Мара стала прызваннем

- 9:52Навіны рэгіёнаў

Педагогіку ў якасці прафесіі настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 11 Бабруйска Ірына Ігараўна Герасімовіч выбрала без якіх-небудзь роздумаў і пошукаў. Яшчэ ў юнацтве дакладна вырашыла: будзе настаўніцай.

— У прафесію мяне прывёў мой школьны настаўнік Барыс Мікалаевіч Сі­дэнка. Гэты цудоўны педагог усур’ёз захапіў мяне геаграфіяй і шмат у чым паўплываў на рашэнне пайсці па настаўніцкім шляху. У 10—11 класах пад кіраўніцтвам Барыса Мікалаевіча я спрабавала весці ўрокі для больш малодшых вучняў. Менавіта тады, падчас тых першых прафесійных проб, выразна ўсвядоміла, што хачу раскрываць дзецям таямніцы геаграфіі, вучыць іх берагчы наш свет, — паведаміла І.І.Герасімовіч.

Сваю юнацкую мару Ірына Ігараўна ажыццявіла ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф.Скарыны. Гады студэнцтва праляцелі непрыметна. Атрымаўшы запаветны настаўніцкі дыплом, І.І.Герасімовіч маладым спецыялістам вярнулася на малую радзіму — у Бабруйск. Выкладала ў адзі­наццатай гарадской школе.

— З гэтай навучальнай установай маё жыццё цесна звязана ўжо чатыры гады. Першыя часы ўзнікалі пэўныя складанасці. Было і хваляванне падчас першых урокаў. Але, дзякуючы падтрымцы нашага педагагічнага калектыву, усё атрымалася хутка пераадолець. Я зразумела, што педагогіка — сапраўды маё прафесійнае прызванне, — расказала І.І.Герасімовіч.

Сёння Ірына Ігараўна ўжо даволі вопытны педагог. Яна на высокім узроўні валодае зместам свайго прадмета, ажыццяўляе аптымальны адбор метадаў, сродкаў і форм навучання і выхавання, актыўна выкарыстоўвае сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, разнастайныя прыёмы з мэтай павышэння вучэбнай матывацыі вучняў. Асаблівасцю педагагічнай дзейнасці настаўніцы з’яўляецца актыўнае ўкараненне ў адукацыйны працэс інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Зараз яна мэтанакіравана працуе над тэмай “Выкарыстанне QR-кодаў для развіцця пазнавальнай цікавасці вучняў на ўроках геаграфіі ў IX, X класах”.

— Сённяшнія навучэнцы — гэта асаблівае пакаленне. Яны жывуць сярод вялікага патоку інфармацыі, і, як мне здаецца, значная частка іх жыцця праходзіць у віртуальнай прасторы. Усё часцей дзеці губляюць цікавасць да вучэбных прадметаў і ставяцца да навучання як да нейкай павіннасці. Я стараюся вучыць іх арыентавацца ў інфармацыйных патоках, адбіраць неабходныя даныя, відазмяняць іх, структураваць, ствараць нешта сваё. Тым самым навучэнцы атрымліваюць трывалыя веды і фарміруюць патрэбныя ўменні. Лічу, што QR-код — універсальны спосаб данесці патрэбную вучэбную інфармацыю ў цікавым, зразумелым для падлетка выглядзе. Да таго ж, стварэнне QR-кодаў займае зусім мала часу. Затое гаджэты для маіх вучняў становяцца не проста адным са спосабаў забавы, але і сродкам для навучання, атрымання новых ведаў, — адзначыла Ірына Ігараўна.

На яе думку, інфармацыя з’яўляецца галоўнай каштоўнасцю XXI стагоддзя. Аднак цяперашнім навучэнцам часта даволі цяжка засвоіць вялікі аб’ём вучэбнага матэрыялу, зразумець складаную мову выкладання ў падручніку, самастойна разабрацца ў вывучаемай тэме. Задумаўшыся над гэтай праблемай, Ірына Ігараўна вырашыла стварыць аўтарскі адукацыйны рэсурс, здольны зацікавіць навучэнцаў, дапамагчы ім у вучобе. Так з’явіўся тэматычны сайт “Пашыраючы межы”, які перавёў супрацоўніцтва педагога і вучняў у новы фармат.

— Сайт “Пашыраючы межы” (https://b24-c7zxm9.bitrix24site.by/) мае дэсктопную і мабільную версіі. Гэта ўнікальны адукацыйны рэсурс, з дапамогай якога навучэнцы маюць магчымасць пазнаёміцца з цікавымі звесткамі па геаграфіі розных краін, выкарыстоўваць адаптаваны і візуалізаваны вучэбны матэрыял па канкрэтных тэмах пры вывучэнні прадмета, правяраць свае веды, выконваючы заданні анлайн, мець зносіны ў віртуальнай прасторы пры ажыццяўленні зваротнай сувязі. Сайт карысны і для педагогаў. Настаўнікі геаграфіі могуць скарыстацца метадычнымі распрацоўкамі ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў па вучэбным прадмеце, — патлумачыла І.І. Герасімовіч.

