Любімыя беларускія словы

- 14:59Нам пішуць

21 лютага ў краіне адзначаўся Дзень роднай мовы. Менавіта з гэтай нагоды інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр Зэльвенскай санаторнай школы-інтэрната быў напоўнены цікавымі падзеямі і мерапрыемствамі.

Дзень пачаўся з адкрыцця этнаграфічнай выставы “Песня зямлі беларускай”, дзе прадставілі літаратуру па беларускай народнай творчасці і культуры. Тэматычная зона “З любоўю да роднага слова” сабрала кнігі знакамітых беларускіх аўтараў. 2018-ы абвешчаны Годам малой радзімы, таму прапанаваная тэматычная паліца “Мой славуты зэльвенскі край” змясціла матэрыял аб нашым родным куточку — Зэльве.

Аматары роднай мовы маглі паўдзельнічаць у інтэлектуальнай гульні “Гавары са мной па-беларуску”. Удзельнікі мерапрыемства, якія ўвайшлі ў склад каманды “Эрудыт” і “Усяведы”, адправіліся ў цікавае літаратурнае падарожжа. Пытанні тураў “Смак беларускіх слоў”, “Скажа, як звяжа”, “Сціпласць — сястра таленту”, “Людзей слухай, а свой розум май” выклікалі ва ўдзельнікаў пэўныя цяжкасці, але камандны дух і воля перамогі дапамаглі дастойна справіцца з заданнямі.

Напрыканцы дня дзяўчынкі сустракалі наведвальнікаў і прасілі напісаць свае любімыя беларускія словы, з якіх быў сабраны букет.Такім чынам, у нас атрымаўся сапраўдны, найпрыгажэйшы букет беларускіх слоў, які мы так і назвалі — “Мае любімыя беларускія словы”.

Таццяна КАСПЕРЧЫК,
бібліятэкар Зэльвенскай санаторнай школы-інтэрната.