Маленькая Радзіма. Ты і я — беларусы

- 17:23Нам пішуць

Мае выхаванцы самыя маленькія і крыху большыя. З дашкалятамі шмат клопату, гэта праўда. Але заўсёды побач з дзецьмі адчуваю лёгкасць, акрыленасць, а на душы — спакойна. Вельмі хочацца выхоўваць дзяцей добрымі, разумнымі, дапытлівымі, цярплівымі і ўважлівымі да ўсяго жывога. А яшчэ — абуджаць любоў да свайго краю, прыроды, мовы, даць магчымасць адчуць красу і багацце беларускай мовы. Пераканана: выхаванне павінна грунтавацца на роднай мове, роднай гісторыі, родным фальклоры і літаратуры, традыцыях.

Таму знаёмлю выхаванцаў з вершамі, казкамі, легендамі, апавяданнямі, з’явамі навакольнага свету, яго таямніцамі і загадкамі. На музычных занятках развучваем беларускія танцы, пяём беларускія народныя песні, праз якія расказваю выхаванцам пра лепшыя рысы беларусаў: шчырасць, чуласць, сціпласць, уважлівасць. А як прыемна арганізоўваць інсцэніроўкі па беларускіх народных казках “Муха-пяюха”, “Коцік, пеўнік і лісіца”, прыдумваць гісторыі, фантазіраваць. Пястушкі, калыханкі, забаўлянкі выкарыстоўваю ў рэжымных момантах: пад гукі гэтых вершаў і песень дзеці ахвотна мыюцца, ядуць, займаюцца. Жыццё дзіцяці становіцца цікавейшым, ярчэйшым, развіваецца памяць, мысленне, увага, маўленне. Мяркую, галоўнае — навучыць дзяцей здзіўляцца і захапляцца, задумвацца і разважаць, шукаць адгадкі.

Iрына ЧУРА,
выхавальніца ясляў-сада № 8 Навагрудка.