Працягваем публікаваць матэрыялы ў рубрыцы “АРТ-вакацыі”: галерэя творцаў”, заснаванай нашай газетай разам з Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Сённяшні адрас — Аршанскі дзяржаўны механіка-эканамічны каледж, некалькі творчых калектываў якога вельмі арыгінальна і паспяхова праявілі сябе на Рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці навучэнцаў “АРТ-вакацыі” ў мінулым сезоне. У прыватнасці, мы засяродзімся на калектыве Х-men (пераможца ў намінацыі “Група сучасных танцавальных кірункаў”) і калектыве “Экстрым” (прызёр у намінацыі “Тэатр сучаснай харэаграфіі”). Абодвума калектывамі кіруе выкладчык фізічнай культуры і здароўя Таццяна Іванаўна Мурашка.
Ікс-прэамбула
Гэтая назва ўсяго артыкула — “Людзі Ікс з Ікс-АДМЭК” — не прыдумвалася нейкімі неймавернымі журналісцкімі высілкамі. Яна нарадзілася сама сабой, як любая загадкавая з’ява Ікс нараджаецца нашым уяўленнем і нашым імкненнем спазнаць неспазнавальнае.
Я ехаў у Аршанскі дзяржаўны механіка-эканамічны каледж, каб сабраць матэрыял для рубрыкі “АРТ-вакацыі”: галерэя творцаў”, але прыехаў у, так бы мовіць, Ікс-каледж, Ікс-АДМЭК — загадкавую ўстанову адукацыі, якая на досвітку сваёй дзейнасці першай у Беларусі пачала ажыццяўляць навучанне па такіх спецыяльнасцях, як “Прадзенне-льнопрадзенне”, “Ткацтва-льноткацтва, апрацоўка тканін”. А значыць, я ехаў у… лён — самы загадкавы беларускі прыродны матэрыял, матэрыял Ікс — лёгкі, мяккі, надзвычай камфортны ў якасці адзення (асабліва ў летнюю спёку), той, які добра мыецца, вельмі мнецца, з цяжкасцю прасуецца, але ад гэтага не перастае быць любімым для тысяч беларусаў (і не толькі беларусаў). Адна з візітовак нашай краіны ў свеце нароўні з гігантамі-самазваламі “БелАЗ” і трактарамі “Беларус”, Белавежскай пушчай і возерам Нарач, бярозавым сокам і дранікамі, “Псалтыром” Скарыны і балетам Елізар’ева, камп’ютарнай гульнёй World of Tanks і мабільным дадаткам MSQRD — наўмысна браў праяўленні нашай унікальнасці ў абсалютна розных сферах жыцця.
Я ехаў у Аршанскі дзяржаўны механіка-эканамічны каледж, у Оршу, на радзіму Уладзіміра Караткевіча, нашага самага фантастычнага і загадкавага пісьменніка Ікс, творы якога і сёння кранаюць, чапляюць, не даюць супакоіцца, а варушаць нацыянальную памяць, рамантычную душу, імкненне спазнаць унутраны свет і ўвесь астатні свет Ікс. Дарэчы, яшчэ добра памятаецца творчы праект навучэнцаў АДМЭК двухгадовай даўнасці ў рамках Рэспубліканскага конкурсу інфармацыйна-метадычных распрацовак культурна-адпачынкавых мерапрыемстваў “КРЭОН”, калі маладыя людзі непасрэдна ў Аршанскім музеі Уладзіміра Караткевіча запісалі цудоўную відэапраграму!
Я ехаў у Аршанскі дзяржаўны механіка-эканамічны каледж, дзе паспяхова дзейнічаюць творчыя калектывы з прыстаўкай “Ікс”: Х-men, “Экстрым” (Х-treme), ВІА Х-Fantasy…
І як жа тут не ўспомніць вядомую фантастычную франшызу “Людзі Ікс”? У англійскім арыгінале — Х-men — дакладна так, як называецца і адзін творчы калектыў каледжа.
