Нядаўна ў грамадскім прэс-цэнтры абмяркоўвалася развіццё стартап-руху ў нашай краіне. Хэдлайнерам мерапрыемства стаў Дзмітрый Крупскі — начальнік упраўлення эканомікі інавацыйнай дзейнасці Міністэрства эканомікі. У сваім выступленні, а потым у адказах на пытанні журналістаў Дзмітрый Мар’янавіч расказаў, чаму “міжсезонне” — гэта час вялікіх магчымасцей і як праз 15—20 гадоў зменіцца наша краіна і свет. Прапаноўваем самае цікавае з яго выступлення.
У краіне ідзе фарміраванне крэатыўнага класа
Мы жывём у эпоху перамен. На нашых вачах ідзе пераход ад індустрыяльнай цывілізацыі да постіндустрыяльнай, і ў гэтых умовах рэзка ўзрастаюць патрабаванні да людзей, якія ствараюць бізнес. Асаблівасць у тым, што навука стала непасрэднай рухаючай сілай, і любы бізнес мае на ўвазе выкарыстанне вынікаў навукова-тэхнічнай дзейнасці і інавацый. Без інавацый ваш бізнес не будзе адрознівацца ад іншых, а значыць, вам не ўдасца адарвацца ад канкурэнтаў, і вы прайграеце.
На гэтым фоне ў нашай краіне 8 гадоў назад зарадзіўся і атрымаў значнае развіццё стартап-рух. Гэта ініцыятыўная дзейнасць грамадзян, за якой ад пачатку не стаяла ніякага дзяржаўнага органа ці грамадскай арганізацыі. Яна была падхоплена іншымі грамадзянамі і сёння набыла ўжо даволі яркае гучанне. Першы Minsk Invest Weekend адбыўся ў снежні 2009 года, а ў 2016 годзе было праведзена ўжо 375 мерапрыемстваў, у якіх прынялі ўдзел каля 20 тысяч чалавек.
Чаму важны стартап-рух? Як паказвае практыка, матэрыяльнай асновай постіндустрыяльнай цывілізацыі з’яўляецца эканоміка ведаў. Неад’емным элементам эканомікі ведаў выступае крэатыўны клас — супольнасць людзей, якія ствараюць новыя веды і забяспечваюць іх выкарыстанне ў грамадстве. Гэта даследчыкі і распрацоўшчыкі, вынаходнікі і рацыяналізатары, праграмісты і дызайнеры, маркетолагі і інавацыйныя прадпрымальнікі. У дадзеным кантэксце ўсе, хто ўдзельнічае ў стартап-мерапрыемствах, з’яўляюцца рэзервам у фарміраванні крэатыўнага класа краіны.
Сёння наш крэатыўны клас — гэта больш за 80 тысяч чалавек, з якіх 47 тысяч — праграмісты, 27 тысяч — даследчыкі і распрацоўшчыкі, астатнія — персанал высокатэхналагічнага сектара і суб’ектаў інавацыйнай інфраструктуры, якія ствараюць і забяспечваюць камерцыйнае выкарыстанне новых ведаў. Многа гэта ці не? Улічваючы, што ў нас амаль 4,4 млн чалавек занята ў эканоміцы, крэатыўны клас складае ўсяго 0,02% ад колькасці занятых. Безумоўна, гэта зусім нямнога. Крытычная велічыня, якая прывядзе да якасных зрухаў, будзе дасягнута тады, калі колькасць людзей, занятых у эканоміцы ведаў, дасягне 10%.
Стартап-рух дазваляе выявіць здольных да бізнесу людзей. Падкрэслю: сёння любы бізнес, нават калі гэта продажы, патрабуе адпаведных маркетынгавых інавацый. Проста прадаць, як гэта было, напрыклад, у 90-х гадах (адкрыў кіёск — вось ужо і бізнес), — не атрымліваецца. Інавацыі сталі відавочнай канкурэнтнай перавагай.
У гэтым кантэксце дзяржава зацікаўлена, каб стартап-рух развіваўся, і развіваўся маштабна, што зафіксавана ў некалькіх стратэгічна-праграмных дакументах.
