Медыякампетэнтны педагог — медыядасведчаны вучань

“Столькі ідэй накідалі! На ўвесь год працы хопіць!” — рэзюмавалі ўдзельнікі Рэспубліканскага фестывалю педагагічных ідэй “Медыяадукацыя ў сучаснай школе: вопыт, праблемы, перспектывы”, які праходзіў на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі 5—6 сакавіка. Мэта семінара — выяўленне і распаўсюджванне інавацыйных ідэй у сферы развіцця медыядасведчанасці, абмен педагагічным вопытам і пашырэнне прасторы прафесійных зносін — была дасягнута.

На працягу двух дзён у АПА працаваў шэраг майстар-класаў, удзельнікі якіх пазнаёміліся з вопытам медыяадукацыі ва Украіне, абмеркавалі праблемы пераемнасці (медыядасведчанасць у школе і ва ўніверсітэце) і прадставілі свой вопыт па навучанні адной з галоўных кампетэнцый сучаснага вучня. Як адзначыў М.І.Запрудскі, медыякампетэнтны педагог — медыядасведчаны вучань.

Свой майстар-клас настаўніца англійскай мовы Нясвіжскай гімназіі Наталля Катчанка назвала “Медыяпрадукт: ад успрымання — да стварэння”. Трэба адзначыць, што падрыхтавалася настаўніца грунтоўна і вяла сваіх калег вядомым шляхам — ад тэорыі да практыкі. Было шмат практыкаванняў, відэафрагментаў, гульняў, пераўвасабленняў. Акрамя таго, Наталля Уладзіміраўна структуравала медыякампетэнцыі вучняў па ступенях навучання.

Медыякампетэнцыі І ступені навучання ўключаюць:

– уменне карыстацца электроннымі і друкаванымі слоўнікамі;

– уменне карыстацца рэсурсамі школьнай бібліятэкі, самастойна выбіраць літаратуру і іншыя крыніцы;

– уменне дакладна фармуляваць запыт;

– разуменне таго, што інфармацыя з розных крыніц можа адрознівацца;

– разуменне сувязі паміж характарам паведамлення і адрасатам.

Для ІІ ступені характэрны:

– уменне праверыць інфармацыю і разуменне наступстваў ад выкарыстання неправеранай інфармацыі;

– уменне дакладна фармуляваць запыт і ажыццяўляць пошук;

– пісьменнае карыстанне інфармацыяй, правільнае афармленне прэзентацыі;

– актыўны ўдзел у інтэрнэт-суполках для абмену інфармацыяй, выказвання меркаванняў і вядзення дыскусій у розных сацсетках;

– уменне пераконваць іншых і знаходзіць аргументы, адстойваючы свой пункт гледжання, вылучаючы ключавыя моманты і падмацоўваючы іх прыкладамі;

– уменне калектыўна ствараць простыя тэксты і мультымедыйныя прэзентацыі з дапамогай інструментаў для работы ў інтэрнэце.

На ІІІ ступені навучэнцы:

– ведаюць, як распрацаваць эфектыўную стратэгію для пошуку інфармацыі;

– ствараюць інтэрнэт-суполкі, лічбавае асяроддзе;

– самастойна ствараюць сродкі інфармацыйных зносін (аўдыявізуальныя, мультымедыйныя), выкарыстоўваючы розныя жанры журналістыкі і медыя (вэб-сайт або блог, аматарскі фільм ці электронная газета);

– спакойна ставяцца да запісвання на плёнку свайго выступлення, ведаюць, як мова жэстаў і інтанацыя голасу ўплываюць на чалавека, і выкарыстоўваюць гэтыя веды;

– здольныя ствараць медыяпрэзентацыі на прафесійным узроўні;

– выкарыстоўваюць метады і сродкі для абароны асабістай інфармацыі. Прымаюць абгрунтаваныя рашэнні аб тым, варта ці не варта дзяліцца асабістай інфармацыяй і пра сваіх сяброў з улікам іх уяўленняў аб прыватнасці.