Ікс-каледж
Як адзначыла дырэктар АДМЭК выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Наталля Пятроўна Дзерваед, якая ўжо 30 гадоў узначальвае гэтую ўстанову адукацыі, сёння тут рыхтуюць спецыялістаў на дзённай і завочнай формах навучання па 9 спецыяльнасцях на бюджэтнай і пазабюджэтнай асновах. Арганізаваны 2 аддзяленні па дзённай і завочнай формах навучання па ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі, на якіх вучыцца больш за 840 навучэнцаў, і аддзяленне прафесійнай падрыхтоўкі, дзе вучацца 162 вучні. Для аператыўнага кіравання вучэбна-метадычнай работай выкладчыкаў створана 9 цыклавых камісій, педагагічную работу вядуць 77 выкладчыкаў, з іх 2 узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”, 15 — з вышэйшай катэгорыяй, 35 — з першай, 18 — з другой. За апошнія гады педагагічны калектыў мае тэндэнцыю да “амалоджвання”. “Мы беражліва захоўваем і развіваем традыцыі ў рабоце па выхаванні навучэнцаў як асоб, падрыхтоўцы іх да працоўнага і грамадскага жыцця. Спалучэнне традыцый і наватарства, захаванне гістарычнай спадчыны і пошук сучасных эфектыўных адукацыйных ідэй сёння і вызначаюць аблічча нашага каледжа”, — асабліва падкрэсліла Наталля Пятроўна. Да гэтых яе слоў намеснік дырэктара каледжа па вучэбна-вытворчай рабоце Аляксей Алегавіч Карманаў дадаў, што на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі і сёння ёсць спецыяльнасць, непасрэдна звязаная з ільном, — “Тэхналогія пражы, нятканых матэрыялаў, тканін і тканых вырабаў”. Такім чынам, ільняныя традыцыі каледжа сапраўды захоўваюцца!
Што тычыцца творчага жыцця ў АДМЭК, то, як паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Валерыя Валер’еўна Пераходчанка, для рэалізацыі творчых ініцыятыў навучэнцаў тут ужо шмат гадоў дзейнічае цэнтр “Садружнасць”, які аб’ядноўвае больш за 30 клубаў, гурткоў, секцый па шасці кірунках. Кожны навучэнец установы знаходзіць занятак па душы. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца гурткі мастацкага і спартыўнага кірункаў, якія дапамагаюць маладым людзям знаходзіць новых сяброў, павышаць самаацэнку, працаваць у камандзе, выпрацоўваць волю да перамогі. “Вельмі прыемна назіраць, як дае парады па правільным перамяшчэнні па сцэне будучы тэхнік-механік будучаму бухгалтару, а будучы слесар вучыць першакурсніка-юрыста новым сілавым практыкаванням. Прыемна бачыць, як раскрываюцца таленты нашых хлопцаў і дзяўчат, як вераць яны ва ўласныя сілы, бо дакладна ведаюць, што могуць разлічваць на падтрымку і дапамогу педагогаў, людзей, улюбёных у сваю справу”, — з гордасцю сказала Валерыя Валер’еўна. А педагог-арганізатар Юлія Леанідаўна Яўменава, якая, дарэчы, на апошнім этапе “АРТ-вакацый-2017” рыхтавала творчы калектыў “Джаз-банд” да выступлення на гэтым фестывалі-конкурсе (пераможца ў намінацыі “Ансамбль класічнай музыкі”), дадала цікавую гістарычную дэталь. Раней, калі АДМЭК афіцыйна называўся АМТТ (Аршанскі механіка-тэхналагічны тэхнікум), гэтую абрэвіятуру з гумарам расшыфроўвалі як Аршанскі музычна-танцавальны тэхнікум. Яно і не дзіўна: некалі ва ўстанове дзейнічалі хор, лялечны тэатр, нават цыркавая студыя!
І самае апошняе ў гэтым падраздзеле. Безумоўна, мы яшчэ падрабязна пагаворым з кіраўніком творчых калектываў Х-men і “Экстрым” Таццянай Іванаўнай Мурашкай, з іх удзельнікамі, але адразу хочацца сказаць, што ў АДМЭК працуюць сапраўды ўнікальныя творчыя людзі. Кароткі летапіс гісторыі каледжа (з ім можна пазнаёміцца на сайце газеты nastgaz.by) спецыяльна для нашай газеты склаў выкладчык гісторыі краязнавец Віктар Паўлавіч Лютынскі, апантаны чалавек, летапісец не толькі гісторыі каледжа, але і ўсёй Оршы. Не так даўно ён расшукаў раней невядомы аршанскі адрас Уладзіміра Караткевіча — дом па вуліцы Пралетарскай, у якім сям’я пісьменніка ў 1944—1946 гадах наймала два пакоі ў царкоўнага старасты і адкуль юны Валодзя хадзіў вучыцца ў 1-ю аршанскую беларускую школу… Хіба ж гэта не цуд, калі выкладчык установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі робіць адкрыццё, важнае для гісторыкаў літаратуры і наогул многіх беларусаў, для якіх усё, што звязана з Караткевічам, мае адзнаку святасці!