Акно магчымасцей адкрываецца для ўсіх
Наша міністэрства ўсведамляе, што на цяперашняй тэхналагічнай базе развіццё эканомікі ўжо немагчыма. У краінах — лідарах тэхналагічнага развіцця 3 і 4 узроўні тэхнаўкладу памерлі і адышлі ў нябыт яшчэ ў 80-х гадах мінулага стагоддзя. Зараз мы вядзём работу па падрыхтоўцы атласа новай індустрыялізацыі, у межах якой будзе вызначаны набор інвестыцыйных праектаў і тых інавацыйных пляцовак, якія павінны з’явіцца ў краіне. Інавацыйныя пляцоўкі — гэта найперш універсітэты, пры якіх створаны тэхнапаркі. Кампаніі — рэзідэнты гэтых тэхнапаркаў будуць займацца камерцыялізацыяй універсітэцкіх распрацовак. На базе найбольш значных распрацовак могуць стварацца інавацыйныя прадпрыемствы па выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі.
І вось тут ключавую ролю адыгрывае стартап-рух, бо ў часы “міжсезоння” (калі індустрыяльная цывілізацыя дажывае апошнія дні, а постіндустрыяльная — толькі фарміруецца) носьбіты актуальных ведаў становяцца рухавікамі прагрэсу. Мы хочам, каб праз стартап-рух і інавацыйныя пляцоўкі ў нас з’явілася новая эліта.
Вядомы прыклад з гісторыі. У канцы ХVІІІ стагоддзя, пасля Вялікай французскай рэвалюцыі, ад гэтай рэвалюцыі ў ЗША ўцёк маркіз Дзюпон. Ён убачыў, што ў краіне прадаецца вельмі дрэнны порах. Выпісаў з Францыі хімікаў, якія палепшылі рэцэптуру. У выніку прадпрымальнік арганізаваў некалькі парахавых заводаў і ў 30-х гадах ХІХ стагоддзя стаў першым амерыканскім мільянерам.
Я гэта да таго, што зараз у нас падобная сітуацыя. Людзі, якія намацаюць новыя магчымасці выкарыстання той ці іншай тэхналогіі, складуць новы бізнес-клас. Безумоўна, уладальнікі капіталу таксама знойдуць для яго прымяненне, укладваючы ў перспектыўныя распрацоўкі. Аднак акно магчымасцей адкрываецца для ўсіх носьбітаў актуальных ведаў. А стартап-рух выступае тым ліфтам, які дапаможа ўзняцца найбольш актыўным і крэатыўным людзям.
Праз 10—15 гадоў свет радыкальна зменіцца
Сёння фармальная адукацыя ўжо не гарантуе кар’еру і значнае месца ў грамадстве. Усё гэта здабываецца праз самаадукацыю. Напрыклад, я двойчы на тыдзень на працягу 15 гадоў хаджу ў Нацыянальную бібліятэку і такім чынам стараюся падтрымліваць свой узровень канкурэнтаздольнасці (пры гэтым лічу, што трэба займацца самаадукацыяй яшчэ больш).
У тых людзей, якія ідуць за намі, у новага пакалення больш магчымасцей, бо ўжо збольшага вызначана поле дзейнасці. Няма сумнення, што наша будучыня — за адытыўнай вытворчасцю. Актыўнае развіццё 3D-друку прывядзе да таго, што любы прадпрымальнік зможа набыць некалькі 3D-прынтараў, устанавіць іх у аграгарадку і забяспечыць усе патрэбы жыхароў гэтага аграгарадка і навакольных вёсак у прадметах хатняга ўжытку, садовым інвентары і таварах штодзённага карыстання (акрамя некаторых прадуктаў харчавання). На практыцы гэта прывядзе да таго, што буйныя і сярэднія прадпрыемствы застануцца толькі ў галінах высокатэхналагічнага сектара, а ўсё астатняе будзе кардынальна перафармаціравана. І гэта стварае новыя магчымасці для інавацыйнага прадпрымальніцтва.
У нас сёння 85% прадпрыемстваў у галіне малога і сярэдняга бізнесу занята ў сферы паслуг, толькі 15% заняты ў сферы матэрыяльнай вытворчасці. Адытыўная вытворчасць радыкальна зменіць гэтыя суадносіны.
