Маленькі падарунак ад чыстага сэрца

- 16:22Нам пішуць

Напярэдадні Каляд і Новага года ў сярэднюю школу № 36 Гродна з польскай мовай навучання да дзяцей і іх настаўнікаў з поўным мехам падарункаў прыходзіць Святы Мікалай.

Той момант, калі старшакласнікі ў вобразе калядоўшчыкаў, аленяў, чарцей і анёлкаў на чале са Святым Мікалаем, загрукаюць у дзверы ўсіх школьных кабінетаў, чакаюць усе — ад першакласнікаў у чырвоных каўпаках да самых сур’ёзных настаўнікаў. Каб атрымаць падарунак, яны спяваюць калядныя песні. А на тых, хто не вельмі заслугоўвае падарункі ад Святога Мікалая, чакаюць розгі (хаця пра гэта ён часцей за ўсё забываецца).

Прыклад бескарыслівасці і велікадушнасці Святога Мікалая натхняе на шматлікія дабрачынныя акцыі і мерапрыемствы. Добрай традыцыяй нашай школы з’яўляецца запрашэнне на калядныя спектаклі і падрыхтоўка падарункаў для выхаванцаў школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку ў рамках школьнага дабрачыннага праекта “Цяпло душы”.

Вялікай папулярнасцю не толькі ў дзяцей, але і дарослых карыстаецца святочная псіхалагічная гульня “Будзь маім Мікалаем”. Яе аўтары — педагог-псіхолаг Г.Ч.Ляпеша і педагог-арганізатар А.У.Кузас — трэці год праводзяць яе сярод калег-настаўнікаў. Умовы гульні вельмі простыя: на працягу двух тыдняў таемна рабіць добрыя ўчынкі ці адорваць падарункамі выпадкова абранага калегу. Кубачак гарачай кавы, смешная цацка, зробленая сваімі рукамі, ці каплімент — як аказалася, стварыць святочны настрой вельмі проста. Фінал гульні, калі ўсе Мікалаі збіраюцца разам і раскрываюць свае таямніцы, атрымліваецца адначасова вясёлым і кранальным. Гэтая цёплая традыцыя не толькі згуртоўвае калектыў, але спрыяе таму, што святочая атмасфера распаўсюджваецца па ўсёй школе.

Вольга ПЕРАГІНЕЦ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы № 36 Гродна з польскай мовай навучання.