Ікс-Мурашка і яе Ікс-выхаванцы
Расказвае кіраўнік творчых калектываў Х-men і “Экстрым”, выкладчык фізкультуры і здароўя, куратар адной з груп навучэнцаў па спецыяльнасці “Тэхналогія машынабудавання” Таццяна Іванаўна Мурашка: “Я нарадзілася ў Расіі, у горадзе Белая Калітва Растоўскай вобласці. Так што я данская казачка па паходжанні. Мой дзядуля быў вайскоўцам, адпаведна, уся наша сям’я вандравала з ім разам па абшарах усяго былога Савецкага Саюза. Жылі ў Баку, Адэсе, іншых гарадах. Апошнім месцам яго службы быў Пінск — так мы ў Беларусі і засталіся…
У Пінску я скончыла сярэднюю школу. З дзяцінства мне вельмі падабалася займацца спортам, асабліва лёгкай атлетыкай. Яшчэ школьніцай была чэмпіёнкай горада, вобласці, рэспублікі ў розных узроставых катэгорыях. Потым паступіла на дзённае аддзяленне ў Беларускі дзяржаўны ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга інстытут фізічнай культуры і ў 1985 годзе яго скончыла, атрымаўшы дыплом трэнера па лёгкай атлетыцы і выкладчыка. А яшчэ ў мяне ёсць пасведчанне інструктара па лячэбнай фізкультуры і масажыста. Такім чынам, як вы ўжо зразумелі, я не харэограф па адукацыі і танцамі ў дзяцінстве не захаплялася.
Пасля заканчэння інстытута выйшла замуж, нарадзіла дзіця, потым працавала тры гады ў адной з пінскіх школ старшай піянерважатай (можа, таму ў мяне многа творчых задум!), а потым — настаўніцай фізкультуры. У 90-х разам з сям’ёй пераехала сюды, у Оршу, адкуль родам мой муж. У каледжы працую з 1998 года.
Як нарадзіліся нашы творчыя калектывы? Гэта дастаткова цікавая гісторыя.
У верасні 2002 года я абвясціла набор у спартыўную секцыю “Аэробіка”. Адгукнуліся, натуральна, адны дзяўчаты. Мы з імі займаліся ў спартыўнай зале, а побач знаходзіліся майстэрні, у якіх працавалі адны хлопцы. І неяк я заўважыла, што падчас нашых заняткаў з дзяўчатамі аэробікай хлопцы падглядалі ў шчылінку. Прычым гэта было неаднойчы! Ім жа так цікава было паглядзець, што там робяць дзяўчаты.
Неяк мы злавілі аднаго: “Дык што ты тут падглядаеш? Так цікава табе? Дык хадзем і сам паспрабуеш патанцаваць!” Ён спачатку моцна ўпіраўся: “Ды якая аэробіка для хлопца?” Але неяк мы яго ўсё ж зацягнулі на заняткі, і яму, як ні дзіўна, спадабалася. А яшчэ спадабалася адна дзяўчынка з групы. І ён застаўся.
Потым падцягнуліся яшчэ некалькі хлопцаў. Урэшце нас сабралася дастаткова вялікая змяшаная група хлопцаў і дзяўчат. У іх сапраўды атрымлівалася танцаваць, прыгожа рухацца.
