднае і гуманітарнае супрацоўніцтва ўключаюцца адукацыйныя ўстановы рознага ў­зроўню. У нас ёсць шмат дасягненняў. Так, па выніках 2020 года за ўдзел у розных міжнародных конкурсах, канферэнцыях атрымана дзесяць адзнак, у 2019 го­дзе — адзінаццаць. За першае паўгоддзе гэтага года атрымана 9 дыпломаў, 4 па­дзячныя лісты, зроблены дзве публікацыі ў міжнародных зборніках. Міжнароднае супрацоўніцтва ў Мастоўскім раёне рэалізуецца па двух кірунках: міжнародным трансгранічным гуманітарным і міжнародным адукацыйным. Вялікую метадычную дапамогу ў гэтых пытаннях нам аказвае метадыст Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Наталля Леанідаўна Сачэўка. Яна заўсёды гатова даць кампетэнтную кансультацыю, падзяліцца навінкамі ў конкурсных праграмах.

Напрыклад, толькі ў гэтым годзе супрацоўнікі Лунненскага дзіцячага сада прынялі ўдзел у некалькіх міжнародных конкурсах. Загадчыца сада Алена Ва­сільеўна Калецінская ўзнагароджана дыпломам І ступені ІІІ Міжнароднага навукова-даследчага конкурсу “Педагагічнае прызванне” за даследчую работу “Патрыятычнае выхаванне — прыярытэтны кірунак адукацыйнага працэсу ва ўстанове дашкольнай адукацыі”. Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Юлія Анатольеўна Кароль і выхавальніца Марыя Стэфанаўна Саўко адзначаны дыпломамі І ступені па выніках удзелу ў Міжнародным конкурсе педагагічнага майстэрства “Прафесійная кампетэнтнасць педагога” ў намінацыі “Адкрыты ўрок”. Кухар дзіцячага сада Валянціна Іванаўна Баярчык атрымала дыплом ІІ ступені VI Міжнароднага конкурсу прафесійнага майстэрства спецыялістаў дашкольных адукацыйных арганізацый краін СНД “Майстэрства без меж” у намінацыі “Лепшы кухар”.

— Для больш эфектыўнага выканання плана мерапрыемстваў па развіцці су­працоўніцтва з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі ў сферы адукацыі на 2020—2021 і 2021—2022 гады былі адпраўлены 23 лісты з прапановамі аб двухбаковым супрацоўніцтве ва ўстановы адукацыі Расійскай Федэрацыі. Як вынік, у цяперашні час заключаны два дагаворы аб супрацоўніцтве і ідзе падпісанне трэцяга дагавора (сярэдняя школа № 3 Мастоў і муніцыпальная а­ўтаномная агульнаадукацыйная ўстанова “Дзямянская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза А.М.Дзехцярэнкі” Наўгародскай вобласці), — расказвае Л.С.Астапчэня.

У сярэдняй школе № 5 Мастоў супрацоўнічаюць з сярэдняй агульнаадукацыйнай школай № 29 Калінінграда. А пачыналася супрацоўніцтва з Расіяй з удзелу ў анлайн-алімпіядзе “Асновы свецкай этыкі для навучэнцаў 4—5 класаў”, якую праводзіў Праваслаўны Свята-Ціханаўскі гуманітарны ўніверсітэт.

— Зарэгістраваўшыся для ўдзелу ў алімпіядзе, правяла размову з настаўнікамі, убачыла іх зацікаўленасць, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 5 Мастоў Тамара Валяр’янаўна Салей. — Спачатку правялі школьны тур, у якім удзельнічалі 64 вучні, з якіх 38 атрымалі дыпломы пераможцаў і прызёраў. Падзячныя лісты ад расійскіх арганізатараў алімпіяды атрымалі настаўнікі і кіраўнікі школы. Да ўдзелу ў другім туры запрасілі і навучэнцаў Гудзевіцкай сярэдняй школы Мастоўскага раёна. У гэтым туры ўдзельнічалі 36 вучняў нашых школ. Навучэнцы зацікавіліся гэтай алімпіядай, радаваліся сваім перамогам.

У рамках рэалізацыі праграмы міжнароднага адукацыйнага супрацоўніцтва кіраўніцтвам школы было прынята рашэнне аб наладжванні супрацоўніцтва з установамі адукацыі Расійскай Федэрацыі. Так, у лютым 2021 года быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве са школай № 29 Калінінграда.

— У сістэме адукацыі Беларусі і Расійскай Федэрацыі ёсць шмат агульных падыходаў, але ёсць і адрозненні. Мы ўжо абмеркавалі формы прамежкавай атэстацыі, эфектыўнасць кантрольна-ацэначнай дзейнасці (4-бальнай і 10-бальнай), азнаёміліся з рабочымі праграмамі выхавання, — расказвае дырэктар сярэдняй школы № 5 Таццяна Фёдараўна Лягеза. — А навучэнцы ўдзельнічалі ў муніцыпальнай навукова-практычнай канферэнцыі “Пазнанне і творчасць”. Навучэнка 4 класа Караліна Трафімчык пад кіраўніцтвам настаўніцы Наталлі Яўгенаўны Палуйчык падрыхтавала даследчую работу “Што за кашуля ў полі вырасла?” і заняла 2-е месца. Караліна прыняла ўдзел у канферэнцыі ў анлайн-рэжыме.

У планах сярэдняй школы № 5 Мастоў і школы № 29 Калінінграда — супрацоўніцтва ў рамках навукова-даследчых праектаў, правядзенне сумесных алімпіяд для навучэнцаў І ступені агульнай сярэдняй адукацыі, конкурсаў, якія будуць садзейнічаць вывучэнню гісторыі краін, анлайн-канферэнцыі па кантрольна-ацэначнай дзейнасці, відэаўрокаў “Выкарыстанне сучасных падыходаў у навучанні”. Адной з актуальных тэм для беларускіх і расійскіх педагогаў з’яўляецца спецадукацыя. Да ўдзелу ў яе абмеркаванні хочуць запрасіць і спецыялістаў Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Мастоў.

Вопыт удзелу ў праектах міжнароднага супрацоўніцтва ў ЦКРНіР Мастоў ужо ёсць. У лютым 2019 года цэнтр далучыўся да распрацоўкі міні-ініцыятывы для ў­дзелу ў праекце “Сацыяльная інтэграцыя, інклюзія і актыўны ўдзел сацыяльна не абароненых сем’яў у жыцці грамад­ства”. Ініцыятарамі гэтага праекта былі Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа і Дацкі Чырвоны Крыж.

— Праект пад назвай “Рука дапамогі” прыцягнуў бацькоў да сумеснай дзейнасці, садзейнічаў назапашванню імі станоўчага вопыту, фарміраванню пачуцця аптымізму на падставе назірання за пазітыўным вопытам іншых бацькоў, — расказвае намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ЦКРНіР Мастоў Таццяна Мікалаеўна Марціноўская. — У рэалізацыю праекта былі ўцягнуты навучэнцы сярэдняй школы № 2, якія з’яўляюцца валанцёрамі Чырвонага Крыжа, а таксама навучэнцы сярэдняй школы № 5 для фарміравання ў іх навыкаў бесперашкодных зносін у рамках інклюзіўнай адукацыі. На працягу 2019 і 2020 гадоў мы на правах партнёраў удзельнічалі ў экалагічнай ініцыятыве Мастоўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў”.

— Наладзіць супрацоўніцтва, дасканала падрыхтаваць праект і заявіць аб ім, запрасіўшы да ўдзелу іншыя навучальныя ўстановы, — гэта патрабуе не толькі жадання, але і пэўных ведаў, — гаворыць Л.С.Астапчэня. — Так, летам гэтага года правялі раённы семінар-практыкум для намеснікаў кіраўнікоў, адказных за гуманітарную дзейнасць, “Ад ідэі да паспяховай праектнай ініцыятывы”. 70 праект­ных ініцыятыў распрацавалі ў мінулым годзе навучальныя ўстановы Мастоўшчыны. Вельмі спадзяёмся, што яны знойдуць падтрымку ў зацікаўленых арганізацый.

Некалькі гуманітарных праектаў распрацавалі і ў сярэдняй школе № 5 Мастоў: “Экалагічная вясёлка” (мэта праекта — вырашэнне экалагічных праблем мясцовай супольнасці за кошт павышэння ўзроўню экалагічнай асветы і выхавання, укаранення сучасных экарашэнняў), “Музей без меж”, “Паласа перашкод”.

Ініцыятарам першага праекта, які распрацавалі ў школе, — “STEM для ўсіх” — была настаўніца інфарматыкі В.У.Чарняўская. У 2019/2020 навучальным годзе Вераніка Уладзіміраўна ўвайшла ў топ-150 настаўнікаў краіны па колькасці навучаемых школьнікаў у рамках факультатыўных заняткаў па Scratch. Па выніках гэтай работы школа атрымала пяць набораў робататэхнічных адукацыйных платформ.

— Праект “STEM для ўсіх” накіраваны на стварэнне ў нашай школе STEM-класа, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 5 Наталля Аляксандраўна Хандога. — Праект пераведзены на англійскую мову і размешчаны на сайце школы і на сайце рlaneta.ru. Пасля размяшчэння праекта на гэтым сайце з намі звязаўся менеджар, быў прызначаны куратар, які вывучыў праект, даў рэкамендацыі па яго дапрацоўцы, прасоўванні ў сетцы інтэрнэт. Зараз Вераніка Уладзіміраўна працуе над выкананнем гэтых рэкамендацый і далейшым прасоўваннем праекта. А натхняў на гэтую складаную, але вельмі цікавую работу і вопыт калег з іншых раёнаў Гродзеншчыны.

І не толькі калег-настаўнікаў. Юныя мастаўчане-піянеры, пачаўшы рэалізацыю інклюзіўнага праекта “Ліга добрых сэрцаў”, зацікавілі ім і дарослых. Па дапамогу і супрацоўніцтва яны звярнуліся ў ПМК-155, Мастоўскую жыллёва-камунальную гаспадарку, “Мастоўдрэў”, Мастоўскую сельгастэхніку, грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”. Прасілі падтрымаць іх ініцыятыву па стварэнні сенсорнай зоны на гульнявой пляцоўцы Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Мастоў. І дарослыя адгукнуліся — у навучэнцаў цэнтра з’явіліся спецыялізаванае баскетбольнае кальцо, новая лаўка і шырокая арка на ўваходзе на пляцоўку.

— Кожнага, хто гатовы падтрымац­ь дзіцячую ініцыятыву і ўнесці ўклад у рэалізацыю праекта, мастоўскія піянеры запрашаюць у нашу “Лігу добрых сэрцаў”, — гаворыць старшыня Мастоўскага раённага савета ГА “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” Вольга Дзмітрыеўна Камеш.

— Калі мы рэалізоўвалі праект “Сацыяльная інтэграцыя, інклюзія і актыўны ўдзел сацыяльна не абароненых сем’яў у жыцці грамадства”, то зрабілі вывад, што недастатковы быў удзел татаў нашых выхаванцаў. Прычыны — занятасць на рабоце, скаванасць у зносінах, — расказвае дырэктар ЦКРНіР Святлана Антонаўна Бярозава. — Зараз намі распрацаваны дзве праектныя ініцыятывы — “ДВОРіК” і “С-ПАКОЙ”, накіраваныя на паляпшэнне псіхічнага і фізічнага здароўя дзяцей-інвалідаў. Пры праектаванні ўлічвалі і вопыт, які назапасілі пры рэалізацыі папярэдніх праектаў і ініцыятыў.

Не застаюцца ўбаку і кіраўнікі аздараўленчых лагераў. Аздараўленчы лагер “Нёманскі” распрацаваў 6 праект­ных ініцыятыў: Fortius! Altius! Citius, “Гуліверрагкіnһ”, “Бяспечны адпачынак — здаровыя дзеці”, Game Port, “Гульняlandiya”, “Panda-Нёман”, якія будуць садзейнічаць павышэнню якасці аздараўлення дзяцей у летні перыяд.

Аб адказным падыходзе да работы ў гэтым напрамку ў Мастоўскім раёне гаворыць і той факт, што восем праектных ініцыятыў размешчаны на сайце галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, адна праектная ініцыятыва — на сайце Пасольства Рэспублікі Беларусь у Дзяржаве Ізраіль і Каралеўстве Нідэрландаў, адна праектная ініцыятыва — на афіцыйным сайце Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, адна праектная ініцыятыва прынята Міністэрствам замежных спраў для прадстаўлення на замежных сайтах Рэспублікі Беларусь.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.