Важнай умовай эфектыўных заняткаў Ірына Ігараўна лічыць іх практыкаарыентаванасць. Вучні павінны разумець, што геаграфія — навука, якая акружае іх паўсюль, таму атрыманыя на ўроку веды яны змогуць прымяніць у любой жыццёвай сітуацыі. Педагог таксама арыентуе вучняў на атрыманне ведаў самастойна. На яе погляд, у сучасным свеце гэта асабліва неабходна.

— Я стараюся спалучаць ролю кіраўніка і памочніка адукацыйнага працэсу, арыентуюся на стварэнне ўмоў для атрымання вучнямі ведаў, фарміравання ў іх не толькі пазнавальных, але і сацыяльна значных кампетэнцый, вучу іх быць сама­стойнымі. Навучэнцы павінны ўмець рабіць выбар, адаптавацца да новых умоў, прымаць самастойныя рашэнні і шукаць свае шляхі для дасягнення пастаўленых мэт. Таму мая галоўная задача — дапамагчы ім стаць ініцыятыўнымі, творчымі, адказнымі членамі сучаснага грамадства, — падкрэсліла Ірына Ігараўна.

Асаблівае месца ў сваёй педагагічнай дзейнасці І.І.Герасімовіч адводзіць рабоце з адоранымі навучэнцамі. Яна пераканана, што ў кожнага дзіцяці ёсць свой талент. Убачыць і раскрыць здольнасці навучэнцаў ёй дапамагае індывідуальны падыход на вучэбных
і стымулюючых занятках. Настаўніца стараецца адчуць настрой, знайсці эмацыянальны кантакт з кожным вучнем. Акрамя таго, Ірына Ігараўна пастаянна шукае новыя формы і спосабы падачы вучэбнага матэрыялу. Яна арганізоўвае для дзяцей квесты, гульні, спаборніцтвы. Апошнім часам актыўна ўкараняе на занятках тэхналогію VR. Усё гэта ў сукупнасці павышае цікавасць вучняў да геаграфіі. Вынік — іх неаднаразовыя перамогі на другім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, гарадскім конкурсе даследчых работ школьнікаў.

Матывуючы сваіх вучняў на самаразвіццё, Ірына Ігараўна і сама стараецца знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку. Прафесіянальны рост для яе ў прыярытэце. Да гэтага падштурхоўваюць хутка зменлівыя жыццёвыя рэаліі.

— Сучаснаму настаўніку проста неабходна быць мабільным і крэатыўным, мець творчыя ідэі, праяўляць цікавасць да новых распрацовак і рэалізацыі новых вучэбных праграм, шукаць і ўкараняць новыя праекты, спосабы, метады навучання, — пераканана І.І.Герасімовіч.

Новыя прафесійныя гарызонты Ірына Ігараўна адкрывае не толькі самастойна. Яна — актыўная ўдзельніца конкурсаў і фестываляў педагагічнага майстэрства, рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцый. Адметна, што настаўніца рэгулярна дзеліцца сваім вопытам і эфектыўнымі педагагічнымі напрацоўкамі з калегамі. Яна каардынуе даследчую дзейнасць педагогаў і навучэнцаў школы, вядзе ўласны сайт і з’яўляецца аўтарам відэаўрокаў, створаных для дапамогі педагогам і размешчаных на сайце Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.

Нягледзячы на маладосць і зусім невялікі педагагічны стаж, у працоўнай скарбонцы І.І.Герасімовіч ужо ёсць значныя прафесійныя поспехі. Сёлета яна стала пераможцай другога і ўдзельніцай трэцяга тура рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”. Два гады назад увайшла ў лік прызёраў гарадскога конкурсу для маладых педагогаў “Мы маладыя, мы таленавітыя!”.

— Асабістыя прафесійныя перамогі для мяне не самамэта. Сваім асноўным дасягненнем я лічу шчаслівыя і ўдзячныя вочы вучняў пасля маіх урокаў. Спадзяюся, што геаграфія для іх — не проста вучэбны прадмет, а займальнае падарожжа ў свет ведаў, якія ім абавязкова спатрэбяцца ў рэальным жыцці, — заўважыла Ірына Ігараўна. — Мне вельмі хочацца, каб хто-небудзь з маіх вучняў таксама працягнуў вучыць іншых геаграфіі і калі-небудзь вымавіў такія ж словы падзякі, якія я яшчэ раз шчыра кажу Барысу Мікалаевічу, майму педагогу.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва І.І.Герасімовіч.