– пры неабходнасці забяспечваюць ананімнасць з дапамогай шэрагу інструментаў, такіх як рэжым прыватнасці, TOR, блакіроўка ookie-файлаў. Здольныя ідэнтыфікаваць спробу атакі ў медыяасяроддзі (мэтанакіраваны фішынг) і могуць абараніць сябе.

Тут хочацца вярнуцца да слоў М.І.Запрудскага і адзначыць, што Наталля Уладзіміраўна — медыякампетэнтны педагог. Яна не толькі дзялілася набытым вопытам. Яна ўсё прааналізавала і расклала па палічках. Напрыклад, перад тым як даць заданне калегам стварыць уласную рэкламу, настаўніца разам з імі зрабіла крытычны аналіз спосабаў маніпуляцыі ў гэтым медыйным прадукце. У рэкламе часта выкарыстоўваецца аркестроўка (паўтарэнне), падтасоўка (селекцыя), псеўданавуковасць (“брытанскія вучоныя даказалі, што…”), экспертнае меркаванне, негатыў пра канкурэнтаў (“хто не з намі, той супраць нас”) і інш.

Далей настаўніца спынілася на лексіцы рэкламы, якая характарызуецца словамі абагульняльнага характару (“усе”, “заўсёды”, “ніхто”, “ніколі”, “кожны”) і ацэначнага (“важны”, “добры”, “карысны”, “эфектыўны” і г.д.). Прывяла базавую структуру сюжэтных стэрэатыпаў у рэкламе: персанажы, значныя змены ў жыцці герояў, актуальная праблема, пошукі рашэння праблемы, рашэнне праблемы (вяртанне да стабільнага жыцця).

Удзельнікі майстар-класа, абапіраючыся на такі алгарытм, стваралі ўласныя медыйныя прадукты. Яны прыдумвалі рэкламы школьнай спартыўнай зале, школьным канікулам. Адна група зрабіла рэкламу прафесіі настаўніка. Атрымалася эфектна і вельмі эфектыўна.

* * *

Гэтак жа прайшоў майстар-клас намесніка дырэктара гімназіі № 1 Слоніма Тамары Ціханчук, якая расказвала пра квесты, якія таксама могуць быць сродкам фарміравання медыядасведчанасці вучняў. “У квестах удала спалучаюцца два аспекты: самастойны пошук, сістэматызацыя інфармацыі і адукацыйная гульня. У нашай установе мы ў асноўным самі распрацоўваем квесты і праводзім з вучнямі на ўроках, у шосты школьны дзень, у рамках прадметных дэкад, у аздараўленчых лагерах.

Магчымасць увядзення ў гульню разнастайных заданняў дазваляе не толькі вырашаць мноства інтэлектуальных і творчых задач, але і фарміраваць і развіваць уменні і навыкі пошуку неабходнай інфармацыі ў велізарным медыяпатоку, асэнсоўваць, аналізаваць паведамленні, што перадаюцца пры дапамозе медыя, выпрацоўваць уменні пераўтвараць інфармацыю, а таксама карыстацца рознымі крыніцамі інфармацыі, ствараць уласныя прадукты і інш.”, — адзначыла Тамара Анатольеўна.

Распрацоўка квестаў складаецца з некалькіх этапаў. Т.А.Ціханчук спынілася на кожным.

1 этап — вызначэнне тэмы гульні і праблемнай сітуацыі. У асноўным тэма звязана з тымі педагагічнымі задачамі, якія неабходна вырашыць у ходзе квеста.

2 этап — прадумванне заданняў і этапаў квеста. Тут, па словах намесніка дырэктара, варта прадумаць, якія заданні навучэнцы будуць выконваць, дзе яны будуць размяшчацца. Пры распрацоўцы гульняў-квестаў у гімназіі выкарыстоўваюць такія віды заданняў, як стварэнне прэзентацыі, плаката, аповеду, альбома, калекцыі, калажу, воблака тэгаў (слоў), дошкі аб’яў. Ідзе пошук, сістэматызацыя і пераўтварэнне інфармацыі, у ход ідуць галаваломкі, рэбусы, крыжаванкі розных відаў; віктарыны, класіфікацыі, храналогіі; аналіз аўдыявізуальных тэкстаў і выкананне заданняў да іх; практыкаванні-трэнінгі з наступным рашэннем задач; вызначэнне праўдзівасці і памылковасці інфармацыі; аналіз фатаграфій; складанне алгарытмаў, памятак і інш.

