Мары сапраўды здзяйсняюцца!

- 10:16Сацыяльны ракурс

У рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” ў госці з падарункамі да выхаванцаў дзіцячага сацыяльнага прытулку сацыяльна-педагагічнага цэнтра Слонімскага раёна завіталі дырэктар Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” Кацярына Эдуардаўна Дубінская і галоўны рэдактар газеты “Домой!” Вольга Віктараўна Барталевіч. 

У святочна ўпрыгожанай актавай зале адбылося сумеснае чаяпіцце. Дзеці расказалі гасцям пра свае захапленні, святочныя мерапрыемствы, удзел у якіх яны ўжо прынялі, пра школьныя поспехі і пра тое, кім яны мараць стаць у будучыні.

Яшчэ да Новага года дзяцей у прытулку было 12, аднак трое з іх напярэдадні свята перайшлі на выхаванне ў дзіцячы дом сямейнага тыпу. А двое дзетак апынуліся ў прытулку ў першыя дні ўжо бягучага года. Зараз ва ўстанове знаходзяцца 11 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 4 да 14 гадоў. Рая, Раман, Каміла і Марыя — адабраныя з адной сям’і. Насця і Руслан — брат і сястра. А вось Даша, Уладзіслаў, Яна, Аляксандр і Арына тут адны. У Дашы, праўда, ёсць брацікі і сястрычкі, але яны ўжо выхоўваюцца ў прыёмных сем’ях. 

У дзіцячым сацыяльным прытулку дзеці, адабраныя з сям’і, праводзяць максімум паўгода. Роўна столькі часу па законе адводзіцца іх бацькам, каб выправіць крытычную сітуацыю. Пасля сканчэння гэтага тэрміну дзеці альбо вяртаюцца да біялагічных бацькоў, альбо ўладкоўваюцца ў замяшчальныя сем’і ці дзіцячыя дамы (іх у Слонімскім раёне 2). 

“Вядома ж, мы імкнёмся да таго, каб дзеці вярнуліся ў біялагічныя сем’і, — расказвае Таццяна Валянцінаўна, — вядзём з бацькамі работу. Ёсць нямала прыкладаў, калі бацькі змянілі лад жыцця, змянілі паводзіны і зрабілі ўсё для таго, каб вярнуць дзяцей, стаць для іх надзейнай апорай. Аднак, на жаль, здараецца і так, што работа спецыялістаў не мае станоўчага выніку, на гора-бацькоў немагчыма паўплываць ніяк, і дзеці адпраўляюцца ў замяшчальныя сем’і”. 

Таццяна Валянцінаўна працуе ва ўстанове з моманту яе заснавання — ужо 18 гадоў, з іх два гады дырэктарам. За гэты час праз дзіцячы прытулак прайшло больш за 900 непаўналетніх. “Ёсць выпадкі, калі да нас паступалі дзеці, чые бацькі калісьці таксама былі выхаванцамі прытулку. На жаль, яны сталі дарослымі і не змаглі знайсці ў сабе сіл дасягнуць нечага ў жыцці”.

Выхавальнікі прытулку з душэўнасцю і цеплынёй адносяцца да выхаванцаў, дзеці акружаны пяшчотай і клопатам. “Дзеці прыходзяць да нас і не ведаюць, што трэба штодзень чысціць зубы, вучыць урокі, трымаць у парадку партфелі і ўласныя рэчы. Бывае, акрамя супу і хлеба, яны не ведаюць больш ніякіх страў і не разумеюць, як і з чым іх есці. А пасля кароткага часу, праведзенага ў нас, пачынаюць сачыць за сабой, уласнымі рэчамі, і паводзіны мяняюцца, і вагу набіраюць, — канстатуе Таццяна Валянцінаўна”.

Вось і ў гэты дзень гасцей усмешкамі сустракалі прыгожыя дзеці. У якасці падарункаў ад выдавецкага дома дзіцячаму прытулку былі перададзены кнігі, рэчы, абутак, цацкі, шашкі, шахматы, ракеткі і шарыкі для настольнага тэніса, футбольныя мячы, ролікавыя канькі і самакаты для розных узростаў. Дзеці атрымалі сокі, садавіну і прысмакі. Аднак асабліва дарагімі і жаданымі сталі асабістыя падарункі, якія яны прасілі ў лістах да Дзеда Мароза. Госці ўзялі на сябе ролю Дзеда Мароза і выканалі жаданне кожнага. Уладзіслаў і Аляксандр атрымалі канструктары, маленькія модніцы — Каміла і Марыя — наборы дзіцячай касметыкі, Насця — 3D-ручку, а Рая і Руслан — па музычнай калонцы. Самай дарослай з дзяцей Дашы падарылі жаданыя бесправадныя навушнікі, а самай маленькай Яне — ляльку, якая ператвараецца ў русалку. Арына была проста ў захапленні ад плюшавага кацяняці, а Раман выпрабаваў доўгачаканы футбольны мяч адразу ў сценах залы, ледзь не зрушыўшы прыгажуню ёлку з пачэснага месца.

Немагчыма словамі перадаць тую радасць і захапленне, якія былі ў той момант на тварах дзяцей — яны атрымалі тое, аб чым марылі! Няхай у тым ліку і з нашай дапамогай у жыцці гэтых дзяцей будзе як мага больш памятных, шчаслівых момантаў. У гэтым сэнсе акцыя “Нашы дзеці” асабліва знамянальная. Гэта яшчэ адна магчымасць здзейсніць мары і надзеі дзяцей, даць ім магчымасць адчуць, што дарослыя побач і заўсёды гатовы дапамагчы. 

Мары і сапраўды здзяйсняюцца! Хочацца пажадаць, каб яны здзяйсняліся і далей, асабліва мара жыць у сям’і, побач з бацькамі…

Вольга ФІЛІПЕНКА.
Фота аўтара.