Маўленчы этыкет па-беларуску

- 12:05Культура

А ці ведаеце вы, што такое маўленчы этыкет і чым ён адрозніваецца ў розных народаў? Чаму беларусы раней не гаварылі “добрай раніцы”, што зычылі адно аднаму пры сустрэчы і развітанні? А ці задумваліся вы калі-небудзь, як лепш звярнуцца да таго ці іншага чалавека? На ўсе гэтыя і многія іншыя пытанні дае адказы новая кніга Сяргея Зелянко “Этыкет па-беларуску” з серыі “Таямніцы беларускай мовы”, якую днямі прэзентавалі ў сталічным Доме кнігі “Светач” у час адкрыцця апорнага пункта выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”.

Сусветна вядомаму іспанскаму пісьменніку Мігелю дэ Сервантэсу Сааведра належыць цудоўны выраз: “Нішто не шануецца так дорага і не каштуе так танна, як ветлівасць”. Усё пра беларускую ветлівасць — у кнізе “Этыкет па-беларуску”, якая прызначана для дзяцей малодшага школьнага ўзросту. З яе маленькія чытачы даведаюцца, як правільна прывітацца і развітацца па-беларуску ў залежнасці ад часу дня, як адказаць на падзяку або папрасіць кагосьці нешта зрабіць, якія моўныя канструкцыі ўласцівы роднай мове, а якіх лепш пазбягаць. Выданне змяшчае цікавыя звесткі з гісторыі этыкету, а таксама займальныя заданні.

Аўтар кнігі кандыдат філалагічных навук дацэнт кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання факультэта журналістыкі БДУ Сяргей Зелянко расказаў, што ініцыятарам і ідэйным натхняльнікам серыі “Таямніцы беларускай мовы” выступіла загадчыца рэдакцыі літаратуры, мастацтва і культуралогіі выдавецтва Вольга Давідовіч. “Калі серыя задумвалася, то ставілася задача напісаць тэкст цікавы і зразумелы дзецям, — сказаў ён i прызнаўся, што яго галоўны крытык — старэйшая дачка. — Свайму дзіцяці хлусіць не будзеш, а калі ства­раеш неш­та для яго, то імкнешся зрабіць гэта найлепшым чынам. У “Этыкет па-беларуску” я ўключыў асабісты вопыт. Так, калі я быў малым, бабуля мяне прывучала, што калі ідзеш па вуліцы, колькі б разоў чалавека ні сустрэў, столькі з ім трэба павітацца, нават калі і 25 разоў сустрэнешся з ім. У беларусаў заўсёды былі цікавыя вітанні, яны зычылі адно аднаму дабра, гаворачы “добры дзень”, і здароўя — “здароў”.

Новая кніга мае выдатнае афармленне. Яна складаецца з 32 старонак, на якіх размешчаны наступныя раздзелы: “Як пра цябе чуюць, так аб табе і мяркуюць”, “Шануй людзей, і цябе пашану­юць”, “Як развітаешся, так потым і прывітаешся”, “Ласкавае слова што ясны дзень”, а таксама ўступныя і заключныя словы аўтара. “Кніга пра этыкет цікавая і тым, што прыводзіцца шмат інфармацыі, якую ў дзіцячым садку не даюць, — адзначыў Сяргей Зелянко. — Між іншым серыя “Таямніцы беларускай мовы” разнародная — і гэта добра, бо кожны знойдзе штосьці па сабе. Уся незразумелая тэрміналогія тлумачыцца, а дзеткі скіроўваюцца на імёны і прозвішчы, вядомыя ў беларускай навуцы”.

Выданне можа быць выкарыстана не толькі як дапаможны матэрыял настаўнікам на ўроках беларускай мовы, але і як дадатковы для малодшых школьнікаў пры падрыхтоўцы творчых заданняў. Дарэчы, кожная кніга серыі — своеасаблівы квест з карыснай інфармацыяй і займальнымі заданнямі. “У сучасных дзетак кліпавае мысленне. Яны не могуць канцэнтравацца на ўспрыманні вялікай колькасці інфармацыі, таму тут вельмі шмат малюнкаў, каб яны маглі візуальны рад суадносіць з тэкстам. Акрамя таго, мы ўключылі рэбусы, крыжаванкі, каб дзеці маглі суаднесці веды з кнігі са сваім вопытам”, — дадаў аўтар.

На прэзентацыю кнігі па моўным этыкеце завіталі студэнты факультэта журналістыкі БДУ і факультэта пачатковай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка. Адна з іх — другакурсніца Паліна Жук, якая ўпершыню даведалася аб серыі “Таямніцы беларускай мовы”. “Такі праект будзе карысны нам як будучым педагогам. Усе кнігі серыі вельмі цікавыя, іх можна выкарыстоўваць у будучай дзейнасці як дадатковы матэрыял, які дапаможа зацікавіць дзяцей вывучэннем беларускай мовы”, — падкрэсліла студэнтка.

Варта нагадаць, што серыя “Таямніцы беларускай мовы” была заснавана ў 2017 годзе. Раней у ёй выйшлі іншыя кнігі Сяргея Зелянко: “Знаёмыя незнаёмцы: сакрэты літар”, “Літары-пярэваратні: аканне — яканне”, “Сціслы аповед пра сціплы знак: націск”, “Словы родныя няродныя: запазычаная лексіка”, “Залацінкі народнай мудрасці: фразеалагізмы”. Усе выданні будуць цікавыя як дзецям, так і дарослым.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.