А напярэдадні 23 лютага 2003 года мы з хлопцамі задумалі невялікае выступленне — стылізацыю пад працэс вучэбнай падрыхтоўкі ў войску. З гэтым нумарам падалі заяўку на гарадскі конкурс творчасці сярод вучнёўскай моладзі “Аршанскі першацвет”, які штогод праходзіць у нашым горадзе, і занялі там прызавое месца ў намінацыі “Арыгінальны жанр”. Тады гэты хлапчуковы калектыў называўся “ДМБ”. З таго часу мы і сталі прымаць актыўны ўдзел ва ўсіх конкурсах, фестывалях, мерапрыемствах, якія праводзяцца ў горадзе, вобласці, краіне. У нашых канцэртных выступленнях пачалі прымаць удзел і дзяўчаты, і “ДМБ” стаў называцца “Экстрымам”. А ўжо ў межах “Экстрыму” з цягам часу выкрышталізавалася выключна хлапчуковая група Х-men (першаадкрывальнікамі тут былі Максім Манвялян, Іван Пашковіч, Аляксандр Шмур’еў), удзельнікі якой у арыгінальнай форме паказваюць сілавыя практыкаванні з гірамі і штангай, з элементамі воркаўта і рукапашнага бою (раней у каледжы існавала секцыя “Рукапашны бой”, а цяпер працуе секцыя “Атлетычная гімнастыка”), з надзьмуваннем і лопаннем грэлак, з ірваннем ланцугоў і непатрэбных спісаных кніжак, з хаджэннем па шкле, нават кіданнем нажоў… Дарэчы, у практыкаваннях са шклом і нажом мы прытрымліваемся строгіх мер бяспекі. У нашай практыцы яшчэ ніколі не было, каб нехта парэзаўся. У нашых хлопцаў выключнае самавалоданне і цвярозая галава.
Канечне, усё прыходзіла паступова. Быў час, калі ў сувязі з матэрыяльнымі цяжкасцямі (не хапала гір на ўсіх хлопцаў), мы нават пускаліся на розныя хітрыкі, напрыклад, замест гір выкарыстоўвалі двухлітровыя пластыкавыя бутэлькі з-пад мінералкі, у якія засыпалі пясок! Але з цягам часу пераадольваліся ўсе цяжкасці, прыходзіла тэхнічнае майстэрства, вучылася як кіраўнік я сама — і ў саміх навучэнцаў, і па інтэрнэце… Цяпер я ўжо ведаю ўсе тонкасці кручэння гір! Праўда, сама не кручу! (Смяецца. — М.Ч.) Але мы не спыняемся і працягваем прыдумваць новыя сілавыя нумары.
І трэба сказаць, што з нашымі хлопцамі мы дасягнулі сапраўды вялікіх поспехаў. Гэта 1-я месцы на фестывалі “АРТ-вакацыі”, гарадскім конкурсе “Аршанскі першацвет” і інш. Некаторыя мае выхаванцы нават звязалі сваю прафесійную кар’еру са спортам. Так, пасля заканчэння каледжа Максім Манвялян паступіў на дзённае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, а Іван Пашковіч — у Віцебскі ўніверсітэт імя П.Машэрава.
Калі ж вярнуцца да танцавальна-спартыўнага калектыву “Экстрым”, то і тут мы стараемся заўсёды зрабіць нешта новае. Вельмі часта навучэнцы самі падказваюць мне цікавыя ідэі, а гэта ж усё звычайныя маладыя людзі, якія ніколі прафесійна не займаліся танцамі!
Нашы рэпетыцыі, пастановачная работа, канцэрты, спектаклі, пазаўрочныя мерапрыемствы маюць адну мэту — вучыць, развіваць, выхоўваць, фарміраваць. І абавязкова цесна пераплятаюцца паміж сабой. Але без творчасці любая праца ператвараецца ў нудны занятак, што педагогіцы проціпаказана асабліва. Стараюся заўсёды запаліць у вучнях агонь творчага спаборніцтва і ініцыятывы, ставячы перад імі зразумелыя перспектыўныя мэты і цікавыя творчыя задачы. У рабоце з імі дзейнічаю рашуча і загадзя ўяўляю вынік, да якога трэба прыйсці. І мне здаецца, што навучэнцы ахвотна займаюцца ў нашым калектыве, любяць яго. Яны імкнуцца ўсюды прапагандаваць танцавальную культуру, з задавальненнем выступаюць на ўсіх мерапрыемствах, часта падыходзяць да мяне з просьбай падкарэкціраваць нумары для сваіх выступленняў, а гэта паказчык сфарміраванай патрэбнасці ў самастойнай творчай дзейнасці. Мае выхаванцы і з X-men, і з “Экстрыму” — няхай і не прафесійныя танцоры ды спартсмены, але ўсе яны захопленыя, творчыя, самастойныя, добрыя, вясёлыя асобы. “Трэба радавацца кожнаму дню, трэба ісці наперад і не спыняцца” — гэта агульны наш з імі дэвіз па жыцці”.