Будуць мяняцца і спосабы прасоўвання тавару. Сёння буйныя кампаніі ствараюць гандлёвыя дамы, фірменныя магазіны. Гэтага не будзе. З’явяцца краўдфандынгавыя платформы. Напрыклад, некалькі чалавек захацелі, каб ім вырабілі джынсы пэўнага памеру і фасону, і якая-небудзь кампанія пагаджаецца выканаць замову — значыць, джынсы будуць пашыты, нават калі фасон нязвыклы і экзатычны. Індывідуалізацыя попыту будзе надзвычайнай. Ніхто не будзе хадзіць у аднолькавых штанах.
Гучыць фантастычна, але, паверце, адытыўныя тэхналогіі (3D-прынтары, 3D-сканеры), інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі (краўдфандынгавыя платформы), крыптавалюты на працягу 10—15 гадоў радыкальна зменяць свет і гадоў праз 20 — нашу краіну. Гэта ўсё нагадвае тое, што адбывалася падчас прамысловай рэвалюцыі ў Англіі ў ХVІІІ стагоддзі. Усё, што зараз здаецца нам неймаверным, праз пэўны час стане будзённым. Ну хто думаў 20 гадоў назад, што ў нас усіх будзе мабільная сувязь? Хто думаў, што на кожным рабочым стале, дома і ў офісе, з’явяцца камп’ютары і многафункцыянальныя ўстройствы? А зараз гэта ўсё неад’емная частка жыцця. Праз стартап-рух мы прымнажаем магчымасці для таго пакалення, якое ўваходзіць у жыццё.
Першае, што павінен умець сучасны чалавек, — здабываць інфармацыю, працаваць з ёю і інтэрпрэтаваць яе, іншымі словамі — умець мысліць. А другое — умець камунікаваць: знаходзіць партнёраў і дамаўляцца.
“Універсітэт 3.0”: адукацыя, навука, прадпрымальніцтва
Мадэль “Універсітэт 3.0” мае на ўвазе, што да класічных функцый універсітэта — адукацыйнай і навуковай — дадаецца прадпрымальніцтва.
Ва ўмовах трансфармацыі сучаснай цывілізацыі ўніверсітэты ўжо на стадыі падрыхтоўкі спецыялістаў павінны прывіваць ім прадпрымальніцкае мысленне. Сёння ўсе ідуць па шляху аптымізацыі, і кожны работадавец хоча бачыць у сваім работніку не вузкага спецыяліста, а чалавека, які шматфункцыянальны. Не “падносчыка снарадаў”, а арганізатара, які можа генерыраваць ідэі, здольныя прынесці прыбытак кампаніі.
Таму “Універсітэт 3.0” падразумявае стварэнне тэхнапарка, лабараторый, аснашчаных 3D-прынтарамі, 3D-сканерамі і іншым неабходным абсталяваннем, развіццё стартап-руху. А ўвогуле гаворка ідзе пра перабудову адукацыйнага працэсу з арыентацыяй на выпрацоўку прадпрымальніцкага мыслення.
Цікавае назіранне
Зараз уступае ў жыццё пакаленне, якое нарадзілася ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў. Ёсць пэўныя асаблівасці ў плане светапогляду і каштоўнасцей гэтага пакалення. Многія ўжо забылі, як цяжка жылося ў той час, але паколькі наша дзяржава праводзіла тады актыўную сацыяльную палітыку, быў распрацаваны інструментарый падтрымкі сем’яў з дзецьмі, сёння мы назіраем адпаведны вынік. Беларускія дзеці 1990-х — пачатку 2000-х гадоў не галадалі і не вялі барацьбу за выжыванне, таму сёння іх патрэбы больш высокага ўзроўню, чым базавы. Я бываў у іншых краінах былога СССР і магу сказаць, што каштоўнасныя арыентацыі пакалення 90-х, якое вырасла ў нас і там, вельмі моцна адрозніваюцца: у моладзі краін-суседак патрэбы больш прыземленыя. Нідзе на постсавецкай прасторы няма такога шырокага стартап-руху, як у Беларусі, бо прадпрымальніцтва — гэта, па сутнасці, від сацыяльнай творчасці.
Галіна СІДАРОВІЧ.