3 этап — падбор інфармацыйных крыніц, у тым ліку інтэрнэт-рэсурсаў. Загадзя падбіраецца і прапаноўваецца навучэнцам спіс спасылак на інтэрнэт-рэсурсы (назвы вэб-сайтаў па ўказаных адрасах і кароткай анатацыяй) і іншыя крыніцы. Такая падборка ствараецца для таго, каб дзеці вучыліся выкарыстоўваць атрыманую інфармацыю з практычнай мэтай.

4 этап — непасрэднае выкананне квеста. Навучэнцы праходзяць па маршруце, выконваюць заданні, атрымліваюць кодавыя словы, фразы, лічбы, адзнакі ў лістах, падказкі і г.д.

5 этап — прэзентацыя выніку. Прадстаўляюць выніковую фразу, дэвіз, творчую працу (у залежнасці ад задумкі квеста). Дарэчы, у гімназіі за 3 гады было праведзена больш за 15 гульняў-квестаў.

“Яшчэ адзін від квестаў, які апошнім часам мы сталі распрацоўваць, — гэта вэб-квесты. Вэб-квест у педагогіцы — праблемнае заданне c элементамі ролевай гульні, для выканання якога выкарыстоўваюцца інфармацыйныя рэсурсы інтэрнэту. Вэб-квест можа быць прызначаны як для групавой, так і для індывідуальнай работы. Для рэалізацыі вэб-квеста неабходны адкрыты выхад у інтэрнэт, аднак інтэрнэт дае як карысную, так і бескарысную і ў нейкай меры нават шкодную інфармацыю. Таму вучням неабходна дапамога, але дапамога не ў прадастаўленні гатовых рашэнняў для запамінання, а ва ўменні крытычна ставіцца да прапанаванай інфармацыі, самастойна яе аналізаваць. Настаўнік можа і павінен аказаць сваім вучням такую дапамогу.

З лістапада 2016 года пад кіраўніцтвам праграміста з Мінска Яраслава Ліхачэўскага, стваральніка праекта Shukaj.by, з дапамогай Skype-кансультацый навучэнцы 9 класа вучыліся распрацоўваць вэб-квесты. Адзін з іх — “Гісторыя Слоніма”, размешчаны на сайце Shukaj.by, — быў праведзены гімназістамі-распрацоўшчыкамі 25 лютага 2017 года ў рамках дзён навукі і культуры для навучэнцаў 7—9 класаў. У вэб-квесце прынялі ўдзел 7 каманд. Гэта кароткачасовы квест — заняў ва ўдзельнікаў ад 30 да 50 хвілін.

Легенда вэб-квеста: нядаўна пры будаўніцтве новага мікрараёна ў горадзе знойдзена старажытная рэліквія, якая прайшла ўсе этапы гісторыі нашага горада. Заданні былі разнастайныя: ад фізічных практыкаванняў (штурм крэпасці) — да галаваломак. Галоўная ўмова квеста — каб перайсці на новы ўзровень, трэба ўвесці кодавае слова, якое знойдзена ў ходзе выканання задання. Заданні былі размешчаны ў розных кабінетах гімназіі. Напрыклад, у час Вялікай Айчыннай вайны радысты Кузьма Гнедаш і Клара Давідзюк перахапілі зашыфраваны радыёсігнал аб рэліквіі, якая нас цікавіць. Частку гэтай шыфроўкі паказаў нам навуковец, які расказаў гэтую гісторыю. І само заданне: вывучыце код перахопленага паслання і расшыфруйце яго (меч у водаправодзе)”, — падзялілася Тамара Анатольеўна.

Яе прэзентацыя на майстар-класе таксама нагадвала квест: удзельнікам увесь час даводзілася выконваць нейкія заданні, разгадваць рэбусы і галаваломкі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.