А цяпер слова некаторым навучэнцам.
Аляксандр Шчамялёў (3 курс): “Перад тым як трапіць у спартыўны калектыў X-men, я займаўся ў трэнажорнай зале, дзе ўдзяляў увагу не толькі сілавым практыкаванням, але і жангліраванню гірамі. Таццяна Іванаўна мяне адразу заўважыла сярод навучэнцаў і прапанавала падрыхтаваць сцэнічны нумар яшчэ з якім-небудзь хлопцам. Маім напарнікам стаў аднакурснік Уладзіслаў Катуеў. І гэта было здорава! На “АРТ-вакацыях” і “Аршанскім першацвеце” мы ўразілі публіку. Ці цяжка гэта — паказваць нумары са штангай, з гірамі? Безумоўна, без трэніровак нічога не атрымаецца. Вы ж разумееце, што гіра важыць 16 кілаграмаў, яе трэба грацыёзна вывесці на ўзровень галавы, сто разоў перакруціць і выкруціць, а потым злавіць на ўзроўні грудзей. Без падрыхтоўкі, без ведання законаў гравітацыі гэта немагчыма. На месцы мы не стаім, а ўжо рыхтуемся да новага фестывалю — “АРТ-вакацыі”. Задумалі, здаецца, вельмі цікавы нумар, але які — не скажу. Няхай гэта будзе сакрэт для гледачоў”.
Сяргей Тараканаў (4 курс): “Мне вельмі падабаецца стыль выкладання Таццяны Іванаўны. Гэта выразнасць, далікатнасць і разам з тым настойлівая патрабавальнасць. Яна ўмее і пахваліць, і зрабіць строгую заўвагу, паказаць твае канкрэтныя памылкі.
Цімур Касцюковіч (2 курс): “Летась 1 верасня Таццяна Іванаўна прапанавала мне пайсці ў танцавальны гурток “Экстрым”, і я адразу пагадзіўся, бо і раней крыху займаўся брэйкам. Памятаю, на першых занятках яшчэ падумаў: “Злая цётка нейкая!” Але ўжо праз два тыдні зразумеў, што на самай справе яна рэальна вясёлы і добры чалавек, з ёй ніколі не засумуеш — ні на ўроках фізкультуры, ні на рэпетыцыях… Яе любімае слова, калі хоча пахваліць, — “бібікі”! А калі хоча настроіць на сур’ёзны лад, камандзірскім голасам загадвае: “Ану, усе ўсталі!” І, як ні дзіўна, мы ўсе яе слухаемся”.Уладзімір Валевіч (1 курс): “Я прымаў удзел у конкурсе талентаў Тalant.by, які штогод праходзіць у каледжы для навучэнцаў груп новага набору. Мне вельмі спадабалася выступаць, і я вырашыў працягнуць займацца харэаграфіяй у танцавальнай калектыве “Экстрым”. У нас вельмі дружны калектыў. Рэпетыцыі праходзяць кожны тыдзень пасля вучэбных заняткаў. Першы раз (у лістападзе 2017 года) я прымаў удзел у раённым конкурсе сярод сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў “Творчы рынг” у Доме культуры чыгуначнікаў, дзе мы занялі прызавое месца. Для мяне гэта вельмі добры вынік, бо я ў АДМЭК першы год, а ўжо ўдзельнічаю ў такіх маштабных мерапрыемствах. У вольны час займаюся музычнай творчасцю. Я вельмі рад, што трапіў у гэты танцавальны калектыў”.
