Лёс, як песня

- 14:50Апошнія запісы, Людзі адукацыі, Рознае

На лёс гэтай жанчыны выпала як самае вялікае шчасце, якое даецца чалавеку, — сям’я, дзеці, любімая работа, так і найскладанейшыя выпрабаванні, самае страшнае з якіх — вайна. Валянціна Пятроўна Баранава прайшла дарогамі вайны праз Украіну, Польшчу, Германію і сустрэла Дзень Вялікай Перамогі ў Празе. Гвардыі сяржант узнагароджана медалём “За баявыя заслугі”, ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны II ступені.
Лёс даў ёй вялікую жыццёвую сілу, аптымізм, музычны талент і талент быць шчодрым, адкрытым і шчаслівым чалавекам.
Гэтая прыгожая жанчына ў свае 90 гадоў уражвае і захапляе…

Мары, як крылы, неслі іх у развітальным школьным вальсе

Раніцай 22 чэрвеня 1941 года яны, 24 выпускнікі Абаканскай школы, усім класам сядзелі на школьным ганку пасля выпускнога вечара. Марылі, як выйдуць на шырокі жыццёвы шлях, і пісалі адно аднаму пажаданні. Валечка Сычова, напісаўшы 23 пажаданні, столькі ж атрымала ад сяброў. Усе яны былі аднадушныя: “Жадаем быць артысткай”. Ніхто з аднакласнікаў не сумняваўся, што лепшая танцорка і пявуння школы абавязкова стане артысткай. Аб яе талентах пісалі нават у “Піянерскай праўдзе”.
Вось так у сібірскім Абакане выпускнікі шчасліва сустракалі свой першы дарослы світанак. А праз тры дні яны таксама ўсім класам прыйшлі ў ваенкамат. У хлопцаў заявы прынялі, а дзяўчатам адмовілі са словамі: “Без вас бальшавікі абыдуцца”.
Валянціна Пятроўна ўспамінае, што ўсе верылі ў хуткую перамогу. Моладзь спяшалася, каб без іх вайну не выйгралі. Сама яна чатыры разы прыходзіла з заявай у ваенкамат. І толькі калі немцы падступілі да Масквы, надышла чарга дзяўчат. Валянціну накіравалі ў Краснаярск на курсы сувязістак.

Калі на фронце без змен

Хоць далёка Краснаярск ад фронту, але тут падчас вучобы ўсё падпарадкоўвалася ваенным парадкам. Яны сталі салдатамі, і Валянціна без шкадавання развіталася з доўгай касой — не патрэбна такая прыгажосць байцу, толькі чубчык застаўся.
Кропка — працяжнік, кропка — працяжнік… Па шмат гадзін вывучалі азбуку Морзе і набывалі іншыя навыкі сувязіста. За вялікім сталом былі ўсталяваны 72 ключы перадатчыка, 72 дзяўчыны старанна вывучалі сваю новую франтавую прафесію.
Страявой падрыхтоўкай, каб не адрываць час ад асноўнай вучобы, займаліся, калі ішлі праз горад у сталовую. Валянціна была запявалай. Калі па радыё Левітан паведамляў: “На фронце без змен”, запявала “Тачанку” ці “Махорачку”. Калі ж з фронту прыходзілі нядобрыя навіны, пела: “Вставай, страна огромная…”. На вуліцах гараджане спыняліся, таксама спявалі і плакалі.
Перад адпраўкай на фронт павялі ў лазню. Мароз быў больш за сорак градусаў. Валя запявае, і дзяўчаты падхопліваюць. Тут да іх падышоў нейкі чалавек і запытаўся, хто гэта спяваў. Сяброўкі паказалі на Валянціну. “Што ж вы свой голас не беражэце, на такім марозе спяваеце. Вайна скончыцца, а вам і далей спяваць трэба, у вас талент”. Быў гэта эвакуіраваны ў Краснаярск дырыжор Днепрапятроўскага тэатра оперы і балета.

На вайне ўсе салдаты

28 сакавіка 1943 года накіраваліся на фронт. 41 дзень ехалі на перадавую. У цяплушках было так холадна, што ноччу вопратка прымярзала да сцен. Перад фронтам, на станцыі Ліскі, трапілі пад бамбёжку. Тут упершыню Валя ўбачыла забітых. Давялося перавязваць параненых.
8 мая прыбылі ў Старабельск. Да фронту 75 кіламетраў. Задача — дайсці за два дні. Ішлі ў цёмны час, бо лятала нямецкая авіяцыя. З поўнай салдацкай выпраўкай, у зімовай форме, а тут спякота. На дзяўчатах — рэчавы мяшок, карабін, падсумак з патронамі, процівагаз, кацялок. У Валі кірзавыя боты на некалькі памераў большыя, бо на яе невялікую нагу не знайшлося меншых. Набіла крывавыя мазалі.
Валянціна Пятроўна ўспамінае: “22 жніўня 1943 года фарсіравалі Паўночны Данецк, у верасні ўвайшлі ў Днепрапятроўск, у кастрычніку — вызвалілі Запарожжа. Бездарожжа, абстрэлы, а сувязь мы павінны забяспечыць. І гэтую сувязь давалі пераважна маладыя дзяўчаты. Мне ж тады і 20 не было. Увесну 1944 года вызвалілі Нікалаеў, потым — Адэсу. Перад Адэсай бачылі вельмі шмат забітых людзей, якія спрабавалі ўцячы ад немцаў. У Адэсе нас сустракалі жанчыны і дзеці, мужчын амаль не было. У чэрвені ўвашлі ў Малдавію. Хоць вайна, а сады прыгожыя, тут упершыню чарэшню пакаштавала”.
28 ліпеня 1944 года запомнілася Валянціне Пятроўне асабліва. У гэты дзень перайшлі савецка-польскую мяжу і накіраваліся на Сандамірскі плацдарм. Адзін з самых цяжкіх момантаў — пераправа праз Віслу. “Як перапраўляліся праз Віслу, гэтыя дзень і ноч ніколі не забуду, — працягвае расказваць Валянціна Пятроўна. — Да смерці прывыкнуць нельга. Перад самым канцом вайны загінулі дзевяць дзяўчат з маёй роты. Яны цягнулі сувязь праз лес, і іх з кулямёта расстралялі немцы, якія схаваліся ў доме лесніка. А я вось нават параненая не была”.
Можа, маміны словы і малітвы дапамаглі Валянціне ўцалець. На фронце яна атрымала ліст ад мамінай сяброўкі, якая пісала, што добрыя людзі раілі маме хадайнічаць за дачку, бо ў сям’і ёсць малыя дзеці. Але яна адказала: “У нашай сям’і няма мужчын, няхай яна абараняе Радзіму. А маё мацярынскае благаславенне са дна мора яе дастане”.

І песні ходзяць на вайну

У паэтэсы Юліі Друнінай, якая таксама прайшла праз ваеннае ліхалецце, ёсць вершы: “Идут по войне девчата, похожие на парней…” І ўсё ж яны былі дзяўчатамі, якія марылі і заставаліся прыгожымі. “На беразе Буга яшчэ дзе-нідзе ляжалі купкі снегу, яго растапілі ў кацялку і раздзялілі на пяцярых для “лазні”, — успамінае Валянціна Пятроўна. — Даводзілася ваду проста з лужыны піць. Ішлі ў наступленне. Дзе там якую ваду знайсці, калі яе ў пляжцы не засталося”.
Валя спявала і на вайне. Імправізаваную сцэну рабілі з дзвюх палутарак, знаходзіўся баяніст, і яна выконвала любімыя ўсімі песні пра Мішку-адэсіта, марачку. А аднойчы яна спявала… па тэлефоне. На начным дзяжурстве адзін з лінейшчыкаў папрасіў заспяваць пра кветачніцу Анюту. А калі яна скончыла, на провадзе раздалося: “Спыніць беспарадак!” Грозны загад прагучаў пасля выканання. Значыць, яшчэ хтосьці слухаў і не перапыняў яе спевы…
А аднойчы яе саму запрасілі на канцэрт. У апошнія дні снежня 1944 года Валянціна стаяла на пасту. І тут камандзір знімае яе з паста і дае загад: “У штаб батальёна!”.
“Бегла і ўвесь час думала: што мае дзяўчаты нарабілі? — расказвае Валянціна Пятроўна. — А аказалася — быў навагодні канцэрт. Помню, як толькі што прыбыўшы на фронт лейтэнант Мікалай Смірноў спяваў песню “Неадпраўленыя лісты”.
Дзень Перамогі гвардыі сяржант Валянціна Сычова сустрэла ў Празе.

Мары здзяйсняюцца

Мірнае жыццё для Валянціны пачалося восенню 1945 года. Лёгкім яно не стала, бо маладога камуніста партыя накіравала брыгадзірам жаночай брыгады па нарыхтоўцы лесу. Потым Валянціна Пятроўна паступіла ў Валагодскі малочны інстытут і тут сустрэла свайго будучага мужа, таксама франтавіка Мікалая Баранава.
На пачатку 50-х гадоў сям’я Баранавых, ужо з трыма дзецьмі, пераехала ў Гродна. Муж выкладаў у сельскагаспадарчым інстытуце, а Валянціна… марыла аб няздзейсненым і ў 32 гады пайшла вучыцца ў музычную вячэрнюю школу, а потым — на вячэрняе аддзяленне Гродзенскага музычна-педагагічнага вучылішча, дзе і выкладала 25 гадоў. Дарэчы, два сыны і дачка таксама скончылі музычную школу. Віктар і Леў атрымалі вышэйшую тэхнічную адукацыю, а Наталля стала прафесійным музыкантам.
Валянціна Пятроўна настолькі рознабаковы чалавек, што паспявала і зараз паспявае рабіць многае. Напрыклад, два гады назад пайшла вучыцца на камп’ютарныя курсы, каб мець магчымасць па скайпе размаўляць з унукамі ў Санкт-Пецярбургу. Узначальвае ветэранскую арганізацыю ЖЭСа № 5 і стварыла там гурток “Магія жыцця”. Член грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, сябруе з вайсковай часцю 5522, спявае ў хоры ветэранаў, заўсёды адгукаецца на просьбы аб сустрэчы ў дзіцячых садках, школах, родным вучылішчы. І заўсёды прыгожая, падцягнутая, з прычоскай і ў туфлях на абцасіках. У маладосці была “маржом”, а сёння проста ходзіць у басейн. А яшчэ яна выдатная кулінарка, вельмі гасцінны чалавек, адкрытая, сяброўская.
Дамовіцца аб сустрэчы нам удалося толькі з трэцяга разу, бо ў панядзелак у Валянціны Пятроўны хор, у аўторак — басейн, ну а ў сераду толькі зранку, бо пасля абеду — на дачу. Натуральна, я спытала, у чым сакрэт яе маладосці? Але Валянціна Пятроўна адказала, што сакрэту няма. Проста трэба працаваць у меру сіл, займацца любімымі справамі, а галоўнае, да людзей ставіцца добразычліва, бо дабро стварае новае дабро.
8 лістапада 2013 года Валянціна Пятроўна Баранава адзначыла 90-годдзе. У гэты дзень у гуманітарным каледжы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (так зараз называецца былое музычна-педагагічнае вучылішча) была адкрыта імянная аўдыторыя В.П.Баранавай. Тут на сценах шмат фатаграфій. І нават на ваенных здымках Валянціна Пятроўна ўсміхаецца. Шчаслівае жыццё? Гэта і наша шчасце, калі ёсць з каго браць прыклад.

 

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.