Ягор Сапега (1 курс): “Я даўно хацеў займацца танцамі. Паступіўшы ў АДМЭК, даведаўся, што мой куратар Таццяна Іванаўна Мурашка кіруе калектывам “Экстрым”. Я адразу запісаўся да яе. З першых дзён мне вельмі спадабалася працаваць у гэтым дружным і згуртаваным калектыве. За той час, што вучуся ў каледжы, прымаў удзел у раённым конкурсе “Творчы рынг”, у фестывалі вучнёўскай моладзі
Talant.by. Практычна кожныя выхадныя бяру ўдзел у прафарыентацыйнай рабоце. Мне вельмі падабаецца выступаць на сцэне, бо так можна паказаць сябе, здзівіць гледача, рассмяшыць яго чымсьці. На працягу наступных гадоў планую таксама развівацца ў гэтым кірунку, бо атмасфера ў калектыве вельмі спрыяльная”.
Максім Мядзведзеў (2 курс): “Калі я паступіў у АДМЭК, у мяне не было мэты заняцца танцамі. Усё пачалося з таго, што Таццяна Іванаўна Мурашка на адным з урокаў фізічнай культуры і здароўя сказала мне, што ў мяне добрая пластыка, і запрасіла ў “Экстрым”. Я доўга думаў, ці запісвацца ў калектыў, бо баяўся, што гэта можа дрэнна паўплываць на маю паспяховасць, а таксама таму, што раней ніколі не займаўся танцамі. Але вырашыў рызыкнуць і ўжо другі год з’яўляюся танцорам “Экстрыму”. Ні разу пра гэта не пашкадаваў. Мы кожную суботу выступаем перад навучэнцамі школ падчас дзён адкрытых дзвярэй, ездзім выступаць у іншыя гарады нашай краіны. І, дарэчы, як аказалася пазней, танцы не перашкодзілі мне ў вучобе. Два гады запар я займаю 2-е месца на гарадской алімпіядзе па гісторыі, прымаю актыўны ўдзел у жыцці каледжа. Магу з упэўненасцю сказаць, што “Экстрым” не збіраецца спыняцца на дасягнутым і будзе радаваць наш дарагі АДМЭК новымі дасягненнямі!”
Х-end
Я ўжо збіраўся развітвацца з каледжам і яго Ікс-насельнікамі, але ў апошні момант узнікла ідэя зрабіць фота навучэнцаў Ікс-АДМЭК на памяць, прычым папрасіў хлопцаў і дзяўчат з калектыву “Экстрым” не статычна пазіраваць для кадра, а ў якім-небудзь элеменце з іх танца. Сшыхтаваліся, адзін хлопец стаў на рукі, а ногі ўскінуў уверх, як у момант брэйка.
Я шчоўкнуў засаўкай — адзін раз, другі, трэці… пакуль не з’явіўся нармальны здымак. А гэты хлопец усё так і стаяў на руках і спрабаваў нават усміхацца мне ў аб’ектыў.
Гэта на самай справе неверагодна цяжка — стаяць на руках з ускінутымі дагары нагамі. Неспрактыкаваны чалавек ніколі не зробіць гэтага. Шчыра кажучы, вярнуўшыся ў Мінск, я сам паспрабаваў зрабіць нешта падобнае. Максімум, на што мяне хапіла, пратрымацца ў стойцы адну секунду. А гэты хлопец застыў у такой позе на добрыя 10 секунд. І гэта было не ў экстазе танца, а вось так, знянацку, спецыяльна на камеру… Тут патрэбны стальныя Ікс-мышцы, стальныя Ікс-нервы і вялікае-вялікае — не абавязкова стальное — Ікс-сэрца. Гэта могуць толькі Х-men ці X-treme.
Калі я закончыў здымку, Ікс-дзяўчына ў байцы а-ля цяльняшка падышла да яго, мякка абвіла рукою за шыю, пяшчотна пацалавала: “Ты малайчына! Ты мой герой! Я кахаю цябе, я табой ганаруся”.
І мне было неверагодна прыемна глядзець на гэтых двух прыгожых маладых людзей з Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа, якія ўжо ў самым маладым узросце так цэняць адно аднаго, па-свойму, па-юначы, але з вялікай доляй мудрасці адчуваюць і разумеюць, што такое вытрымка, мужнасць, адказнасць…
“Яны — пара”, — ціхенька шапнула мне на вушка Таццяна Іванаўна Мурашка.
І я веру, што ў іх жыцці, як і ў жыцці ўсіх астатніх людзей, з якімі мне давялося пагутарыць у АДМЭК, усё будзе добра.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара і з архіва Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа.